04.07.2025

Сёлета ўсебеларуская патрыятычная акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!», прысвечаная Дню Канстытуцыі, стартавала 10 сакавіка. 14 сакавіка,  напярэдадні дзяржаўнага свята, Дня Канстытуцыі,  у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла  ўрачыстая  цырымонія ўручэння пашпартоў. Галоўнымі героямі ўрачыстасці сталі 14-гадовыя юнакі і дзяўчаты – прадстаўнікі розных куткоў Карэліччыны.

Дзень Канстытуцыі ў Беларусі штогод адзначаецца 15 сакавіка як дзяржаўнае свята. Асноўны закон краіны вызначае асновы дзяржаўнай улады і грамадскага жыцця, гарантуе асноўныя правы і свабоды грамадзян, вызначае асновы дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, а таксама з’яўляецца важным фактарам для фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці і нацыянальнай самабытнасці беларусаў. Патрыятычная ініцыятыва была прапанавана БРСМ у 2004 годзе. За гэтыя гады яна набыла шырокую папулярнасць сярод моладзі і па праве лічыцца адной з важных традыцый нашай краіны. Урачыстае ўручэнне нацыянальных пашпартоў падлеткам падкрэслівае іх пераход у дарослае жыццё, дазваляе яшчэ лепш усвядоміць, што цяпер яны сталі паўнапраўнымі грамадзянамі Беларусі, адказнымі перад ёй і яе законамі.

Са словамі віншавання з нагоды Дня Канстытуцыі да прысутных звярнуўся  старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей: –    Паважаныя прысутныя! Прыміце шчырыя віншаванні напярэдадні асаблівага, значнага для кожнага, хто шчыра любіць сваю Радзіму, дня – Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь! Менавіта гэты дакумент заклаў трывалы прававы падмурак незалежнасці, рэалізаваў імкненне беларускага народа быць паўнапраўнымі гаспадарамі на роднай зямлі. А замацаваныя ў Законе каштоўнасці, такія як сацыяльная справядлівасць, традыцыйная сям’я, гістарычная праўда, з’яўляюцца для нас вернымі арыенцірамі, якія дапамагаюць пераадольваць сучасныя выклікі і ўпэўнена глядзець у будучыню. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь увасабляе ў сабе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, азначае новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Яна грунтуецца на неад’емным суверэнным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб’ектам сусветнай супольнасці. Галоўны Закон гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, годнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы.

Больш чым за тры дзясяткі гадоў мы, дзякуючы канстытуцыйным прынцыпам, выбудавалі такую дзяржаву і грамадства, у якім кожны адчувае сябе грамадзянінам і нясе адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне. Няўхільнае прытрымліванне палажэнням Канстытуцыі – гэта заклад стабільнага развіцця дзяржавы, прафесійных, інтэлектуальных, спартыўных і творчых поспехаў. Выконваць галоўны Закон краіны і ўмацоўваць дзяржаўнасць – патрыятычны абавязак кожнага з нас. Няхай Дзень Канстытуцыі будзе для ўсіх нас днём гонару за сваю Айчыну! Напрыканцы сваёй прамовы Андрэй Валер’евіч,  звярнуўшыся да юнакоў і дзяўчат,  выказаў перакананне, што яны, маладыя, мэтанакіраваныя, энергічныя, абавязкова ўнясуць свой важкі ўклад у далейшае паспяховае ўмацаванне краіны, будуць памятаць і шанаваць сваю гісторыю, берагчы законы, будуць справядлівымі і сумленнымі ў сваіх думках і ўчынках. А таксама выказаў упэўненасць, што разам мы зробім усё для дабрабыту і працвітання  раёна, вобласці, краіны.  Пажадаў поспехаў, добрага здароўя і шчасця, новых дасягненняў, міру і згоды. Кіраўнік раёна ўручыў  пашпарты і падарункавыя выданні “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”  дзесяці навучэнцам устаноў адукацыі раёна.

Ва ўрачыстай цырымоніі прыняла ўдзел першы сакратар Карэліцкага раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Таццяна  Шэўчык.  У сваім звароце да моладзі  яна адзначыла, што маладыя людзі – гэта рухаючая сіла дзяржавы, і іх удзел у грамадскім жыцці краіны адыгрывае ключавую ролю ў фарміраванні нацыянальнай будучыні. — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — гэта аснова нашай дзяржавы, адлюстраванне гістарычнага выбару беларускага народа, зробленага на карысць суверэнітэту, сапраўднай дэмакратыі і духоўна-маральных каштоўнасцяў. Маладое пакаленне — гэта тая сіла, якая павінна не толькі захоўваць пераемнасць традыцый, але і фарміраваць будучыню нашай краіны, Першы сакратар   уручыла   39 юнакам і дзяўчатам   білеты і значкі БРСМ.

 

Атмасфера падчас урачыстасці панавала святочная. На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі  патрыятычныя песні ў выкананні артыстаў раёна.   Трымаючы ў руках свой доўгачаканы і такі важны дакумент, юныя жыхары рэгіёна адчувалі аднолькавыя эмоцыі — лёгкае хваляванне, гонар, і, вядома, адказнасць за будучыню сваёй роднай дзяржавы. Рабяты падзяліліся, што для іх гэта сапраўды адна з самых важных у жыцці падзей, успаміны пра якую яшчэ доўга будуць грэць сэрца.

 

Источник: https://www.polymia.by/glavnoe/633/v-korelicax-sostoialos-torzestvennoe-meropriiatie-priurocennoe-ko-dniu-konstitucii

Translate »