28.03.2024

Сезон шчодрых сэрцаў і здзяйснення дзіцячых мар працягваецца. На бягучым тыдні святло пераднавагодніх святаў зазірнула да дзетак з Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы, якія па волі лёсу апынуліся па-за межамі роднага дому.

У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая працягнецца ў краіне да дзясятага студзеня, раённае аддзяленне рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” традыцыйна наведала дзіцячае аддзяленне раённай бальніцы. Старшыня арганізацыі Вольга Куляка разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Шкадавым і галоўнымі героямі Новага года – Дзедам Марозам і Снягуркай, якія прадстаўлялі маладзёжны савет Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў, падарылі васьмі дзеткам радасны і прыемны сюрпрыз.

– Усім і кожнаму ў пераднавагодні час хочацца адчуць асаблівы настрой і падзяліцца ім з іншымі. Але, на жаль, часам адбываецца так, што па той ці іншай прычыне мы вымушаны сустракаць Новы год не ў звыклай хатняй абстаноўцы, а ў суровых сценах бальніцы… Таму наша мэта – падарыць дзеткам крычашку цяпла, атачыць іх клопатам і чалавечай увагай, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў.

Маленькіх пацыентаў і іх бацькоў чакаў святочны карагод, навагоднія песні каля прыгажуні-ёлкі, а таксама тое, што заўсёды запальвае дзіцячыя вочы – салодкія падарункі.

Напрыканцы старшыня раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Вольга Куляка павіншавала усіх прысутных з надыходзячым святам, а таксама падзякавала калектыву дзіцячага аддзялення за якасную працу і добрае, шчырае стаўленне да сваіх падапечных.

 

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара

Translate »