Работники культуры создавали праздничную атмосферу во время выборов

З самай раніцы 9 жніўня на Карэліччыне на ўсіх участках для галасавання ажыўлена і пануе святочны настрой. Кожны жыхар нашага краю, ад самых юных выбаршчыкаў да людзей залатога ўзросту, імкнецца шчыра выканаць свой грамадзянскі доўг і аддаць голас за кандыдата, у якім бачыць светлую і паспяховую будучыню Беларусі.

Традыцыйна шматлюдна пачаўся Дзень выбараў на ўчастку для галасавання № 2, што размясціўся ў Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Розныя па ўзростах, роду дзейнасці і светапоглядах, выбаршчыкі сыходзіліся ў адным: сёння, казалі яны, мы галасуем за мірную і квітнеючую Беларусь. Першымі гэтыя словы мы пачулі ад 80-гадовай жыхаркі райцэнтра Наталлі Якімашка, якая з самага рання адклала свае справы, каб зрабіць сумленны выбар: «Я шчаслівая, што жыву ў такой цудоўнай краіне, і веру, што будучыя пакаленні таксама змогуць кожны новы дзень сустракаць у спакоі і радасці, сузіраючы прыгажосць роднай зямлі». Каштоўнасць таго, што сёння мы можам не хвалявацца за бяспеку сваіх дзяцей і з гонарам глядзець, як яны ў Беларусі могуць дасягаць самых высокіх вяршыняў, падкрэсліла карэліччанка Алена Худоба. Думку зямлячкі працягнула Зінаіда Тарасюк: «Мы памятаем, як цяжка было нам пачынаць будаваць самастойную краіну ў 1990-х гадах. Але мы перамаглі ўсе складанасці і зараз маем дабрабыт, зароблены намаганнямі мільёнаў нашых людзей. І так важна захаваць і прымножыць гэтае багацце!» З верай у лепшае глядзіць на будучыню Радзімы і Ядзвіга Друцько: «Як грамадзянка прыйшла і прагаласавала сёння не проста за сябе, а за сваю сям’ю, любімую Карэліччыну і нашу прыгажуню Беларусь!»

Участак для галасавання № 1 у сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы сустрэў нас сямейнай атмасферай. Жыхары райцэнтра прыходзілі галасаваць разам з роднымі. Прычым, многія дарослыя давяралі сваім дзецям самы адказны момант — апусціць свой бюлетэнь у скрыню для галасавання. «Гэта яскравы сімвал таго, што ад майго з мужам выбара сёння залежыць будучае жыццё маёй дачкі. І мы як бацькі не маем права на памылку, бо жадаем свайму дзіцяці толькі лепшага», — адзначыла Сняжана Каляда, а яе чатырохгадовая дачка Марыя кампетэнтна заўважыла: «Мы з мамай і татам разам выбіраем Прэзідэнта!» Дарэчы, дружную сям’ю чакалі падарункі ад ГА «Беларускі саюз жанчын», якія з цёплымі пажаданнямі ўручыла старшыня раённай арганізацыі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Санчук. Такія прыемныя сюрпрызы ад грамадскага аб’яднання былі падрыхтаваны на выбарчых участках і для іншых карэліцкіх бацькоў з дзеткамі. А вось у Аляксандра і Вольгі Абадзінскіх дзяржаўнае свята — Дзень выбараў — супала з сямейным — 21-годдзем шлюба. «Прагаласавалі, выканалі доўг перад нашай дарагой Радзімай, дзе так высока цэняцца сямейныя каштоўнасці, а зараз пойдзем святкаваць гэтыя дзве знакавыя для нас падзеі», — са шчаслівымі ўсмешкамі падзялілася пара.

Дадамо, што на ўчастках для галасавання створаны тэматычныя фотазоны, дзе кожны можа зрабіць здымак на памяць і пакінуць пажаданне Радзіме і землякам, працуе гандаль і працягам дня праходзяць канцэрты, падчас якіх артысты Карэліччыны дораць прысутным цудоўныя музычныя падарункі і вітанні.

З самага ранку на ўчастак для галасавання №18, які размешчаны ў Турэцкім Доме культуры, прыйшла ветэран працы Марыя Забаўская. Менавіта яна стала першым выбаршчыкам на гэтым участку у дзень выбараў, 9 жніўня.

-Вырашыла прыйсці і прагаласаваць з самага ранку, бо спяшаюся ў царкву на службу, — падзялілася жанчына. — Я багатая бабуля і прабабуля: у мяне трое дзяцей, сямёра ўнукаў і сямёра праўнукаў. Я вельмі хачу, каб яны жылі ў міры і шчасці. Таму вырашыла абавязкова прыйсці і аддаць свой голас за аднаго з кандыдатаў у Прэзідэнты.

У 8 гадзін раніцы ад Ярэміцкага Дома культуры, у якім размешчаны выбарчы ўчастак №15, адправіліся 3 группы, якія складаюцца з членаў выбарчых камісій. Віктар Кісцень і Анатолій Аляшкевіч накіраваліся ў вёскі Лядкі, Новае Сяло і Пагарэлка, каб прадаставіць жыхарам Ярэміцкага сельсавета магчымасць прагаласаваць на даму.

Па словах старшыні выбарчай камісіі участка для галасавання №15 Любові Бразоўскай, шмат жыхароў састарэлага ўзросту выказалі жаданне прагаласаваць на даму. Яны альбо самі тэлефанавалі і пакідалі заяўкі, альбо гэта рабілі старасты вёсак. Зразумела, многім пенсіянерам цяжка даехаць да ўчастка для галасавання. Таму ў кожнага будзе магчымасць выканаць свой грамадзянскі абавязак у хатніх умовах.

Стараста вёскі Лядкі Галіна Лынько сустрэла на парозе свайго дома ў прыўзнятым настроі. Яна прызналася, што выбары — гэта вялікае свята як для ўсёй краіны, так і для кожнага беларуса.

-Што датычыцца мяне, я заўсёды прымала ўдзел ў выбарах. І гэтая выбарчая кампанія не з’яўляецца выключэннем, — адзначае сяльчанка. — Мір, згода, спакой і ўзаемаразуменне — такімі словамі мне хочацца апісаць будучыню нашай краіны. Вельмі хочацца, каб над маімі дзецьмі, унукамі і праўнукамі заўсёды было мірнае неба і ззяла сонейка.

У дзень выбараў на ўчастку для галасавання №15 у Жухавіцкім Доме культуры надзвычай ажыўлена і шматлюдна. Выканаць свой грамадзянскі абавязак жухавіччане прыходзяць цэлымі сем’ямі.

Сяргей і Алена Івашкі прыйшлі на выбарчы ўчастак разам с сынамі Антонам і Арцёмам. Дарэчы, малодшы сын Арцём прымае ўдзел у выбарах упершыню. Хлопец адзначае, што крыху хваляваўся, бо вельмі адказна галасаваць за будучыню сваёй краіны.

Якое ж свята без музыкі і спеваў? Прыўзняты настрой жухавіччанам дарылі творчыя работнікі Жухавіцкага Дома культуры.

Спевы творчага калектыва Цырынскага Дома культуры таксама былі чутны здалёк, ствараючы атмасферу свята.