20.05.2024

Праз увесь мінулы працоўны тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі чырвонай ніткай прайшло слова “мір”. Кіраўнік краіны сказаў важную фразу: “Без міру не можа быць устойлівага развіцця на планеце”. Гэтыя словы павінны стаць пастулатам для лідара кожнай дзяржавы на нашай планеце, — лічыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА РГА «Беларускі саюз жанчын» Нэлі Маісеенка.

Віншуючы суайчыннікаў з Днём Перамогі, Прэзідэнт адзначыў, што праўда перамогі і энергія стварэння дапамагаюць беларусам быць мацнейшымі, забяспечваюць надзейную абарону і росквіт роднай зямлі

Гэтыя словы пацвярджаюць і вынікі тэлефоннага сацыялагічнага апытання: больш за 91% беларусаў цікавая гісторыя Вялікай Айчыннай вайны. Такая цікавасць беларусаў да гэтай тэматыкі зразумелая. Напэўна, няма ў нашай краіне ніводнай сям’і, якую не закранула б сваім чорным крылом вайна. Мы шануем памяць аб 227 воінах і партызанах, якія загінулі пры вызваленні Карэліцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 1864 жыхарах раёна, якія аддалі жыццё за Радзіму ў Вялікай Айчыннай вайне.

9 Мая Прэзідэнт пабываў і на святкаванні Дня Перамогі ў Маскве на Краснай плошчы. Акрамя Прэзідэнта Беларусі, у Маскве на парадзе прысутнічалі прэзідэнты Казахстана, Узбекістана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана, прэм’ер-міністр Арменіі. Перад пачаткам мерапрыемства кожнага асабіста вітаў расійскі лідар Уладзімір Пуцін. Такое адзінства лідараў народаў-пераможцаў наглядна дэманструе гатоўнасць супрацьстаяць гістарычным фэйкам і спробам перапісаць гісторыю, тым самым абараняючы нацыянальную бяспеку. Гідра фашызму, у гады Вялікай Айчыннай вайны пераможаная фізічна, але не ідэалагічна, спрабуе падняць галаву. У імя памяці загінулых мы павінны адсякаць галовы ў сусветнага фашызму.

На тыдні стала вядома, што генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш запрасіў Прэзідэнта Беларусі прыняць удзел у саміце па мэтах устойлівага развіцця, які пройдзе ў верасні 2023 года. У лісце Генеральнага сакратара ААН гаворыцца пра важнасць выкаранення галечы, скарачэння няроўнасці і абароны навакольнага асяроддзя. Аднак шматлікія крызісы апошніх трох гадоў нанеслі сур’ёзны ўдар па намаганнях, накіраваных на выкананне мэтаў устойлівага развіцця. У адказ наш Прэзідэнт падкрэсліў, што беларуская зямля прапітана крывёю вайны, таму кожны беларус шануе мір не толькі ў сваёй краіне, але і на ўсёй планеце. Літаральна ў кожным публічным выступленні Аляксандр Лукашэнка заклікае супрацьлеглыя бакі сесці за стол перамоў і дамовіцца. Прэзідэнт заявіў, што маючы адбыцца саміт павінен выразна абазначыць узаемасувязь паміж мірам і ўстойлівым развіццём і тым самым даць імпульс да пачатку глабальнага дыялогу па бяспецы. Аднак санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі шэрагам еўрапейскіх краін, не дазваляюць краінам Афрыкі і Лацінскай Амерыкі атрымліваць нашы калійныя ўгнаенні, што можа прывесці да голаду. «Санкцыі сталі зброяй. Яны здольныя забіваць!»— падкрэсліў Прэзідэнт. Беларусь будзе актыўна садзейнічаць падрыхтоўцы саміту і прыме ўдзел у гэтым важным мерапрыемстве на дастойным узроўні.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара

Translate »