18.05.2025

Гэтымі днямі ў нашай краіне праходзіць акцыя ”Беларусь – за здаровую сям’ю і традыцыйныя сямейныя каштоўнасці». У яе рамках  15 мая, калі   ў краіне адзначаецца Міжнародны Дзень сям’і,  у ДУ  “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  Карэліцкага раёна” адбылося святочнае мерапрыемства “Сям’я – тэрыторыя любові”.

Ганаровымі гасцямі  сталі старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей,  старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей  Гаўрош,  начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш, настаяцель Храма святых апосталаў Пятра і Паўла г. п. Карэлічы іерэй Ігар Пірог, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава. На сустэчу запрошаны  сем’і Слінько, Чартко, Шышкір, Комар, Маліноўскіх і Рамановіч з розных куткоў нашага раёна, але усіх іх аб’яднала адно – любоў да дзяцей.

Са словамі віншавання да прысутных звярнуўся кіраўнік раёна Андрэй Гардзей, які адзначыў,  што сям’я  –  гэта месца, дзе кожны адчувае падтрымку адзін аднаго. Важная роля ў ёй адводзіцца маці. Яна клапоціцца пра дзяцей, акружае іх дабрынёй і ласкай — гуртуе родных людзей.  Найважнейшая задача сям’і –  гэта выхаванне дзяцей, перадача ім культурных, маральных і этычных каштоўнасцяў. Гэта фармуе грамадзян, здольных актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства і дзяржавы. Згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №182 ад 6 мая 2025г. ордэнам Маці за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей узнагароджана Слінько Кацярына Васільеўна. Старшыня  Андрэй Валер’евіч урачыста ўручыў Кацярыне Васільеўне высокую ўзнагароду, ордэн Маці.

Самая важная і складаная ў свеце прафесія — быць мамай. Гэта праца 24/7, на якой няма адпачынкаў і бальнічных. І разам з тым гэту працу жанчыны бязмежна шануюць і цэняць кожнае імгненне, праведзенае побач з дзецьмі.

—    Мала мамай стаць, ёю трэба быць, — іменна такімі словамі пачала зносіны з карэспандэнтам газеты “Полымя” шматдзетная маці. —  Для мяне асабіста  мацярынства — гэта нешта чароўнае, вельмі дарагое, гэта 5 сэрцаў, якія ходзяць побач са мной.  А яшчэ  — гэта няпростая маральная і фізічная праца, бо дзяцей недастаткова проста нарадзіць.  Каб падняць на ногі, іх трэба ўсебакова развіваць, пастаянна з імі займацца,  быць для іх сябрам, мудрым выхавальнікам, настаўнікам, надзейнай падтрымкай і апорай.  Узнагароджанне ордэнам Маці жанчына расцэньвае як знак павагі і падзякі ад дзяржавы. Але і сама  шматдзетная мама не скупіцца на ўдзячныя словы ў адрас кіраўніцтва Беларусі. — Вельмі важна, што наша дзяржава пастаянна звяртае ўвагу на шматдзетных маці, стараецца падтрымаць і дапамагчы  ў самых розных пытаннях, — адзначае Кацярына Васільеўна. —  Ордэн Маці — гэта знак таго, што мацярынства цэніцца як вельмі важны аспект для развіцця краіны і шматдзетныя сем’і сёння ў пашане. Вельмі прыемнае пачуццё, што  твая штодзённая праца ацэнена на самым высокім узроўні. Пра важнасць захавання сямейных каштоўнасцяў і гармоніі ў адносінах паміж мужам і жонкай у сваім звароце да прысутных выказаўся Ігар Пірог.

Словы віншавання са святам, шчырыя словы падзякі за выхаванне сапраўдных грамадзян нашай краіны адрасавалі  ўсе  госці мерапрыемства.  Запрошаныя на мерапрыемства бацькі ў сваю чаргу дзяліліся з прысутнымі сакрэтамі доўгага шчаслівага  сумеснага жыцця ў каханні і згодзе,  вопытам прывучвання дзяцей да стваральнай працы і хатніх спраў з малых гадоў і  простай радасцю шчаслівай вялікай сям’і.

З імправізаванай сцэны глядзельнай залы Цэнтра былі выказаны словы ўдзячнасці спонсарам сустрэчы: Карэліцкаму раённаму выканаўчаму камітэту, раённай арганізацыяи грамадскага аб’яднання “БСЖ”,  прафсаюзным камітэтам СВК “Свіцязянка-2003”, “Маяк-Заполле”,  “Жухавічы” і ДП «Чарняхоўскі-Агра», ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна”.

Хто ж, як не прадстаўнікі сферы культуры раёна, будучыя артысты з ліку навучэнцаў могуць стварыць усім цудоўны настрой! Выдатныя канцэртныя нумары сталі агульным незабыўным падарункам для ўсіх удзельнікаў.

Источник: https://www.polymia.by/vse-novosti/1757/semi-zivushhie-v-mire-i-soglasii-cestvovali-v-korelicax

Translate »