27.04.2024

У пятніцу ў раённым Доме культуры і народнай творчасці прайшоў конкурс «Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя». Удзельнікі конкурсу падзяліліся сваімі чаканнямі і перажываннямі да канцэрту і адчуваннямі пасля

Удзельніца конкурсу Юлія Бартош да пачатку канцэрта расказала, што імкнецца перамагчы.

— Мне прапанавалі прыняць удзел у конкурсе і я згадзілася, — расказвае дзяўчына. — Я вельмі люблю актыўнасць.

Юлія кажа, што нарадзілася ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, але аб тым, што размеркаванне накіравала яе ў аграгарадок Турэц, яна не шкадуе:

— Мне вельмі падабаецца Карэліцкі раён. Ён прыняў мяне як родную.

Карэліччанка Крысціна Лаўрушчык прызналася перад канцэртам, што хвалюецца, бо ёй не часта даводзіцца выступаць на сцэне:

— На конкурс я прыйшла, каб адчуць адрэналін. Чакаю ад конкурсу новых сяброўстваў і выдатнага настрою.

Знайшла на конкурсе новых сяброў і настаўніца англійскай мовы Таццяна Літвінковіч:

— Я сёння выконваю творчы нумар разам са сваімі вучнямі. У конкурсе вырашыла паўдзельнічаць, бо я актыўная і пазітыўная. Мы пазнаёміліся з маладымі спецыялістамі, якія таксама ўдзельнічаюць у конкурсе, спадзяюся, што будзем з імі сябраваць і пасля сённяшняга вечара.

Пераможцамі раённага конкурсу «Малады спецыяліст ХХІ» стагоддзя 2022” сталі:

Дыпломам трэцяй ступені ўзнагародзілі ветэрынарнага ўрача СВК “Маяк-Заполле” Максіма Бунчука;

Другое месца журы прысудзіла бухгалтару КСУП «Чарняхоўскі-Агра» Юліі Бартош;

Пераможцам конкурсу стала памочнік урача па амбулаторна-паліклічнай дапамозе УЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» Паліна Рабцава.

Уладальнікам першых трох месцаў уручылі грашовыя прызы, а ўсе астатнія маладыя спецыялісты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў і падарункавыя сертыфікаты. Ніхто не застаўся без узнагарод.

        

— Я вельмі рады, што мы аднавілі традыцыю праводзіць конкурсы сярод маладых спецыялістаў, — расказаў пасля конкурсу Яўген Чычкан. — Такім чынам мы зможам даведацца крыху болей пра нашу моладзь, якая, акрамя працоўных пытанняў захапляецца рознымі цікавымі рэчамі. Тое, што сёння яны нам прадэманстравалі, даказвае, што наша моладзь перспектыўная, творчая, актыўная, энергічная. Вельмі прыемна было назіраць за імі. Мы вельмі чакаем, што ў далейшым убачым іх неаднаразова і на гэтай сцэне, і ў нашых агульных справах. Жадаю ім поспехаў.

За кулісамі сваімі адчуваннямі пасля конкурсу падзяліліся і пераможцы.

— Я перанасычаны эмоцыямі! — расказаў уладальнік трэцяга месца Максім Урбанчук. — Вельмі рады, што атрымалася выступіць, што ўсё атрымалася так, як павінна было. Я шчаслівы, што прыняў удзел.

— Вельмі прыемна было паўдзельнічаць, атрымаць адрэналін і асалоду ад сцэны, — кажа Юлія Бартош. — Усіх заклікаю да актыўнасці, вы дакладна не пашкадуеце!

— Хваляванне бешанае, — дзеліцца пераможца конкурсу Паліна Рабцава. — Я разлічвала на перамогу, і ў мяне атрымалася. Галоўнае, што я пераадолела страх сцэны, гэта было самым складаным.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара

Translate »