29.06.2025

Маладосць — цудоўная пара. Гэта той час, калі можна марыць, тварыць, кахаць. Ісці наперад і дабівацца вяршынь. Не трэба спыняцца перад цяжкасцямі. Упэўнена глядзець у заўтра — і мары збудуцца.

Нездарма назва свята да Дня моладзі выбрана як заклік: «Мар! Твары!». Яно патрэбна дзяўчатам і юнакам, каб адчуць сваю значнасць і адпачыць душой. Для святкавання вызначылі гарадскі парк г.п. Карэлічы. Менавіта тут у апошні час стараліся давесці ўсё да ладу, каб можна было карысна праводзіць вольны час і наталяцца краявідамі прыроды. Яна ж у сваю чаргу не застаецца ў даўгу: гасцінна дзеліцца сваёй прыгажосцю і дорыць свежае паветра. Тут вельмі добра дыхаецца, і на душы прыгожа і хораша.

Вось і свята сабрала тых, хто хацеў бы парадавацца ў гэты дзень і адчуць сябе шчаслівым. Гэта і дзяўчаты, і юнакі, і маладыя семі’і, і людзі залатога ўзросту. У старэйшых узрост вымяраецца па пашпарце, а ў душы многія маладыя і вядуць актыўны лад жыцця. Аказваецца, свята ў нейкай ступені і для іх.  Тут прайшла іх маладосць. Ёсць што ўспомніць: гады юнацтва самыя цудоўныя.

Сапраўды, уся радасць у дзецях. Гэта яны, самыя меншыя ўдзельнікі свята, дапамагалі зрабіць яго вясёлым і незабыўным. Бегалі, мітусіліся, радаваліся, гулялі. Нездарма для дзетвары арганізатары таксама пастараліся: працавалі атракцыёны. Дарослым толькі паспявай сачыць за няўрымслівымі дзяўчынкамі і хлопчыкамі, але гэта было бацькам у радасць.

А якое свята без добрых песень! Ну, скажыце, могуць жа так цудоўна спяваць нашы карэліцкія выканаўцы! Да прыкладу, вакальны ансамбль «ІмПульс»: іх песні заварожвалі слухачоў. Яны разносіліся па наваколлі і, аб’яднаўшыся з гукамі прыроды, рабілі мелодыю незабыўнай і кранальнай. І гэта нездарма: за ўдзельнікамі ансамбля — маладосць і прыгажосць. Свята любіць сюрпрызы. Вось і гэтае «маладое», калі хочацца незвычайнага і нечаканага. І яно аказалася  побач: і радасць, і ўсмешкі, і смех аб’ядналіся ў адну агульную сілу і гучныя воклікі: «Як усё-такі здорава!»

І ў рэшце рэшт, самым вялікім падарункам для карэліччан і гасцей стала выступленне групы «BRAND.BY» з Мінска.

https://www.polymia.by/vse-novosti/2635/more-muzyki-konkursov-i-draiva-v-gorodskom-parke-gp-korelici-proveli-prazdnik-ko-dniu-molodezi-mectai-tvori

Translate »