20.04.2024

22 мая на базе філіяла «Дзiтвянскi Дом культуры» Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адбыўся фестываль-свята «Танцуем па-даўнейшаму». Аматары беларускага традыцыйнага харэаграфічнага мастацтва з усёй Гродзенскай вобласці з’ехаліся каб прадэманстраваць найлепшыя ўзоры беларускіх народных парных танцаў з захаваннем адметнага мясцовага выканальніцкага стылю.

Арганізатарамi свята выступілі галоўнае ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, ДУК «Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці», аддзел культуры Лідскага райвыканкама, ДУ «Лідскi раённы цэнтр культуры народнага мастацтва». Гэты праект накіраваны на адраджэнне і захаванне народнага танца, традыцыямі якога славіцца Гродзеншчына.

Як адзначыла начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Леўшунова, дадзены фестываль аб’ядноўвае людзей з усіх раёнаў нашай вобласці.

— Наша Гродзеншчына багатая на культуру. Народныя танцы не выключэнне. Танец складаўся на працягу доўгага часу, і, канешне, значны ўплыў на яго форміраванне аказалі самі людзі, іх самабытная культура. І сёння мы паказваем, што даўнейшыя танцы прыгожыя, дынамічныя, вясёлыя, завадныя, — адзначыла Наталля Леўшунова.

Пасля ўрачыстага адкрыцця — пачаўся конкурс беларускіх народных побытавых парных танцаў. Карэліччыну прадстаўлялі Аляксандр Чарапанаў і Вольга Ложачнік, якія атрымалі дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Побытавы танец» (узроставая катэгорыя 18-50 год).

Пасля конкурсу праходзiла дэфiле ў традыцыйных строях «Мода з куфара», на якім удзельнікі з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны маглі паказаць як апраналіся нашы продкi. Народныя касцюмы карэліччыны дэманстравалі Аляксандр Заблоцкі і Паліна Мельнік.

Пасля дэфіле адбылася канцэртная праграма, на якой фальклорны танцавальны калектыў «Спадчына» выканаў «Тудараўскую кадрылю».

Фота Віталія Смалянкі

Відэа Віталія Смалянкі і Паліны Мельнік

Translate »