Аб выніках работы ўстаноў культуры ў 2025 годзе і задачах на 2026 год расказала загадчык сектара культуры Карэліцкага райвыканкама Наталля Шпакоўская.
У галіне культуры раёна функцыянуюць тры дзяржаўныя ўстановы культуры і дзве дзяржаўныя ўстановы адукацыі. Ажыццяўляюць культурную дзейнасць Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці (14 клубных устаноў), Карэліцкі раённы краязнаўчы музей, Карэліцкая раённая бібліятэка (13 бібліятэчных устаноў), Карэліцкая ДШМ, Мірская ДШМ.
За 2025 год на бягучы і капітальны рамонт будынкаў устаноў культуры зрасходавана амаль 730 тыс. рублёў.
На 1 студзеня 2026 года забяспечанасць кадрамі арганізацый культуры складае 93 працэнты. У 2025 годзе ва ўстановы культуры раёна прыбылі 8 маладых спецыялістаў. Усе маладыя спецыялісты забяспечаны жыллём. За імі замацаваны настаўнікі.
На 1 студзеня 2026 года ў раёне працуе 85 клубных фарміраванняў, дзе займаецца 1002 чалавекі. 14 творчых калектываў раёна маюць ганаровае званне «народны», «узорны», з іх 8 працуюць у клубных установах культуры.
З мэтай павышэння эфектыўнасці работы з насельніцтвам пажылога ўзросту ў практыку ўкаранёны 6 праектаў: «Культура жыць. Актыўнае даўгалецце», «Валанцёры міласэрнасці», «Ад вёскі да вёскі. Яшчэ жыве бацькоўскі зруб», «Мудрасць+», сацыякультурны праект «Клопат» і праект «Узрост шчасця». Клубныя ўстановы культуры актыўна супрацоўнічаюць з Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна, Жухавіцкім сацыяльным пансінатам «Івушка», дзе ў 2025 годзе праведзена 18 мерапрыемстваў. Працуюць 16 фарміраванняў для пажылых людзей, дзе ўдзельнічаюць 203 чалавекі.
У 2025 годзе для розных катэгорый насельніцтва праведзена 1788 культурна-масавых мерапрыемстваў, якія наведала 83451 чалавек, з якіх 791 мерапрыемства на платнай аснове і 34638 наведвальнікаў.
Актыўны ўдзел структурныя падраздзяленні Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці прынялі ў выбарчай кампаніі. У 8 установах культуры былі размешчаны выбарчыя ўчасткі, праведзена 16 канцэртаў у дзень выбараў і звыш 20 мерапрыемстваў у рамках перадвыбарнай кампаніі.
Традыцыйна на высокім узроўні прайшлі знакавыя мерапрыемствы: «Дзіцячы Калядны баль», свята «Карэліцкая Масленіца», святочны канцэрт «8 рэцэптаў жаночага шчасця», урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, святочнае мерапрыемства «Дзве сястры — Беларусь і Расія» і многія іншыя. Маштабна і ярка прайшло раённае свята «Сэрца роднага краю», прысвечанае 85-годдзю Карэліцкага раёна, 630-годдзю г.п. Карэлічы і раённаму святу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2025».
Нестацыянарнае абслугоўванне насельніцтва аддаленых і маланаселеных пунктаў ажыццяўляе сектар нестацыянарнага абслугоўвання, які пачаў функцыянаваць з чэрвеня 2025 года. За дадзены перыяд часу сектарам сумесна з філіяламі праведзены 182 культурныя мерапрыемствы, якія наведалі 3293 чалавекі.
Адной з галоўных функцый у рабоце Карэліцкага маладзёжнага цэнтра культуры з’яўляецца кінавідэаабслугоўванне розных катэгорый насельніцтва. За 2025 год было праведзена 260 кінасеансаў, абслужана 8477 гледачоў.
У 2025 годзе праведзена 58 выстаў і выстаў-продажаў. З іх на платнай аснове — 50.
Бібліятэчнае абслугоўванне насельніцтва раёна ажыццяўляюць 13 устаноў: раённая бібліятэка, Мірская гарпасялковая бібліятэка, 11 сельскіх бібліятэк. Сетка бібліятэк не змянілася.
Бібліятэчны фонд на 1 студзеня 2026 года складае 249114 экзэмпляраў дакументаў. Усяго ў 2025 годзе колькасць новых паступленняў у фонд раёна склала 5379 экзэмпляраў дакументаў, з іх — 2928 кніг, 2450 перыядычных выданняў.
За год бібліятэкамі праведзена 492 мерапрыемствы. Для рэалізацыі асноўных тэматычных накірункаў выкарыстоўваліся разнастайныя формы і метады бібліятэчнай дзейнасці, накіраваныя на інтэрактыўныя і ролевыя тэхналогіі. Бібліятэкі праводзілі мерапрыемствы стацыянарна, пазастацыянарна. Прымалі ўдзел ва ўсіх значных мерапрыемствах раённага ўзроўню, у акцыях.
Дзейнасць Карэліцкага раённага краязнаўчага музея ў 2025 годзе была накіравана на выкананне запланаваных паказчыкаў і мерапрыемстваў. Асноўнай задачай у галіне экспазіцыйна-выставачнай работы музея па-ранейшаму з’яўлялася актуалізацыя і папулярызацыя культурнай спадчыны праз паказ музейных калекцый, стварэнне тэматычных, персанальных і юбілейных выстаў. Дзякуючы такой дзейнасці становіцца магчымым укараненне ў навуковы і культурны абарот экспанатаў, якія знаходзяцца ў музейных фондах. У працэсе арганізацыі музейных выстаў удасканальваецца методыка культурна-адукацыйнай работы, а таксама з’яўляюцца новыя магчымасці ў рабоце з наведвальнікамі. У 2025 годзе падрыхтавана і праведзена 9 выстаў.
У музеі праводзіцца планамерная і мэтанакірваная работа па выяўленні прадметаў музейнага значэння, іх набыцці і сістэматызацыі ў фондах. Пастаянна праводзіўся збор экспанатаў. За 2025 год прынята 22 прадметы асноўнага фонду пры плане 15, з іх у дар атрыманы 21 прадмет і адзін прадмет набыты за кошт сродкаў пазабюджэту. Асноўны фонд музея налічвае 9736 адзінак захоўвання. Навукова-дапаможны фонд утрымлівае 3606 адзінак. Усяго ў электронны каталог унесена 9738 прадметаў асноўнага фонду і 992 навукова-дапаможнага. Кніжны фонд музейнай бібліятэкі на 1 студзеня 2026 года складае 1179 экзэмпляраў. У 2025 годзе ў музеі праведзена 80 мерапрыемстваў, 16 выстаў, 4 лекцыі, 108 экскурсій.
На тэрыторыі раёна знаходзяцца 39 гісторыка-культурных каштоўнасцей (41 аб’ект у іх складзе), занесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Музычна-эстэтычную адукацыю ў Карэліцкім раёне ажыццяўляюць Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў з Жухавіцкім філіялам, Мірская дзіцячая школа мастацтваў і класы ў аграгарадках раёна. На пачатак 2025/2026 навучальнага года было 348 чалавек. Ахоп музычна-эстэтычнай адукацыяй дзяцей раёна складае 27 працэнтаў (пры абласным паказчыку — 14,7). У мінулым навучальным годзе больш 187 навучэнцаў і педагогаў прынялі ўдзел у 7 раённых, 24 рэгіянальных, 9 абласных, 5 рэспубліканскіх і 41 міжнародных конкурсах. Атрымана 128 узнагарод рознага ўзроўню.
На нарадзе слова трымалі мастацкі кіраўнік Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Бондарава (аб патрыятычным выхаванні), дырэктар Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Сняжана Каляда (аб прафарыентацыйнай рабоце), старшыня прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Юлія Шахрай (аб дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі).
У правядзенні мерапрыемства прынялі ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сняжана Куратчык і намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан, якія выказалі работнікам культуры ўдзячнасць за працу і заклікалі шукаць новыя праекты і ператвараць іх у жыццё.

