27.04.2024

Сельская гаспадарка

Гаспадаркамі раёна выраблена прадукцыі на суму 232,4 млн рублёў. Удзельная вага ў вобласці па вытворчасці валавага прадукта складае 5%.

Вытворчасць малака склала 85 773 кг, вытворчасць зерня — 116,1 тысячы тон.

У СВК “Маяк-Заполле” пачала працу лінія па вытворчасці рапсавага алею і шроту магутнасцю 2,5 тысячы тон у год.

У СВК “Маяк-Заполле” пачалося будаўніцтва малочнатаварнай фермы на 610 галоў каля в. Востухава.

У СВК “Жухавічы” ўведзена ў эксплуатацыю малочнатаварная ферма на 610 галоў каля в. Кожава. Кошт аб’екта – 11, 2 млн рублёў.

 

Валерый Аляшкевіч, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці СВК “Маяк-Заполле”:

— Зразумела, калі ў гаспадарцы высокая ўраджайнасць, значыць ёсць праца, за якую добра плацяць. Плюс за высокую прадуктыўнасць атрымліваем прэміі. У СВК пастаянна клапоцяцца пра сваіх супрацоўнікаў. Так, напрыклад, кіраўніцтва прадпрыемства дапамагае аплачваць пуцёўкі ў аздараўленчы лагер для дзяцей і ў санаторыі для дарослых.

Ганна Марук, аператар машыннага даення МТФ “Востухава”:

— На будучую ферму ўскладаем вялікія надзеі. Палепшацца бытавыя ўмовы, нам будзе значна лягчэй працаваць. На цяперашняй ферме каровы знаходзяцца на прывязным утрыманні, на новай будуць на бяспрывязным. Не трэба будзе пераганяць статак на дойку, затым гнаць назад, насіць апараты — там усё будзе на адным месцы. Лагічна, што з увядзеннем новай фермы павялічацца надоі і якасць малака, а значыць і нашы зарплаты.

Наталля Сідар, аператар машыннага даення МТФ “Кожава”:

— З увядзеннем у эксплуатацыю новай фермы стала значна лягчэй працаваць.  Ручной працы зараз мінімум, амаль усё аўтаматызавана. Палепшыліся ўмовы: мы працуем у цяпле і большай утульнасці. Усё, што неабходна для працы і адпачынку, знаходзіцца ў адным месцы: душавы пакой, памяшканне, дзе можна пераапрануцца, зона для адпачынку. У такіх умовах і працаваць весялей. Усё чыста, прыгожа, новае абсталяванне.

 Галіна Кухарчык, аператар машыннага даення МТФ “Райца-2”:

— Праца наша нялёгкая, але і зарплата адпавядае. Выходзіць прыкладна каля дзвюх тысяч рублёў заробку. За час, пакуль я тут, зарплата толькі павялічвалася. Сістэма простая: больш надоена якаснага малака — больш у нашым кашальку. Прадпрыемства стварае ўсе ўмовы для таго, каб мы маглі працаваць ва ўтульных умовах і адпачыць пасля працы. Напрыклад, мне прапанавалі паехаць адпачыць у санаторый па сімвалічным кошце, астатнюю суму выплаціць прадпрыемства.

 

Эканоміка

Аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 66,6 млн рублёў, або 116,6% да 2021 года.

Тэмп росту заработнай платы склаў 119,3%.

Насельніцтва абслугоўваюць 143 гандлёвых аб’екта. На 1 тыс. чалавек прыходзіцца 523,1 кв. м гандлёвых плошчаў пры нарматыве 480 кв. м.

Экспарт тавараў складае 3663 тысячы долараў ЗША.

Наталія Патук, 

жыхарка в. Забалацце:

– У многіх вёсках нашага раёна ўтрымліваць стацыянарны магазін эканамічна не апраўдана. Разам з тым, нават адзіны жыхар апусцелай вёсачкі не павінен адчуваць сябе абдзеленым. Яму патрэбны свежыя прадукты і іншыя тавары ў разнастайным асартыменце і па стандартных цэнах. І гэта ўсё ёсць, дзякуючы выязному гандлю, прадстаўленых, у асноўным, аўталаўкамі Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Аўталаўка ў  вёску прыязджае па раскладзе, дэфіцыту прадуктаў няма.  Асартымент разнастайны: і каўбаска, і рыба,  і цукеркі, і печыва, адным словам, можна набыць усё неабходнае. Закупляюся адразу на некалькі дзён, бо бывае аўталаўка ў вёсцы тры разы на тыдзень.

