20.05.2024

Больш як 40 дэлегатаў 26 мая сабралася ў актавай зале Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў, дзе адбылася ўстановачная канферэнцыя па стварэнні Карэліцкага раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь”.

Удзел у гэтым важным палітычным мерапрыемстве прынялі не толькі актывісты РА РГА “Белая Русь”, але і старшыня рённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. На парадку дня арганізацыйныя пытанні: стварэнне раённага аддзялення новай партыі з правам юрыдычнай асобы, выбар Савета раённага аддзялення Партыі, яе старшыні, намеснікаў і іншыя пытанні.

Працу канферэнцыі пачаў старшыня РА РГА “Белая Русь” Яўген Чычкан, які адзначыў, што 13 мая прайшло пасяджэнне Вышэйшага палітычнага савета Беларускай партыі “Белая Русь”, на якім было прынята рашэнне аб фарміраванні арганізацыйных структур ва ўсіх раёнах краіны. У ходзе абмеркавання пытанняў партыйнага будаўніцтва адзначана зацікаўленасць нашых грамадзян стаць ўдзельнікамі гэтага працэсу.

Як адзначыў Аляксандр Шкадаў, сёння Беларусь знаходзіцца ў сітуацыі выкліку, які кінуты з боку знешніх сіл, недружалюбных у дачыненні да нашай краіны, і ў гэтым сэнсе народ і дзяржава павінны быць адзінымі, арганізаванымі, нацэленымі на абарону сваёй краіны, нацыянальных інтарэсаў. Ужо сёння можна гаварыць, што БП “Белая Русь” – народная, бо яе склад – прадстаўнікі ўсіх прафесій, сфер дзейнасці, узростаў, але аб’ядноўвае іх адно – жаданне быць карыснымі сваёй Айчыне, рабіць усё для развіцця і працвітання роднай Беларусі.

У ходзе работы канферэнцыі быў абраны савет раённага аддзялення партыі, у які ўвайшлі сем чалавек. Старшынёй савета Карэліцкага раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” стаў Яўген Чычкан.

Намеснікамі, а ў раённым аддзяленні іх павінна быць два, абраны Кацярына Варанко і Фёдар Жук, вядомыя сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Таксама вызначаны кандыдаты абласной установачнай канферэнцыі.

– Веру, што раённае аддзяленне партыі стане добрай падтрымкай выканаўчай улады, – зазначыў старшыня савета Карэліцкага раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Яўген Чычкан. – У калегіяльныя органы абраны людзі актыўныя, патрыёты, якія валодаюць жаданнем працаваць на карысць Радзімы. А ведаючы іх пазіцыю, энергічнасць, упэўнены, што наша раённае аддзяленне будзе заўсёды і ва ўсім першым.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара

Translate »