18.04.2024

Паездка на рэгіянальнае свята “Свіслацкі кірмаш” яшчэ раз пацвердзіла: у Карэліцкім раёне жывуць адны з лепшых народных мастрыц, якія памятаюць і берагуць традыцыі продкаў. А ў капілку дасягненняў Карэліцкага Дома рамёстваў лёг яшчэ адзін пераможны Дыплом, які адрасавалі майстрыцы Надзеі Комар з аграгарадка Турэц. Яе рушнікі перамаглі ў абласной выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Рушнік, які яднае і засцерагае”.

—   На свята “Свіслацкі кірмаш”, якому, дарэчы, больш за 200 гадоў, мы павезлі работы дзвюх карэліцкіх майстрыц: Надзеі Комар з Турца і Ганны Сіроцінай з Забердава, — расказвае дырэктар Карэліцкага Дома рамёстваў Юлія Баярэнка. — Абедзве жанчыны з’яўляюцца ўдзельніцамі аматарскага аб’яднання “Карэліцкія вытокі” і надзвычай таленавітыя.

Вышываць навучыліся яшчэ ў дзявоцтве. Існавала тады ў народзе павер’е: не ўмееш вышываць — не возьмуць замуж.  А магчыма, так хітрыя маці прывучалі сваіх дачок да працы, хто ведае. І пасёння, нягледзячы на паважаны ўзрост, Ганне Сіроцінай — 78, а Надзеі Комар — 81, жанчыны не забываюць пра сваё майстэрства: вышываюць і вяжуць сабе і родным.

—      Члены журы аддалі перамогу Надзеі Комар, бо яе работы выкананы ў традыцыйных прыглушаных танах і ўпрыгожаны карункамі ручной работы, а гэта не так часта сустракаецца, — расказвае Юлія Баярэнка. — Увогуле, раней вышыванымі рэчамі вельмі шырока карысталіся ў паўсядзённым побыце, упрыгожвалі вышыванкамі хату. Накідкі на ложкі, падушкі, фіранкі на вокны, дзверы — усё рабілі сваімі рукамі. На адно толькі вяселле колькі патрэбна было рушнікоў: для суджэнцаў, сваякоў, гасцей! Добра, што тэхніка вышыўкі нашых майстрыц не страчана і працягвае нас радаваць.

Іна ЛЕЙКА

Фота дадзена Карэліцкім Домам рамёстваў

Translate »