Наталля Дасько,

адказны за ідэалагічную работу ААТ “Карэлічы-Лён”:

– Па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці за студзень-снежань 2022 года прадпрыемства ААТ “Карэлічы-Лён” спрацавала прыбыткова. Чысты прыбытак склаў 1733 тыс. рублёў.  Такая  праца  дазволіла з 1 студзеня 2023 года павялічыць  базавую стаўку, якая дзейнічала на прадпрыемстве,  на 25%,   абнавіць машынна-трактарны парк сямю  адзінкамі тэхнікі,  зрабіць рамонт у цэхах асноўнай вытворчасці.  Работнікаў  заахвочваюць  выплатамі  і падарункамі да святаў,   усе жадаючыя маюць магчымасць  паправіць сваё здароўе ў санаторыях Беларусі.

Будаўніцтва

Аб’ём будаўніцтва склаў 3212 м кв. жылых памяшканняў і вырас на 13,4%.

Пабудавана аб’язная дарога вакол г.п. Мір працягласцю 4,57 км коштам 15,4 млн рублёў.

У агр. Ярэмічы з’явілася новая станцыя абезжалезвання.

В агр. Еремичи построена станция обезжелезивания воды

Праведзены капітальны рамонт дамоў па вуліцах Прытыцкага, 1а і Савецкая, 21 у г.п. Карэлічы.

У г.п. Карэлічы на вул. Гастэлы з’явілася новая гульнявая пляцоўка «Паласа перашкод» коштам 30 тысяч рублёў.

Адрамантавана 13,2 км мясцовых дарог.

Ала ГІМПЕЛЬ,

жыхарка дома № 1-а па вуліцы Прытыцкага  г.п. Карэлічы:

— Важная падзея адбылася ў жыцці жыхароў  дома па вуліцы Прытыцкага, 1-а ў райцэнтры. Напрыканцы мінулага года зроблены капітальны рамонт шматпавярховіка. Адрамантавалі дах, фасад і ўнутрыдамавыя камунікацыі — і наша жыццё набыло новую якасць. Усе гэтыя работы будаўнікі выканалі хутка і якасна. Зараз камунальнікі праводзяць рамонт у пад’ездах. Жыць у прыгожым і ўтульным доме — адно задавальненне.

Марына МЕЛЬНІКАВА,

загадчык Ярэміцкага фельчарска-акушэрскага пункта:

— Як спажывец і як медыцынскі работнік я вельмі задаволена, што ў аграгарадку Ярэмічы пабудавалі станцыю абезжалезвання: у выніку вада стала  чыстай, блакітнай, без паху. Як прыемна зараз ужываць ваду добрай якасці. Ванну ўжо не трэба адмываць пры дапамозе эфектыўных мыйных сродкаў, як гэта рабілі раней. Добрай якасці вада і на фельчарска-акушэрскім пункце, што немалаважна для здароўя людзей. 

Кацярыны Пугач, 

мнагадзетная маці з г.п. Карэлічы:

– Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ў нас з’явіўся шанс  набыць  жыллё.  Пасля нараджэння  чацвёртага дзіцяці мы выкарысталі  мацярынскі капітал,  узялі ў банку льготны крэдыт на набыццё жылля і купілі  дом.

Бывае, часам сяду і думаю: няўжо гэта здарылася з намі і цяпер мы будзем паўнапраўнымі гаспадарамі ўласнага дома? Вядома, гэтай падзеі чакаем усе, бо ў хуткім  часе мы пераедзем у новы дом. Вельмі добра, што ў нас ёсць такая падтрымка і дапамога з боку дзяржавы. Бо хто ведае, можа, без гэтай падушкі бяспекі наша мара так і засталася б марай.

