27.04.2024

1 чэрвеня а 17 гадзіне на галоўнай плошчы гарадскога пасёлка Карэлічы  ладзілася цудоўнае свята «Энергія лета», якое прысвячалася Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Усё ў гэты сонечны дзень спрыяла таму, каб яшчэ раз нагадаць пра тое, што дзяўчынкі і хлопчыкі вельмі таленавітыя і старанныя, і пра іх праяўляецца клопат з боку дзяржавы, школы, бацькоў.

Для ўрачыстага адкрыцця свята слова прадастаўляецца намесніку старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыні раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Яўгену Чычкану.

Прадстаўнік мясцовай улады павіншаваў дзяцей з наступленнем лета і канікул, пажадаў  добра адпачыць і захоўваць усе правілы бяспекі, а бацькам праяўляць пра іх пастаянныя ўвагу і клопат. Яўген Мікалаевіч уручыў дыпломы аб заканчэнні ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» яе выпускнікам.

Дыпломы і каштоўныя падарункі атрымалі неаднаразовыя пераможцы і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў па гандболе Дзіна Сас, Аляксандра Клаўсуць, Яўгенія Лаўровіч, Ксенія Кузьміч.

 

За поспехі ў вучобе, удзел у абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах адзначана Арына Герасімава; за поспехі ў вучобе, актыўны ўдзел ў творчым жыцці школы — Паліна Герасімава; за актыўны ўдзел у творчым жыцці школы, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах — Мілана Кудрыцкая — навучэнкі ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў».

Начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Асташэвіч і першы сакратар Карэліцкага РК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Аксіння Ждан былі запрошаны на сцэну для ўшанавання лепшых сем’яў раёна: Таццяны і Аляксандра Ульянка, якія выхоўваюць траіх дзяцей: Уладзіслава, Арыну, Сафію. У сям’і Марыны і Алега Сас растуць Дзіна і Карына, якія радуюць бацькоў сваімі поспехамі. З нагоды свята Ірына Валер’еўна пажадала ўсім дзяўчынкам і хлопчыкам сонечнага яркага лета, шмат станоўчых эмоцый, цікавых паходаў, новых сяброў.

Беларускаму дзіцячаму фонду споўнілася 35 гадоў, і на яго рахунку — шмат добрых спраў і карысных акцый. Старшыня раённага аддзялення фонду Вольга Куляка ўручыла падарачныя сертыфікаты Яне Дудук (ДУА «Красненская сярэдняя школа»), Марыне Абрамовіч (ДУА «Турэцкая сярэдняя школа»), Дар’і Качан (ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»).

Завітала на свята і старшыня раённага савета ветэранаў Валянціна Кошур. Ветэранскі лідар павіншавала з Міжнародным днём абароны дзяцей, пажадала дзяўчынкам і хлопчыкам добрага лета і адзначыла ўдзельнікаў конкурсу дзіцячага малюнка «Нам мір завешчана берагчы», які быў прысвечаны 78-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сярод іх — Таццяна Пякарская з ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» (першае месца), Вікторыя Дземяновіч з ДУА «Турэцкая сярэдняя школа», а таксама адзначаны Уладзімір Борыс і Валерыя Саўко з ДУА «Райцаўская сярэдняя школа».

Свята атрымалася цудоўным, бо ўсё тут было для дзетвары. Выступалі лепшыя творчыя дзіцячыя калектывы і выканаўцы раёна. Увазе малышоў былі прадастаўлены вялікія надуўныя замкі і батуты. Дзеці маглі пакатацца на электрычных машынках і жывых поні. Увагу прыцягвалі гандлёвыя палаткі з сувенірамі і цацкамі, пляцоўка для самых маленькіх. Жадаючыя маглі купіць паветраныя шары, бяспройгрышную латарэю, папкорн, нанесці аквагрым. Было цікава і весела, і свята дзяцінства трэба было наведаць як дзецям, так і дарослым. Нездарма бытуе меркаванне, што ўсе мы родам з дзяцінства, і гэта сапраўды здорава.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА

Translate »