01.07.2025

Фальклорны танцавальны калектыў «Спадчына» Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці прыняў удзел у абласным фестывалі-конкурсе побытавых танцаў «Танцуем па-даўнейшаму» і атрымаў адразу тры перамогі. Таццяна і Кірыл Дубковы сталі дыпламантамі 1-ай ступені, Таццяна Шэўчык і Кірыл Шпарло — 2-ой ступені, Юлія Шахрай і Аляксандр Чарапанаў — 3-й ступені. Журналіст раённай газеты «Полымя» сустрэлася з кіраўніком «Спадчыны» Юліяй Раманаўнай ШАХРАЙ.

Фальклорны танцавальны калектыў «Спадчына» Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці прыняў удзел у абласным фестывалі-конкурсе побытавых танцаў «Танцуем па-даўнейшаму» і атрымаў адразу тры перамогі. Таццяна і Кірыл Дубковы сталі дыпламантамі 1-ай ступені, Таццяна Шэўчык і Кірыл Шпарло — 2-ой ступені, Юлія Шахрай і Аляксандр Чарапанаў — 3-й ступені. Журналіст раённай газеты «Полымя» сустрэлася з кіраўніком «Спадчыны» Юліяй Раманаўнай ШАХРАЙ.

— Юлія Раманаўна, такая высокая адзнака ўзначальваемага Вамі фальклорнага танцавальнага калектыву не выпадковая. Бясспрэчна, за поспехам — шматлікія дні творчай працы і вялікае жаданне дарыць радасць людзям.

— Для мяне, як кіраўніка, гэта сапраўды вялікая адзнака маёй працы. У фестывалі-конкурсе ўдзельнічала больш 60 пар з усёй вобласці, і тры ўзнагароды мы прывезлі на Карэліччыну. З гэтай нагоды нас запрасілі прадстаўляць  вобласць на ХІІ Міжнародным турніры нацыянальных танцаў «Танчым разам», які адбудзецца 12 ліпеня ў г. Віцебску ў рамках ХХХІV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

— Ужо сама назва «Спадчына» сведчыць аб накірунку дзейнасці. Якія танцы выконваеце?

— Фальклорныя танцы нашай мясцовасці. Гэта славутая «Тудараўская кадрыля». Зараз праводзім работу аб занясенні яе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Таксама ў нашым рэпертуары «Лядкаўская кадрыля», «Загорская кадрыля», побытавыя танцы краіны ў цэлым.

— Дзе найчасцей даводзілася выступаць? Магчыма, былі ўдзельнікамі фестываляў і конкурсаў?

— Удзельнікі нашага калектыву з’яўляюцца пастаяннымі дыпламантамі абласнога фестывалю-свята побытавых танцаў «Танцуем па-даўнейшаму» ў аграгарадку Дзітва.

У 2024 годзе калектыў стаў дыпламантам 2-ой ступені ў намінацыі «Лепшы фальклорны танцавальны калектыў» у горадзе Гродна. Прынялі ўдзел у свяце кадрыляў «Па сцежках спадчыны» ў аграгарадку Вялікія Азёркі Мастоўскага раёна. З’яўляемся пастаяннымі ўдзельнікамі раённых мерапрыемстваў, народных гулянняў. Праводзім майстар-класы як для старэйшага пакалення, так і для дзяцей. Летась прымалі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе «Берагіня».

— Сярод узнагароджаных — асабіста Вы як дыпламант 3-й ступені. Як даўно сябруеце са «Спадчынай»?

— З верасня 2023 года і па цяперашні час з’яўляюся кіраўніком калектыву. Да гэтага часу была яго ўдзельніцай.

— Як даўно існуе калектыў? Хто раней быў яго кіраўніком?

— Танцавальны калектыў «Спадчына» быў створаны ў 1967 годзе і працаваў пры Тудараўскім сельскім клубе. У 2013 годзе быў перайменаваны ў фальклорны танцавальны калектыў «Спадчына» і працаваў на базе Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці пад кіраўніцтвам Васілія Чартко. З 2021 і па жнівень 2023 года кіраўніком з’яўлялася Вольга Ложачнік.

— У сённяшні калектыў уваходзяць не толькі работнікі галіны культуры раёна? Хто яшчэ з вялікім задавальненнем дорыць радасць людзям?

— У цяперашні час творчы калектыў абноўлены і на 80 працэнтаў складаецца з удзельнікаў, якія працуюць у іншых арганізацыях. Сярод іх — супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, рамеснікі, псіхолаг, галоўны аграхімік раёна, першы сакратар РК ГА «БРСМ», дамашнія гаспадыні. Цеснае творчае супрацоўніцтва наладжана з народным калектывам народнай музыкі і песні «Цырынскія музыкі».

— Што значаць танцы для калектыву? Што яны нясуць гледачам і выканаўцам?

— Праз фальклорныя танцы хочам паказаць, што нашы продкі не толькі шмат працавалі, але цікава праводзілі вольны час. Імкнёмся не толькі захаваць традыцыі бацькоў, але і перадаць іх будучаму пакаленню. Да аматараў танцаў хачу звярнуцца з прапановай: калі ў вас ёсць жаданне танцаваць і дарыць радасць людзям, будзем рады вітаць вас у фальклорным танцавальным калектыве «Спадчына».

Галіна СМАЛЯНКА Фота Іны ЛЕЙКІ і Карэліцкага РЦКіНТ

https://www.polymia.by/glavnoe/2014/falklorny-tancavalny-kalekty-spadcyna-na-ablasnym-festyvali-tancuem-pa-daneisamu-atryma-try-dyplomy-peramozca

Translate »