14.05.2026

Каля дванаццатай гадзіны галоўная плошча райцэнтра ператвараецца ў казачны гарадок. Тут збіраюцца арганізатары і ўдзельнікі раённага свята Масленіцы. Сонечны і марозны дзень спрыяе добраму настрою ў карэліччан і гасцей.

Старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Курыла шчыра павіншаваў усіх прысутных з провадамі Зімы і адзначыў, што ў аснове свята ляжаць народныя традыцыі, і яно нясе веру ў будучае. Масленічны тыдзень заканчваецца — і надыходзіць Дараваная нядзеля. Кіраўнік раёна пажадаў усім здароўя, дабра, утульнасці і цудоўна правесці свята.

НА СВЯТА — З ГЛЫБІНКІ

Масленіца набірае ўсё большы размах. Са сцэны гучыць запрашэнне: «Вясну сустракаем! Зіму праводзім!» і абяцанне: чакаюцца масленічныя гульні, забавы, конкурсы.

Зіма дае параду: «Песні пець, гарбату піць, усіх людзей весяліць». Вясна жадае быць багатымі, як зямля, і здаровымі, як вада. Гаспадыня нагадвае, што «Масленка кожнага адорыць: галоднаму — ежы, халоднаму — цяпла, а сытаму — музыкі».

Кожнаму на свяце сваё. Я накіроўваюся да яго ўдзельнікаў і сустракаю Таісу Мухіну з аграгарадка Райца.

— Спецыяльна прыехала рэйсавым аўтобусам. Прачытала на сайце «Полымя» і ў газеце яркую рэкламу аб правядзенні свята Масленіцы, — гаворыць субяседніца. — Вельмі падабаюцца кранальныя выступленні работнікаў Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Сачу за іх паказамі ў сацыяльных сетках і стараюся каментаваць. Сёння спадзяюся, што парадуе прадастаўленае іншымі арганізацыямі, прадпрыемствамі, установамі раёна. Думаю, што свята ўдасца.

У ГОД БЕЛАРУСКАЙ ЖАНЧЫНЫ

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Малюшычы» Святлана Казак адзначае, што ў Год беларускай жанчыны работніцы сельгаспрадпрыемства зрабілі з бліноў Масленічныя лялькі. Пастараліся Алена Коцік, Вольга Мартыненка, Алена Кавальчук, Наталля Сіневіч і Вікторыя Драздоўская. Падрыхтавана малюшыцкая юшка з карасёў і мясцовае печыва. Стараліся парадаваць блінамі і шваркамі — на тое ж і Масленіца. Святлана Вітальеўна выказала надзею: ва ўсіх удзельнікаў і гасцей павінен быць добрым настрой, і яны змогуць душой дакрануцца да народных традыцый.

АКТЫЎНЫЯ ЎДЗЕЛЬНІКІ

Работнікі культуры аказаліся не толькі добрымі арганізатарамі свята, але і актыўнымі ўдзельнікамі. Дарэчы, з некаторымі давялося сустрэцца на тэматычных падворках. Вось што паведаміла загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Юлія Баярэнка:

— На Масленіцы прапануем карэліччанам і гасцям свята сувеніры з гліны, саломкі, дрэва, вязаныя вырабы і навінку, вязаныя ходнікі. Спецыяльна да свята вырабілі ляльку Масленіцу і прадставім майстар-клас па яе вырабу.

Хочацца, каб гэта знайшло добры водгук у сэрцах наведвальнікаў і засталіся цёплыя ўспаміны.

Для дырэктара Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Алены Лісоўскай Масленіца першая на гэтай пасадзе, і кіраўнік дзеліцца сваімі ўражаннямі:

— Я прыйшла на свята з калегамі па працы і 9-гадовай унучкай Ксеніяй. На стале  бліны з тварагом, яблыкам, грушай, дранікі, шкваркі, дамашняя каўбаса,  варэнне з кізіла і чарніц, абаранкі, травяная гарбата, пеўнікі для дзяцей. Для ўдзельнікаў свята  выйгрышная латарэя. Хочацца, каб Масленіца нагадала людзям аб абрадах і традыцыях, каб іх захоўвалі і перадавалі з пакалення ў пакаленне.

