Хор ветэранаў працы Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці радуе жыхароў Карэліцкага краю сваімі песнямі і дорыць добры настрой слухачам за межамі раёна. Як гэта ім удаецца, што натхняе, якімі жывуць думкамі, журналіст раённай газеты «Полымя» пацікавілася ў Тамары Пятроўны Пякарскай, Галіны Пятроўны Кузьміч і Неанілы Яўгеньеўны Мірачыцкай.
— Як даўно вы наведваеце хор ветэранаў працы Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці?
Тамара: «Каля дзесяці гадоў. Змяняліся яго кіраўнікі, прыходзілі новыя члены калектыву — хор прадаўжаў заставацца адной дружнай сям’ёй, які аб’ядноўваў аматараў песні». Галіна: «Я выйшла на пенсію і адразу прыйшла ў хор ветэранаў працы. Мяне запрасіла былы яго кіраўнік Галіна Бузук, якая ведала мае творчыя здольнасці. Ужо 15 гадоў сябрую з хорам».
Неаніла: «Хор наведваю даўно. У памяці засталіся ўсе гады, а таксама яго наведвальнікі: Васілій Чартко, Алена Арабей, Ніна Яфрэмава і іншыя. Мы любім спяваць песні».
— Якія мелодыі найбольш любіце?
Тамара: «Люблю народныя песні, у іх — хараство, моц, жыццё беларуса. Спяваеш — і на душы свята».
Галіна: «Найбольш народныя, таксама — аўтарскія. Увогуле, усе мелодыі мне ў радасць».
Неаніла: «І мне даспадобы народныя, любоў да іх перадалася ад бацькоў. Я сама вясковая, з вёскі Русацін. Спявалі ў полі, калі працавалі, і гэта ўзнімала настрой».
— У вашых сем’ях хтосьці цягнуўся да музыкі?
Тамара: «У маленстве любіла слухаць песні ў выкананні маёй матулі Фёклы Пятроўны. Гэтая любоў да музыкі са мной засталася на ўсё жыццё».
Галіна: «У нас шмат аматараў музыкі і спеваў. Бабуля Вольга спявала народным звонкім голасам. Матуля Марыя Уладзіміраўна і бацька Пётр Канстанцінавіч былі ўдзельнікамі хору калгаса «Чырвоны партызан» Слонімскага раёна. Дачушцы Марыне перадалася любоў да музыкі ад мяне».
Неаніла: «У нашай сям’і спявалі бацька, маці, сёстры. Спявалі на сенакосе і ў полі. Песня жыць і працаваць дапамагае. Зараз, акрамя хору ветэранаў Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, спяваю ў царкоўным хоры».
— Што даюць сустрэчы падчас рэпетыцый?
Тамара: «Вывучаем новыя песні. Абмяркоўваем жыццёвыя пытанні і дзелімся навінамі. Сустрэчы даюць двайную карысць: сяброўства з песняй і зносіны з удзельнікамі хору.
Галіна: «Я зараджаюся рэсурсам працаваць, вязаць, шыць да наступнай рэпетыцыі. У хоры адчуваю сябе на сваім месцы, гэта маё, і мне па душы».
Неаніла: «Як гаворыцца, гэта сапраўдная аддушына. Наш калектыў стаў адной дружнай сям’ёй, разам дзелім радасць і смутак». — Дзе даводзіцца выступаць?
Тамара: «Выступалі ў Іўі. Добры настрой падарылі пастаяльцам сацыяльнага пансіяната «Івушка». Пабывалі ў Міры, Турцы, Ярэмічах». Галіна: «Асабліва запомніўся міжрэгіянальны фестываль у Іўі. Ён праходзіў на высокім прафесійным узроўні харавых калектываў і пакінуў незабыўныя ўражанні». Неаніла: «Надзвычай прыемна дарыць мелодыі пажылым людзям. Іх вочы свецяцца радасцю, і яны не шкадуюць апладысментаў. Нашы старанні не бываюць дарэмнымі, і гэта вялікае шчасце».
— У хора — малады кіраўнік. Вас гэта натхняе?
Тамара: «Хорам кіруе Аляксандр Чарапанаў. Малады па ўзросце, ён вельмі душэўны. Мае шмат цярпення і падыход да кожнага. Дзякуючы яму памаладзелі душой».
Галіна: «Безумоўна, натхняе. Сам добра спявае, а мы стараемся не падвесці кіраўніка, быць на добрым узроўні. Ён падбірае песні, ведаючы нашы творчыя здольнасці».
Неаніла: «Адказны і патрабавальны, кіраўнік любіць музыку і прывівае любоў да яе. Усяляе энергію, паважае наш узрост — і нам камфортна ў калектыве».
— Вам больш падабаецца быць выканаўцамі ці слухачамі?
Тамара: «Выканаўцам: адчуваецца пад’ём душэўных сіл і ўзлёт станоўчай энергіі. Хочацца лётаць, у такія хвіліны забываецца дрэннае. Хочацца жыць і радавацца жыццю». Галіна: «І выканаўцам, і слухачом. Стараюся запісаць пачутыя песні, каб потым вывучыць і спяваць».
Неаніла: «Безумоўна, выканаўцам, люблю спяваць. Хаця люблю і слухаць песні. Мелодыі запаўняюць душу дабрынёй — і чалавекам авалодвае радасць».
— Якія раённыя святы бліжэй да душы?
Тамара: «Люблю Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Святы аб’ядноўваюць карэліччан. Яны прыходзяць на галоўную плошчу райцэнтра і радуюцца добраму дню, на душы становіцца хораша.
Галіна: «Усе святы блізкія да сэрца. Падчас правядзення іх удзельнікі абменьваюцца думкамі і весяляцца, дораць пазітыўную энергію, якой хапае надоўга».
Неаніла: «Дзень Перамогі — асаблівы дзень. У раёне заўсёды святкуецца маштабна. Памятаецца, як мой бацька Яўген Міхайлавіч, удзельнік вайны, інвалід 1-ай групы, збіраўся на гэтае свята. У Райцаўскім сельсавеце ветэранам вайны гаварылі добрыя словы і ўручалі падарункі. Гэта самае галоўнае свята са слязьмі на вачах».
— На календары — вясна. вы адчуваеце яе?
Тамара: «Хочацца хутчэй дакрануцца да зямлі — гэта ў нашай крыві. Зямля поіць і корміць, трэба рухацца і працаваць — на душы будзе весялей».
Галіна: «Люблю вясну. Яе подых адчуваю ва ўсім. Калі іду па абноўленым парку райцэнтра, заўважаю, як пачынае зелянець трава і з’яўляюцца першыя лісточкі. Каля майго дома пасяліліся шпакі, і я радуюся, што чую і заўважаю іх, што бачу сонца і неба, што сустрэла сваю 65-ю вясну».
Неаніла: «Люблю назіраць, як кіпіць праца на палях. Сэрца радуецца, калі людзі спяшаюцца пасадзіць агародніну і бульбу на сваіх прысядзібных участках. Калі прабуджаецца прырода і ўсё навокал зацвітае, і ўсё цвіце ў душы. Як ні кажыце, цудоўная пара года» .
Галіна СМАЛЯНКА Фота прадастаўлена Карэліцкім РЦКіНТ.
Источник: https://www.polymia.by/vse-novosti/1901/pesnia-zyc-i-pracavac-dapamagae