29.12.2024

Традыцыйна напярэдадні навагодніх святаў на сцэне Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці выступаюць людзі, якіх рэдка можна ўбачыць у якасці спевакоў. У шоў-праграме “Дзве зоркі” спяваюць усе! Толькі тут на адной сцэне выступаюць прафесіянальныя выканаўцы і аматары, у якіх да спеваў ляжыць душа, але працуюць яны на другой пасадзе.

Сёлета карэліцкія зоркі выконвалі песні з любімых савецкіх, расійскіх і беларускіх кіна- і  мультфільмаў. Са сцэны прагучалі ўсім вядомыя хіты “Если б я был султан” з камедыі Леаніда Гайдая “Каўказская пленніца, або Новыя прыгоды Шурыка”, “Звенит январская вьюга” з кінафільма Гайдая “Іван Васільевіч мяняе прафесію” і іншыя песні, словы якіх кожны ведае на памяць.

Шоў “Дзве зоркі” — конкурс, а ў любым конкурсе ёсць удзельнікі і тыя, хто будзе ацэньваць удзельнікаў, — члены журы. Сёлета ў ролі суддзяў — першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько, загадчык сектара культуры Карэліцкага райвыканкама Наталля Шпакоўская, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Карэліцкага райвыканкама Святлана Вадап’ян, былы настаўнік па класе харэаграфіі ДУА “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў” Ірэна Бяляк і пераможца шоў-конкурсу “Дзве зоркі-2022” Наталля Саўко. Таксама адна з пар прэтэндавала на прыз глядацкіх сімпатый — гледачам раздавалі спецыяльныя бланкі, на якіх неабходна было пазначыць пару, якая ім спадабалася.

Перад пачаткам шоў гледачам паказалі жартоўнае відэа, дзе кожны ўдзельнік праграмы расказаў, якім ён бачыць свайго партнёра, і чым, на яго думку, займаецца яго парнёр на працы. Таксама быў праведзены жартаўлівы інтэрактыў з гледачамі, у якім двое выпадкова выбраных чалавека з залы расказалі пра сябе.

На скрыжаванні сямі дарог

Самая складаная місія — першымі выйсці на сцэну, — дасталася дырэктару Цэнтра банкаўскіх паслуг № 411 ААТ “АЗБ Беларусбанк” Вользе Марцуце і гукарэжысёру філіяла Жухавіцкі Дом культуры Аляксандру Ліхуце. Кранальны вечны хіт гурта “Машына часу” “Перекресток” крануў струны душы кожнага гледача, а яркія вобразы выканаўцаў і гісторыя выпадковай сустрэчы, паказаная на сцэне, дапоўнілі выступленне. Аўтар гэтай песні Андрэй Макарэвіч прызнаваўся, што працуючы над саўндтрэкам фільма, “зрабіў немагчымае — напісаў пяць песень за месяц”. У фільме песню выканаў другі спявак, лідар гурта “Міфы” Юрый Ільчанка.

Вальс над зямлёю плыве

У фільме рэжысёраў Юрыя Саакава і Юрыя Цвяткова “Гэта вясёлая планета” пазбаўленыя пачуццяў іншапланецяне, пранікнуўшыся духам “незразумелага зямнога свята”, вучацца адчуваць, плакаць і кахаць. Карэліччанам пачуцці не чужыя, а песня кампазітара Давіда Тухманава “Белый танец” з гэтага кінафільма ў выкананні тэхніка-тэхнолага ААТ “Карэлічы-Лён” Святланы Скок і загадчыка філіяла Баранавіцкі сельскі клуб-бібліятэка Юрыя Сенькі яшчэ раз нагадала нам аб тым, што прыгожы танец — лепшы спосаб дэманстрацыі пачуццяў. На сцэне кружыліся ў вальсе пары, у цэнтры танчылі Святлана і Юрый. Прыгожы нумар цудоўнай песні.

