21.09.2024

Карэліцкі Дом рамёстваў

У лістападзе мінулага года адбылося ўрачыстае адкрыццё выставачнай залы аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў» з мэтай шырока і ў даступнай форме прадставіць беларускія традыцыйныя рамёствы. На экспазіцыі прадстаўлены наступныя рамёствы:
— саломапляценне, больш за 20 вырабаў як прафесійных і вядомых майстроў такіх, як Вера Салдатава, так і пачынаючых у разных тэхніках выканання (зубр, конік, скарбонкі, кошыкі, галаўныя ўборы і інш.)
— выцінанка традыцыйная ,майстар Таццяна Маклюк, член аматарскага аб’яднання » Карэліцкія вытокі», якая займаецца выцінанкай больш за 10 гадоў, мае аўтарскія работы;
— разьба па дрэве, дадзены від рамяства прадстаўляюць 2 майстры, удзельнікі аматарскага аб’яднання «Карэліцкія вытокі» Аляксандр Заблоцкі (мае стаж і вопыт работы больш за 40 гадоў, дыпламаваны спецыяліст) і Сяргей Упіравец, на выстаўцы прадстаўлены каля 30 вырабаў (посуд, сувенірныя дошкі, традыцыйныя цацкі, пано і інш).
-вышыўка прадстаўлена карцінамі, вышытымі крыжыкам на розную тэматыку майстрамі Карэліцкага Дома рамёстваў;
-ткацтва традыцыйных паясоў актыўна адраджаюць майстры Карэліцкага Дома рамёстваў, экспазіцыя складаецца з паясоў, вырабленых на калодачцы, на дошчачках, на вілцы, у калекцыі больш за 40 паясоў;
-лозапляценне , прадстаўлена як традыцыйнае, так і сучаснае лозапляценне (кошыкі, скарбонкі, цукерніцы);
-ганчарства, прафесійны майстар Аляксандр Маклюк вырабляе традыцыйныя вырабы з гліны (посуд, свістулькі, абярэгі і інш.
Акрамя таго кожны жадаючы можа прыняць удзел у майстар-класах па вышыўцы, ткацтву традыцыйных паясоў і разьбе па дрэве. Таксама на экспазіцыі прадстаўлены рэплікі традыцыйных строяў нашага рэгіёна (4 дарослыя, 2 дзіцячыя). У выставачнай зале дзейнічае этнавуголок «Беларусі быт», дзе кожны наведвальнік можа акунуцца ў атмасферу к 19ст.- пач. 20ст. Тут прадстаўлены рушнікі , дзяружкі, ходнікі, прылады для ткацтва (калаўрот, прасніца, верацёны), посуд, а таксама прылады, неабходныя кожнай гаспадыні (рубель, тачыла і інш).
Стала добрай традыцыяй праводзіць у выставачнай зале персанальныя выстаўкі (адбыліся выстаўкі па саломапляценні, разьбе па дрэве, вырабу пернікаў і інш.).

Translate »