11.04.2025

Святы любяць і чакаюць. Да іх рыхтуюцца — і яны праходзяць на высокім узроўні. Так было і ў гэты раз, яно было асаблівае: «Полымя» сабрала сяброў, якія падтрымліваюць з ёй творчыя, партнёрскія і дзелавыя сувязі. Нам, газетчыкам, яно падарыла шмат радасных хвілін. Хаця ў тым, што раённая газета стала любімай і жаданай у дамах карэліччан, заслуга многіх яе прыхільнікаў.

Любімай раёнцы — 80. Сапраўды, як тут не ўспомніць пра гісторыю выдання і ветэранаў працы? Яны былі побач у гэты святочны дзень і дзяліліся сваімі ўспамінамі і поглядамі на жыццё. Журналістам-ветэранам ёсць аб чым расказаць: яны заўсёды былі і засталіся ў курсе падзей у краіне і раёне. На працягу шматлікіх гадоў іх слова служыла і служыць людзям і нясе надзею ў заўтрашні дзень. Сёння іх багаты вопыт патрэбны маладому пакаленню. На свяце яны вялі шчырую і адкрытую размову, ім было што ўспомніць і выклікаць цікавасць у гасцей.

У дзень юбілею раённай газеты «Полымя» сустрэліся намеснік галоўнага рэдактара газеты «СБ. Беларусь сегодня» Міхаіл Кучко і студэнтка факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта Яна Філончык, якія кожны ў свой час пачыналі ў раёнцы. На сённяшні дзень вядомы ў рэспубліцы журналіст першыя гады працы аддаў Карэліцкай раённай газеце «Полымя». Былая вучаніца дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І . Сташэўскай» напісала першыя артыкулы, якія былі змешчаны ў газеце і на сайце. Прадстаўнікоў розных пакаленняў звёў шчаслівы выпадак: 80- гадовы юбілей раёнкі. Ён быў падобны феерверку: ускалыхнуў сэрцы прысутных, вярнуў у мінулае і падарыў шчаслівыя хвіліны сустрэчы.
Аказваецца, святла ў «Полымя» хапае на ўсіх. Сёння з удзячнасцю успамінаем ветэранаў працы Івана Шлыка, Станіслава Луку, Леаніда Лейку, Ніну Захарчук, Лідзію Луку, Марыну Худобу, Таісу Бінько, Міхаіла Парфёнку і ўсіх тых, хто аддаў працы ў раёнцы свае веды, талент і сэрца.

На ўрачыстасць завіталі і сацыяльныя партнёры. Ну, скажыце, чаго б мы былі варты без іх падтрымкі? Пра якую б ні пісалі галіну раёна: адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, сельскай гаспадаркі і іншыя — заўсёды адчуваем узаемаразуменне і дапамогу нашых надзейных сяброў. Мы разам трымаем руку на пульсе сённяшняга жыцця, дзякуючы гэтаму чытачы могуць атрымаць цікавую і карысную інфармацыю. Іх прадстаўнікі прыйшлі на наша агульнае свята, каб раздзяліць радасць сустрэчы. У чарговы раз хочацца выказаць словы ўдзячнасці начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Ірыне Асташэвіч, галоўнаму ўрачу ўстановы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» Дануце Скварадзе, дырэктару дзяржаўнай установы «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна» Інэсе Сямібратавай, старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірыне Пянькоўскай і ўсім нашым сацыяльным партнёрам.
На працягу шматлікіх гадоў творчую сувязь з «Полымя» падтрымліваюць пазаштатныя аўтары. Яны прыносяць і дасылаюць свае артыкулы і вершы, узнімаюць хвалюючыя пытанні, пішуць аб людзях Карэліччыны. Любяць чытачы і літаратурную старонку «Рэчанька», дзе змяшчаюцца вершы мясцовых аўтараў. Літаб’яднаннем пры раённай газеце «Полымя» кіруе Галіна Калтунова. Да таго ж, Галіна Паўлаўна з’яўляецца аўтарам шматлікіх нарысаў аб людзях Карэліцкага краю. На свяце кіраўнік літаб’яднання Галіна Калтунова і мясцовая паэтка Марыя Палуян падзяліліся сваімі думкамі і прачыталі вершы.
Як паказала свята, цікавасць да раённай газеты «Полымя» праяўляюць і прадстаўнікі мясцовай улады. На ўрачыстасці многія супрацоўнікі раённай газеты «Полымя» атрымалі ўзнагароды. Гэта прызнанне нашай штодзённай працы, якую выконваем з пачуццём вялікай адказнасці і вялікай любоўю. Вось толькі ў гэтым заслуга ўсіх нашых сяброў.

Выказваем словы падзякі мясцовай уладзе: старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзію Шатуеву, яго намесніку Яўгену Чычкану, старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Шкадаву, начальніку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзію Карпаленку, якія падтрымлімаюць штодзённа ў асвятленні актуальных пытанняў на старонках раённай газеты «Полымя» і з нагоды 80-годдзя выдання падзялілі радасць свята.

Напрыканцы хочацца выказаць словы прызнання работнікам культуры, якія ладзілі гэтае свята. Прагучала шмат пранікнёных слоў і цудоўных мелодый, за што гаворым ім: «Шчыры дзякуй!» Як і работнікам Карэліцкага раённага краязнаўчага музея, якія арганізавалі выставу да 80-годдзя раённай газеты «Полымя».

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА

Translate »