Складанае султанскае жыццё

Кожны памятае яркую, вясёлую і каларытную камедыю Леаніда Гайдая “Каўказская пленніца, або Новыя прыгоды Шурыка”. Многія фразы з гэтай стужкі сталі крылатымі выразамі, а песні ведаюць і любяць людзі розных узростаў. Каларытные трыа Трус, Бывалы і Балбес у выкананні акцёраў Віцына, Нікуліна і Маргунова настолькі спадабалася гледачам, што іх намалявалі нават у мультфільме “Брэменскія музыкі”. Наступная зорная пара — намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДП “Лукі-Агра” Алена Панько і метадыст філіяла Карэліцкі маладзёжны Цэнтр культуры Максім Кудзін расказалі пра нялёгкае жыццё султана, выканаўшы песню з гэтага фільма “Если б я был султан”.

Увесь свет у нашых руках

Дарэчы, усе песні, выкананыя ў мультфільме “Брэменскія музыкі”, праспявалі трое спевакоў: Эльміра Жэрздзева выканала ролю Прынцэсы, Анатолій Гарохаў і вакальны ансамбль адыгралі ролі Асла, разбойнікаў і каралеўскай аховы, а ўсім астатнім героям падарыў свой голас Алег Анофрыеў. У песні “Мы к вам заехали на час”, з якой калектыў Брэменскіх музыкаў прыехаў выступаць каля каралеўскага палаца, Алег Андрэевіч спяваў за чатырох персанажаў — Трубадура, Пеўня, Ката і Сабаку. Менавіта гэтую песню выканалі першы намеснік начальніка Карэліцкага РАНС Сяргей Бунчук і культарганізатар філіяла Жухавіцкі Дом культуры, пераўвасобіўшыся ў музыкаў вядомага гурта “KISS”.

Вечнае каханне…

Няма, мабыць, на свеце паэта, які б не прысвяціў твор гэтаму чароўнаму пачуццю. Яно злучала сэрцы ва ўсе часы, незалежна ад таго, у якіх абставінах яны б не сустрэліся. Кахалі адзін аднаго людзі і ў трагічныя гады Вялікай Айчыннай вайны. Каханне савецкага разведчыка Андрэя Барадзіна і францужанскі Мары Луні — адна з тэм, узнятых у савецка-французска-швейцарскім фільме “Тэгеран-43”. Галоўную тэму фільма “Вечная любовь” выканалі галоўны бухгалтар КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Юлія Трот і хормайстар філіяла Турэцкі Дом культуры Аляксандр Чарапанаў. У пары атрымаўся сапраўды напоўнены пяшчотай і каханнем нумар.

Кажуць, што мы бякі-букі

Ролю каларытнай Атаманшы з “Брэменскіх музыкаў” таксама выканаў Алег Ануфрыеў. А знешнасць і характар самай знакамітай разбойніцы СССР падарылі дзве знакамітыя жанчыны: пластыка і рухі былі пазычаны ў Заслужанай артысткі РСФСР Тамары Вішнёвай, якая любіла танчыць на бочцы. А паводзіны і манеры гутаркі спісалі з Народнай артысткі СССР Фаіны Ранеўскай. Песню Атаманшы выканалі першы сакратар Карэліцкага РК ГА “БРСМ” Таццяна Шэўчык і кіраўнік народнага ансамбля “Вечарынка” філіяла Жухавіцкі Дом культуры Аляксандр Колб. Нумар так спадабаўся гледачам, што разбойніка ў выкананні Аляксандра не хацелі пускаць за кулісы.

Зоркі імчацца па крузе

Месца каханню знайшлося і ў навукова-фантастычнай камедыі Леаніда Гайдая “Іван Васільевіч мяняе прафесію”. Няма неабходнасці нагадваць сюжэт стужкі: у многіх сем’ях прагляд гэтага класічнага фільма лічыцца навагодняй традыцыяй, нягледзячы на тое, што сюжэт адбываецца летам. А песні з гэтай камедыі ўвайшлі ў фонд залатых навагодніх хітоў. Адну з самых вядомых кампазіцый фільма “Звенит январская вьюга” выканалі намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан і хормайстар ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” Алеся Рачынская. Дарэчы, першапачаткова песню запісала Сафія Ратару, аднак яе сур’ёзная і пранікнёная манера выканання не падыходзілі да кінакамедыі, таму песню перазапісалі ў выкананні Ніны Бродскай. У выканаўцаў атрымалася стварыць сапраўды фантастычную атмасферу на сцэне.

