13.09.2026

Самае нацыянальнае свята адзначылі ў аграгарадку Цырын. Яно прысвечана бульбе, без якой нельга ўявіць сабе ніводнага беларуса. Кожны год свята адзначаюць з размахам, бо бульба — гэта сімвал дастатку, цяпла і хатняга ачага.

Штогод жыхары і госці цырынскай зямлі чакаюць свята бульбы. Нягледзячы на нестабільнае надвор’е і моцны вецер, святочная пляцоўка была поўная людзей. Кафэ «Дранікі», вырабы з бульбы «Бульбяны шэдэўр», народныя майстры, бяспройгрышная латэрэя, выстава бульбы «Бульбяны рай», гульнёвыя пляцоўкі — кожны знайшоў сабе занятак па душы.

Зварочваючыся да гледачоў, намеснік дырэктара ДП «Лукі-Агра» па ідэалагічнай рабоце Алена Панько сказала:

— Паважаныя жыхары і госці аграгарадка Цырын! Мы рады вітаць вас на самым смачным, самым сытным, самым вясёлым і самым народным свяце бульбы. Нездарма ў народзе кажуць: бульба ды каша — ежа наша. Калі каша — гэта проста сняданак, то бульба — гэта  другі хлеб, без якога немагчыма ўявіць не адзін святочны стол, не адзін сямейны абед. Сёння мы праслаўляем гэту агародніну, якую некалі прывезлі з-за акіяна, і цяпер яна стала для нас роднай. Няхай гэтае свята падорыць усім вам цудоўны настрой і ўсмешкі.

На мерапрыемстве можна было паспрабаваць шмат цікавых страў з бульбы, напрыклад, бульбяную піцу.

— Гэта вельмі простая страва, якую зможа прыгатаваць кожная гаспадыня, — расказвае жыхарка вёскі Аканавічы Алена Чэчат. — Для прыгатавання патрэбна бульба, яйкі, мука, каўбаса, памідоры, сыр. Бульбу трэба надзерці на вялікую тарку, туды дабавіць муку і яйка, канешне, пасаліць і перамяшаць, выкласці на патэльню. Пячы патрэбна на сярэднім агні 5-7 хвілін, пасля перавярнуць, зверху пакласці начынне: каўбасу, грыбы і гэдак далей. Усё гэта пасыпаць сырам, які таксама надраны на тарцы. Накрыць крышкай і чакаць, пакуль сыр не расплавіцца. Піца гатова.

У час свята гледачы даведаліся шмат цікавых фактаў пра бульбу. Напрыклад, што ў Бельгіі ў горадзе Бруселі ёсць музей бульбы. Ці што на Саламонавых астравах бульба выкарыстоўваецца ў якасці валюты.

На гульнёвай праграме «Бульбяныя выкрунтасы» ад работнікаў Лукскага Дома культуры бульба прадстала ў якасці гульнёвага рэквізіту.

Свой святочны настрой гледачам дарылі народны ансамбль народнай музыкі і песні «Цырынскія музыкі» і творчы калектыў з Іўеўскага раёна.

Свята стала прамым доказам таго, што бульба — гэта не толькі караняплод, з якога мы гатуем стравы і ўжываем у ежу, але і матэрыял для падзелак, гульнёвы рэквізіт, сапраўдная каралева стала і ганаровы госць участка кожнага чалавека.  Нездарма беларусаў клічуць бульбашамі, а бульбашы ўмеюць весяліцца ад душы.

Источник: https://polymia.by/dosug/svyata-bulby-adznachyli-%d1%9e-czyryne/

Translate »