«ШЫРОКАЯ МАСЛЕНІЦА»

«Дарагія госці! Запрашаем вас у наш масленічны куток! Тут, на прасторах старажытных звычаяў і народных песен, зможаце адчуць дух сапраўднай Беларусі. Адчуеце цёплую беларускую гасціннасць, зладжаныя гульні, выступленні і, вядома, смачныя бліны», — заклікаюць гасцінныя гаспадары тэматычнага падворка «Шырокая масленіца» ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы». Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Івашка расказвае:

— Прымае ўдзел увесь калектыў школы. Асаблівасцю сталі масленічныя пернікі і магчымасць дастаць гарачую аладку з вясковай печкі. У асартыменце — бліны з тварагом, чырвонай рыбай, сырам, мясам, шкваркі і квас. Галоўная фігура стала — лялька Масленіца, зробленая з бліноў. Для мяне гэта другое па ліку свята, у якім прымае ўдзел калектыў школы. Гэта нас згуртоўвае, кожны ўносіць свае ідэі, і дае магчымасць дакрануцца да народных традыцый.

ЦЕШЧЫНЫ БЛІНЫ

Прыцягнуў увагу і тэматычны падворак «Племзаводаўскі разгуляй» КСУП «Племзавод «Карэлічы». Тут ёсць магчымасць пакруціць рулетку для гульні і атрымаць пачастункі, сярод іх незвычайны напоі, грыбны квас, прыгатаваныя стравы. Племзаводаўскія гаспадыні падрыхтавалі піражкі з капустай, згушчонкай, чэбурэкі. Самая галоўная візітка: тут смажаць на распаленай калодцы гарачыя бліны і шкваркі.  Падрыхтавана Масленічная лялька, і ёсць свая самаробная фотарамка, у ёй можна сфатаграфавацца на памяць.

— Я люблю Масленіцу, — гаворыць Уладзімір Радзівіновіч. — На працягу Масленічнага тыдня кожны дзень мая цешча Людміла Віктараўна Яцук мне перадавала бліны. Яны былі розныя: мучныя, бульбяныя, фаршыраваныя з мясам, з тварагом, гароднінай — смачныя і апетытныя. Сёння радасць раздзяляю з гасцямі свята і хочацца пачаставаць  прысмакамі племзаводаўскіх гаспадыняў. Мы, беларусы, народ гасцінны, а святы патрэбны для нашай душы.

«ЗАХОЎВАЙЦЕ ТРАДЫЦЫІ!»

На свяце сустрэлася з ветэранам працы галіны культуры Карэліцкага раёна, які мае званне «Ганаровы ветэран», Васіліем Уладзіміравічам Чартко. Улюблёны ў сваю справу, якой аддаў шмат гадоў, у захапленні ад свята:

— Я пачынаў працаваць у галіне культуры Карэліччыны ў далёкім 1968 годзе. Святы, абрады, прадстаўленні — шмат на рахунку работнікаў культуры таго часу. І Купалле мы адраджалі, і Провады Зімы святкавалі, і святы вёсак праводзілі — усё для людзей ладзілі. І душа радавалася, і карэліччане, і госці былі задаволены. Я прыйшоў сёння на свята, не мог прапусціць, вабіць паглядзець, пабыць сярод людзей, тым больш надвор’е дазваляе. Што хочацца сказаць:  добрыя тэматычныя падворкі падрыхтавалі, ды такіх свят бы больш. Трэба старацца захоўваць традыцыі і перадаваць іх маладым!

Источник: https://polymia.by/dosug/u-karelichah-adsvyatkavali-masleniczu/

Translate »