Алена ВЫРКО,

індывідуальны прадпрымальнік, дырэктар ПГУП «Біола», жыхарка г.п. Карэлічы:

— Як усё-такі цудоўна, калі ідзеш альбо едзеш па добраўпарадкаванай дарозе. А калі заасфальтаваная вуліца каля твайго дома, па якой ходзіш з дня ў дзень, удвайне прыемна: гэта твае блізкія сэрцу сцяжынкі. Радасць з суседзямі адчулі, калі праклалі асфальт па вуліцы Царука ў райцэнтры. Дарожнае пакрыццё стала роўным і гладкім. Работы выкананы якасна, за што дзякуем дарожнікам. Больш бы такіх прыемных сюрпрызаў сустракалася ў нашым жыцці, і каб  мы ў простых рэчах знаходзілі шчаслівыя імгненні жыцця.

Медыцына

У паліклініцы Карэліцкай ЦРБ з’явілася электронная чарга.

Адрамантаваны дзённы стацыянар і рэгістратура Карэліцкай раённай паліклінікі на суму 64 тыс. рублёў.

Мірская гарадская паліклініка пераехала ў будынак Мірскай гарпасялковай бальніцы.

Іраіда Цвірко,

жыхарка г.п. Мір:

– Наша паліклініка перамясцілася ў будынак Мірскай бальніцы, і мы ацанілі ўтульнасць і камфорт знаходжання ва ўстанове аховы здароўя. Дастойная тэхнічная база. Можна прайсці ўсе неабходныя  абследаванні. Свой фізкабінет, лабараторыя, добры УГД-апарат,  апараты для ЭКГ.  У  раённы цэнтр  накіроўваемся толькі для кансультацыі вузкіх спецыялістаў:  акуліста, эндакрынолага, гінеколага  альбо для больш дасканалых абследаванняў.

Вольга Кошур, 

жыхарка г.п. Карэлічы:

 —  Добра, што ў бальніцы ёсць такая магчымасць —  выбраць камфортныя ўмовы знаходжання, асабліва тады, калі медыцынская дапамога патрэбная дзецям.  Усё на месцы: і халадзільнік, і электрачайнік, і тэлевізар, і мікрахвалевая печ  —   гэта вельмі зручна. Дзеці маюць магчымасць паглядзець любімыя мультфільмы, пры жаданні ў любы час можна зрабіць сабе і дзецям гарбату, пагрэць ежу.

Адукацыя

Рэйтынг навучальных дасягненняў павялічыўся да 7,2 бала, колькасць вучняў, якія займаюцца на 9-10 балаў, да 6,3%.

Па выніках навучальнага года 5 выпускнікоў атрымалі залатыя медалі, 6 дзевяцікласнікаў – пасведчанні з адзнакай.

 Таццяна Шаплыка,

дырэктар ДУА «Сярэдняя школа імя  Г. І. Сташэўскай г.п. Мір»:

— STEAM-цэнтр хутка  з’явіцца ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі г.п.Мір – вучні атрымаюць магчымасць вучыцца творча, развіваючы такія кампетэнцыі ХХІ стагоддзя, як камунікацыя, крытычнае і крэатыўнае мысленне, праца ў камандзе, што забяспечвае больш шырокія магчымасці ў будучым падчас выбару прафесіі.

Першыя крокі на гэтым шляху зроблены: ужо пастаўлены камплекты робататэхнічнага абсталявання, планшэты, набыта неабходная мэбля.

Міністэрствам адукацыі распрацавана  і зацверджана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў,   дзякуючы якой  вучні II-IV і V-VII класаў будуць асвойваюць асновы праграміравання і робататэхнікі. Гэта будзе садзейнічаць развіццю інжынернага стылю мыслення,  дазволіць сфарміраваць траекторыю «зацікаўлены вучань — выдатны студэнт — кваліфікаваны работнік».

Спорт

На стадыёне “Юнацтва” ўстаноўлены антывандальны трэнажорны комплекс.

Завершана будаўніцтва сучаснай міні-футбольнай пляцоўкі з сінтэтычным пакрыццём у г.п. Мір.

