28.03.2024

7 ліпеня, на Івана Купалу, Мірскі замак стаў пляцоўкай для ўнікальнага праекта моладзевага крыла Беларускага саюза жанчын “Дзявочы вянок Міра”.

— Сёння Беларускі саюз жанчын пачынае свой новы праект “Дзявочы вянок Міра”, які будзе акумуляваць лепшыя сацыяльна значныя ідэі і праекты ад маладых членаў нашай арганізацыі, — адзначыла падчас адкрыцця старшыня Беларускага саюза жанчын Алена Богдан. — У аснове ўсіх нашых ідэй — слова “мір”, якое сімвалізуе адзінства нацыі і грамадзянскую згоду. Само месца правядзення — Мірскі замак — гістарычная і духоўная спадчына нашай краіны, сугучнае назве нашага вернісажа, і гэта таксама невыпадкова. Асноўная мэта — пазнаёміць моладзевых лідараў саюза жанчын, зразумець, чаго хоча моладзь, як яна бачыць сябе ў грамадскіх арганізацыях, якія задачы яна будзе вырашаць на карысць нашай краіны.

Маладых беларусак каля Мірскага замка віталі арганізатары імпрэзы: старшыня Гродзенскай обласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Ірына Сцепаненка, дырэктар замкавага комплексу “Мір” Аляксандр Лойка і старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.

— У аснове многіх турыстычных маршрутаў Карэлічччыны ляжыць гісторыя Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, — падкрэсліў кіраўнік раёна. — У чэрвені 1812 года ў Міры адбылася бітва паміж польскай кавалерыяй, якая ўваходзіла ў склад Вялікай арміі, і ар’ергардам 2-й рускай арміі, якая адступала ўглыб Расійскай імперыі. На месцы баталіі сышліся легендарныя асобы — камандуючы польскай кавалерыяй, удзельнік паўстання пад кіраўніцтвам Касцюшкі, генерал Аляксандр Ражнецкі і атаман Данскога казачага войска, генерал Мацвей Платаў.

Нямецка-фашысцкія захопнікі пакінулі шмат незагойных ран на нашай зямлі. У дзень вызвалення Карэліч, 8 ліпеня 1944 года, непадалёк ад Малюшыч быў смяротна паранены генерал-маёр Ян Фогель.

У гонар прыбыўшых гасцей быў дадзены гарматны залп, а ўдзельнікі клуба “Шатландская пяхота” зладзілі анімацыйнае прадстаўленне, прадэманстраваўшы майстэрства валодання зброяй. Падчас экскурсіі па замку жаночыя лідары паўдзельнічалі ў танцальным майстар-класе, які выклікаў шмат эмоцый і дазволіў акунуцца ў атмасферу старажытных баляў.

Вернісаж ідэй “Дзявочы вянок Міра” ўвасобіў прэзентацыі 12 жаночых каманд з усіх абласцей Беларусі. Свае сацыяльныя праекты прадэманстравалі таксама супрацоўніцы Беларусбанка, Белаграпрамбанка, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства ўнутраных спраў і Генеральнай пракуратуры.

Так, Гродзеншчына з праектам “Валошкавы свет” падтрымлівае такія пачынанні прыгожага пола, як творчасць, захаванне гістарычнай памяці, імкненне да духоўнага самаўдасканалення. Дзяўчаты Прынёманскага краю спяваюць пра любоў да Радзімы, увекавечваюць яе вобразы ў творчых работах, не даюць кануць у забыццё імёнам герояў Вялікай Айчыннай. На імпрэзе гродзенкі прадэмастравалі калекцыю моладзевага адзення “Валошкавае мора”.

Жыхаркі Брэсцкай вобласці з праектам “Вайна. Памятаем… Шануем!” захоўваюць памяць пра ўрокі Вялікай Айчыннай вайны і перадаюць іх наступным пакаленням. Нядаўна больш за 200 асобнікаў кніг па гісторыі вайны былі перададзены ў школы і дзіцячыя бібліятэкі. Створана і настольная гульня, праз якую дзеці змогуць хутчэй вывучыць гісторыю ліхалецця.

Члены журы аддалі перамогу камандзе з Мінскай вобласці. Інтэрнэт-праект “Сям’я. by” закліканы дапамагчы кожнай сям’і атрымаць сацыяльную, юрыдычную і іншыя віды дапамогі не выходзячы з дому. Для гэтага патрэбна толькі завесці асабісты электронны кабінет. Яшчэ адзін праект “Персона” можа за некалькі хвілін разлічыць суму пенсіі на бягучы момант. Пакуль праекты дзейнічаюць на тэрыторыі Капыльскага раёна Мінскай вобласці, але плануецца, што “Сям’я.by”  стане агульнарэспубліканскім.

Не менш цікавым аказаўся і сацыяльны анлайн-праект Беларусбанка “Жаночы здаровы лад жыцця. 4 сезона”, які ўяўляе сабой сапраўдны фітнес у дамашніх умовах. Жанчыне дастаткова ўключыць відэаўрок, узяць дамашні спартыўны інвентар і ўдзяліць некалькі хвілін сабе. Актывісткі жаночага руху лічаць, што гэта пабудзіць прыгожую палову да мінімальнага  догляду за сабой і зробіць беларусак ячшэ больш прывабнымі.

Прыз глядацкіх сімпатый і прыхільнасць прысутных у зале забрала з сабой каманда з Гомельскай вобласці. Яны пачалі рэалізоўваць праект “Шчаслівая я”, які скіраваны на дапамогу сельскім жанчынам, што церпяць ад маральнага і фізічнага гвалту. На дапамогу такім ахвярам дамашняга тэрору прыходзяць вузкія спецыялісты: псіхолагі, псіхіятры, мамолагі, гінеколагі, касметолагі. Акрамя таго, жанчын вучаць правільна харчавацца, даглядаць сябе, станавіцца ўпэўненымі ў сабе.

Удзельніцы і пераможцы вернісажу атрымалі падарункі ад арганізатараў.

Самым урачыстым момантам сустрэчы стала цырымонія спуску на замкавае возера вянкоў з кветак і траў “Вянок Міру, Духоўнасці і Адзінства”. Сем вянкоў з сямі куточкаў нашай Беларусі як найлепшыя, сардэчныя пажаданні сваёй Радзіме паплылі па люстраной гладзі.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара  

Translate »