Пры падвядзенні вынікаў працы за 2025 год работнікі культуры адзначаны ўзнагародамі: Ганаровай граматай Карэліцкага райвыканкама — Святлана Абламейка (філіял «Жухавіцкі Дом культуры»), Падзячным пісьмом старшыні Карэліцкага райвыканкама — Галіна Капура (ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў»), Ганаровай граматай Карэліцкага раённага Саветаў дэпутатаў — Лілія Арцюх (ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»), Падзячным пісьмом Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў — Наталія Гаркавая (філіял «Аюцавіцкая сельская бібліятэка-клуб»), Ганаровай граматай упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта — Таццяна Кулак (ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў»). Сем работнікаў атрымалі ўзнагароды ад сектара культуры Карэліцкага райвыканкама і шэсць — ад прафсаюзнай арганізацыі галіны.

Падчас правядзення нарады ў Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры ў фае былі арганізаваны выставы творчых работ аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Мірскай дзіцячай школы мастацтваў, «Музейны год: хроніка падзей» Карэліцкаага раённага краязнаўчага музея, «ЛЭПБУК: сучасная гульнявая тэхналогія» і «Год беларускай жанчыны» Карэліцкай раённай бібліятэкі і фотазона пад назвай «Спадчына жыве ў сэрцы, Спадчына жыве ў танцы» — прафсаюзнай арганізацыі галіны культуры.

Источник: https://polymia.by/kultura/rabotniki-kultury-vyniki-raboty/