8 выхаванцаў залічаны ў спісачныя саставы нацыянальных і зборных каманд Рэспублікі Беларусь.

 Наталля Галушка,

старшыня Карэліцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба:

— Адкрытая спартыўная пляцоўка ўжо ў першыя дні паказала сваю эфектыўнасць: у цёплы час кожны дзень хтосьці на ёй займаўся, не было дня, каб туды не прыйшлі дзеці або дарослыя. З’явіліся і пастаянныя аматары спорту. Людзі разумеюць, што важна даваць арганізму нагрузку, падтрымліваць сваё цела ў тонусе. А дзеткам, якія сюды прыходзяць, ёсць месца, дзе можна цікава і карысна правесці свой час.

Наталля КАКАРЭКА,

жыхарка райцэнтра, шматдзетная маці:

— Летась па вуліцы Гастэлы ў гарадскім пасёлку Карэлічы адкрылі  дзіцячую гульнявую пляцоўку. Гэта стала сапраўдным падарункам для дзяцей, якія жывуць у бліжэйшых дамах. У першыя дні пасля яе адкрыцця было асабліва шматлюдна, хаця і пазней дзятва праяўляла цікавасць да новага аб’екта і спяшалася сюды. Я з шасцігадовым Глебам і трохгадовым Мацвеем прыходжу сюды. Дзеці знаходзяць тут шмат цікавага: катаюцца з горкі, ходзяць па перакладзінах, падцягваюцца на канатах, і іх твары свецяцца радасцю.

Аляксандра ЛАЗАРЭВІЧ,

член Віцебскага гандбольнага клуба «Віцябчанка», ураджэнка г.п. Карэлічы:

— Закончыўшы 9 класаў СШ № 1 г.п. Карэлічы, пераехала ў Мінск. З  2019 года вучылася ў Рэспубліканскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву. У складзе зборнай па гандболе ігракоў 2004 года нараджэння выязджалі на міжнародныя турніры і ўдзельнічалі ў Чэмпіянаце Беларусі.

У 2021 годзе, закончыўшы вучылішча, паступіла ў БДУ фізічнай культуры. Летам гэтага ж года падпісала кантракт з Віцебскім гандбольным клубам «Віцябчанка». У Віцебску ўсё было ў навінку: дарослая каманда, іншыя задачы, захапленні і, безумоўна, трэніровачны працэс. Зараз з камандай прадстаўляю Віцебскую вобласць на Чэмпіянаце Беларусі.

Прайшло 13 гадоў, як я ў гэтым спорце. А час, калі мяч у маіх руках стаў ручным, успамінаю пастаянна. З любоўю і шчырасцю дзякую свайму першаму трэнеру Тамары Уладзіміраўне Прохар за старт майго шляху ў гандболе.

Культура

14 творчых калектываў раёна маюць званне “народны”, “узорны”.

Штогод праводзіцца звыш 150 тэатралізаваных свят, абрадаў і прадстаўленняў.

8 навучэнцаў школ мастацтваў сталі стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Наталля ШПАКОЎСКАЯ,

загадчык аддзела метадычнай работы ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці»:

— 2022 год для  клубных устаноў культуры Карэліччыны быў вельмі насычаным на падзеі. На працягу года вялася праца па падрыхтоўцы пакета дакументаў па ўключэнні ў дзяржаўны спіс элемента “Традыцыя бытавання народнага лялечнага тэатра ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці  (Мірская батлейка)”.

29 снежня на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь наданы статус гісторыка-культурнай  каштоўнасці  элементу  “Традыцыя бытавання народнага лялечнага тэатра ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці  (Мірская батлейка)”.

У лістападзе для папулярызацыі традыцыйных відаў рамёстваў Карэліцкага краю ў РЦКіНТ адкрыта выставачная зала. Летась створана копія дзіцячага святочнага касцюма канца XIX-пачатку XX стагоддзя.

Падрыхтавалі Іна ЛЕЙКА, Сяргей СТОЛЯР,

Кацярына КУКАНАВА, Галіна СМАЛЯНКА

Translate »