12.05.2024

У Мінску праходзіць XXV Міжнародная выстава турыстычных паслуг “Адпачынак-2023”.

Экспазіцыя юбілейнай выставы аб’ядноўвае больш за 300 удзельнікаў турыстычнай індустрыі. Сярод удзельнікаў выставы — карэліччане Дзмітрый Манкевіч з сядзібы “Мірскія крыніцы” і Таццяна Карпіцкая з гасцінічнага комплексу “Мірскі пасад”.

— Вельмі насычанае мерапрыемства, — дзеліцца ўражаннямі Дзмітрый. — Выстава мае статус міжнароднай, і ўсёй сваёй сутнасцю пацвярджае гэта. Тут размешчана вельмі многа кропак, стэндаў, якія рэкламуюць турыстычныя паслугі з іншых краін. Вельмі добра прадстаўлены беларускія прадпрыемствы. На выставе вельмі шмат наведвальнікаў, заўважна цікавасць патэнцыйных турыстаў, наведвальнікаў мерапрыемства і да аграсядзіб, і да іншых турпрадуктаў. Мы прапануем прадукты свайго прадпрыемства “Налібокі не далёкі”, прэзентавалі свой першы тур, які ўключае наведванне нашых родных месцаў разам з майстар-класамі ў сядзібе. На такой выставе ў першы раз, упершыню заяўляем аб сабе такім чынам. Уражанні самыя лепшыя. Чакаем павышэння цікавасці да нашага прадпрыемства і павелічэння колькасці наведвальнікаў.

— Выстава праходзіць на высокім узроўні, — расказвае Таццяна. — Да нас падыходзяць наведвальнікі, якіх мы знаёмім з нашым комплексам, праводзім дэгустацыі, раздаём свае візіткі, запрашаем наведаць нас. Арганізавана мерапрыемства на высокім узроўні і дае магчымасць запрасіць гасцей у наш комплекс, завесці новыя знаёмствы, у тым ліку і дзелавыя. Любы кантакт з людзьмі мае свой вынік, асабліва, калі гэтыя кантакты знаходзіш на мерапрыемстве міжнароднага ўзроўню.



Сяргей СТОЛЯР

Фота прадастаўлена сектарам спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама

Translate »