Конкурсная частка праграмы скончылася, члены журы накіраваліся падводзіць вынікі, а для гледачоў выступіў дуэт “Двое”. Са сцэны прагучалі любімыя і ўсім вядомыя песні, якія зала спявала разам з выканаўцамі.

І вось хвалюючы момант. Пад гучныя авацыі на сцэну выйшлі члены журы.

— Сёння ўсе пары падарылі нам буру эмоцый, — адзначыў Яўгеній Бусько. — Дзякуй усім удзельнікам за тое, што змаглі праявіць сябе з іншага боку, раскрылі перад намі свае таленты.

 

Дыпломам у намінацыі “Пяшчота” ўзнагародзілі зорную пару Вольгі Марцуты і Аляксандра Ліхуты. Дыплом за самы рамантычны нумар атрымалі Святлана Скок і Юрый Сенька. Лепшым вакальным дуэтам прызналі пару Юліі Трот і Аляксандра Чарапанава. Дыпломам у намінацыі “Точь в точь” узнагародзілі Алену Панькову і Максіма Кудзіна. Трэцяе месца заняла пара Таццяны Шэўчык і Аляксандра Калба. Другое месца прысудзілі Яўгену Чычкану і Алесі Рачынскай. Пераможцамі шоў-праграмы “Дзве зоркі-2024” сталі Сяргей Бунчук і Кацярына Жамойда. Гледачы аддалі перавагу пары Святланы Скок і Юрыя Сенькі.

 

 

— Калі выходзіла на сцэну, адчувала невялікае хваляванне, але настроілася і пастаралася зрабіць усё як мага лепей, — расказала пасля шоў Святлана Скок. — Мы штодзень наведвалі рэпетыцыі, дзе займаліся не толькі вакалам, але і пастаноўкай харэаграфіі пад кіраўніцтвам Ірэны Бяляк, якая навучыла рухацца па сцэне. Ужо пасля таго, як усё закончылася, атрымала такі зарад адрэналіну, столькі эмоцый, якія нават цяжка апісаць

— Усё, што намі было запланавана, атрымалася, — ацэньвае сваё вступленне Юрый Сенька. — Мы пастараліся зрабіць усё магчымае, каб наш нумар спадабаўся гледачам.

— Калі даведалася, што атрымалі прыз глядацкіх сімпатый, адчула яшчэ адзін прыліў адрэналіну, — дадае Святлана. — Дзякуй усім, хто ацаніў наш нумар і галасаваў за нас.

— Усё атрымалася дзякуючы настаўніку Кацярыне і работнікам Жухавіцкага Дома культуры, — расказаў Сяргей Бунчук. — Для мяне, напэўна, увайсці ў дом, які гарыць, складаней, чым выйсці на сцэну да гледача. На рэпетыцыях усё здавалася доўгім, зацягнутым, але перад залай выступленне прайшло вельмі хутка. Занавес апусціўся і падумалася “Няўжо ўсё? Калі мы паспелі выступіць?”

— Атрымалася ўсё, што запланавалі, — сказала Кацярына Жамойда. — Мы ставілі перад сабой мэту ўзрушыць залу, і ў канцы нумара я зразумела, што ў нас гэта атрымалася. А выступленне сапраўды прайшло незаўважна хутка. Удыхнула-выйшла на сцэну-выдахнула. Калі даведалася, што занялі першае месца, нават каленкі падкасіліся.

— Пра месцы нават не думалі, — расказаў Сяргей Бунчук. — Хацелася выступіць так, каб спадабалася гледачам, здзівіць усіх.

По материалам газеты «Полымя»

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара

Translate »