20.05.2024

Мэта фестываля – захаванне і адраджэнне народнага танца.

Фестываль-свята адбудзецца 27 мая на базе філіяла «Дзiтвянскi Дом культуры» Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Праект накіраваны на адраджэнне і захаванне народнага танца, традыцыямі якога славіцца Гродзеншчына.

Як паведамілі ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, аматары беларускага традыцыйнага харэаграфічнага мастацтва з усёй Гродзенскай вобласці з’едуцца ў аграгарадок Дзітва, каб прадэманстраваць лепшыя ўзоры беларускіх народных парных танцаў у чатырох узроставых катэгорыях ад 6 да 50 і больш гадоў з захаваннем мясцовага адметнага выканальніцкага стылю.

– Традыцыйнымі у рамках фестывалю-свята стануць выступленні лепшых фальклорных калектываў Гродзеншчыны, майстар-класы па побытавых танцах, флэшмоб «Танцуем разам» і, канечне ж, выстаўка вырабаў майстроў народнай творчасці, на якой можна будзе набыць сабе падарункі і сувеніры на любы густ, – паведаміла намеснік дырэктара абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч. – Будзе весела і сапраўды «па-народнаму», але самае галоўнае, што гэтыя мясцовыя традыцыйныя танцы, адметныя сваім яскравым фальклорным каларытам і міжканфісіянальнай талерантнасцю, работнікі культуры Гродзеншчыны абавязкова захаваюць і перададуць у спадчыну нашчадкам.

Так, на танцавальнай пляцоўцы выступяць лепшыя фальклорныя калектывы вобласці: узорны фальклорны калектыў «Скарбоначка» Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору Шчучынскага раёна, фальклорны гурт «Крынічка» сельскага клуба «Азеркі» Мастоўскага раённага цэнтра культуры, танцавальны калектыў «Сучаснасць» Навагрудскага аграрнага каледжа, танцавальны калектыў «Спадчына» Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, інструментальная група народнага ансамбля народнай музыкі і песні «Цырынскія музыкі» і многія іншыя актыўныя ўдзельнікі свята.

Translate »