27.04.2024

2 ліпеня, у пятніцу, у Карэліцкім маладзёжным Цэнтры культуры адзначылі Дзень вышыванкі.

— Вельмі сімвалічна, што мы адзначаем Дзень вышыванкі сёння, напярэдадні важнай даты для нашай краіны — Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, — сказала мастацкі кіраўнік ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Рыта Яроцкая. — Вышыты нацыянальны арнамент — візітная картка беларусаў. Гэта не проста ўпрыгожванне, а своеасаблівы шыфр, які праз стагоддзі перададзены продкамі. Кожны ўзор у арнаменце — сімвал самапазнання і адзінства беларускага народа. Ён валодае магутнай энергетыкай і нясе пэўны пасыл.
Адкрываецца свята інтэрактыўнай пляцоўкай «Паэзія вышыванкі». Вершы чытаюць супрацоўнікі Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз, Міхаіл Лагута, Анжаліка Шастак. Тут арганізавана і выстава кніг «Арнамент — почырк народа».
Дзяўчынак і хлопчыкаў запрашаюць паўдзельнічаць у традыцыйных беларускіх гульнях для дзяцей «Ручаёк» і «Нацыянальныя стравы». Вядучыя конкурсаў, вучні сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы Міхаіл і Марыя Манкевіч па-майстэрску іх праводзяць, і дзецям удаецца раскрыцца спаўна, перамагае сяброўства.
Работнікі культуры Ірына Бондарава і Аляксандр Чарапанаў паказваюць майстар-клас па дзіцячаму традыцыйнаму беларускаму танцу, дзеці выбіраюць сабе пары і авалодваюць майстэрствам танца.
На свяце арганізавана выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, жадаючым робіцца аквагрым з элементамі традыцыйных беларускіх узораў, і карэліччане не праходзяць міма пляцовак.
Накіроўваюся да Вольгі Крышэнь, майстра народна-мастацкіх рамёстваў аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкага Дома рамёстваў», якая праводзіць майстар-клас па вышыўцы «Беларускія матывы».
— Я сёння праводжу майстар-клас па традыцыйнай вышыўцы, — гаворыць майстрыха. — Хачу паказаць асноўныя ўзоры беларускай народнай вышыўкі, якія часта выкарыстоўваліся майстыхамі ў іх рабоце. Гэтыя сімвалы ўніверсальныя як пры вышыўцы, так і пры ткацтве, так і пры карункапляценні. Выявы зямлі, сонца, зерня, дажджу, зоркі, «багач і «спарыш» выкарыстоўваліся як абярэгі ў жыцці, як аповед пра долю майстрыхі.
Сёння буду вышываць «зорку». Бяру жоўтую, карычневую, чырвоную ніткі. Хачу паказаць асноўныя прыёмы пры вышыўцы крыжыкам — гэта найбольш распаўсюджаны прыём. Думаецца, што кагосьці гэта зацікавіць.
І сапраўды, дзяўчынкі падыходзілі і цікавіліся рамяством, а майстрыха з задавальненнем ім тлумачыла.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Дзіяны МАРЦІНЕЎСКАЙ

Translate »