27.04.2024

 

10 чэрвеня. Субота. А 17 гадзіне на галоўнай плошчы райцэнтра сабраліся выпускнікі, настаўнікі, бацькі, госці. Усе ў чаканні цудоўнага свята, якое аб’ядноўвае ўдзельнікаў і пакідае добры след у іх сэрцах.

ПА ДОБРАЙ ТРАДЫЦЫІ

Цёплае і пяшчотнае, як промні летняга сонейка, светлае і добрае, як блакіт неба, чыстае і хвалюючае, як подых свежага ветрыка, свята ўспрымаецца па-асабліваму. Урачытасць выклікае трапяткія пачуцці: выпускны баль — развітанне са школай, і гэты дзень назаўсёды застанецца ў памяці дзяўчат і юнакоў.

Па добрай традыцыі на ўрачыстасць прыходзяць прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, бацькі, вучні, каб раздзяліць з выпускнікамі радасць і хваляванне, выказаць пажаданні і наказы ім на дарогу. Лепшыя з лепшых ушаноўваюцца — атрымліваюць узнагароды за старанную вучобу, актыўны ўдзел у жыцці школы, грамадскую дзейнасць. Кожны момант свята ўражвае, вальс выпускнікоў выклікае захапленне, кранаюць словы вядучых і мелодыі  выканаўцаў. Так было і ў гэты раз: яно атрымалася на славу, а яшчэ паспрыяла прырода, і ва ўсіх быў прыўзняты настрой.

ЧАЛАВЕК — ГУЧЫЦЬ ГАНАРОВА!

У сваёй прамове старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў назваў выпускны баль яркім святочным днём, на якім поруч з радасцю прысутнічаюць ноткі суму. Школьнае жыццё засталося толькі ва ўспамінах, як першы клас, першы званок, першая адзнака, першае каханне. Выпуснікі ўступаюць у складаны этап жыцця, дзе самім прыйдзецца прымаць рашэнні. Прамоўца адзначыў, што вельмі важна заставацца добрымі, сумленнымі, нераўнадушнымі, і выказаў упэўненасць, што ў выпускнікоў будзе доўгае і шчаслівае жыццё. Пажадаў жыць у мірнай незалежнай краіне, быць здаровымі і паспяховымі.

Аляксандр Віктаравіч уручыў прэмію Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта імя Ігната Дамейкі і «залатую зорку» вучаніцы 11 класа ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай» Яне Філончык і выпускніцы 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Лізавеце Шавейка.

Ва ўрачыстасці прыняў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін, які шчыра павіншаваў дзяўчат і юнакоў з важнай падзеяй ў іх жыцці. Падзякаваў педагогам за ўклад, які яны ўняслі ў выхаванне выпускнікоў. Аляксандр Генрыхавіч пажадаў маладым зрабіць упэўнены крок у жыцці, знайсці сваю справу, стварыць сям’ю, пабудаваць дом, здароўя і шчасця. Уручыў падарачны сертыфікат вучню 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Аляксею Палуяну.

ДЗВЕ «ЗАЛАТЫЯ» ЎЗНАГАРОДЫ

Начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Асташэвіч пяшчотна і ўзвышана звярталася да выпускнікоў: «Наступіў ўрачысты і хвалюючы дзень, і гэта пачатак новай жыццёвай дарогі, у якую накіруюцца 68 дзяўчат і юнакоў. Гэта яркая падзея, важная таксама для настаўнікаў і бацькоў. Ірына Валер’еўна пажадала выпускнікам заставацца людзьмі, нагадала, што сваю жыццёвую дарогу кожны пракладвае сам, і не трэба сыходзіць з абранага маршрута. Параіла не забываць пра бацькоў і настаўнікаў, якія на працягу ўсяго школьнага жыцця дапамагалі і падтрымлівалі.

— Няхай гэтая ўрачыстасць у Год міру і стварэння назаўсёды застанецца ў памяці! — заклікала прамоўца.

Кіраўнік галіны адукацыі раёна ўручыла залатыя медалі і «залатыя зоркі» выпускнікам, а падзячныя пісьмы іх бацькам.  У «залатым» спісе вучні, якія атрымалі атэстат асаблівага ўзору з узнагародай залатым медалём — Яна Філончык (ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір» імя Г. І. Сташэўскай»), Аляксандр Худніцкі, Лізавета Шавейка, Ксенія Шавейка (ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы»).

Права перадаць летапіс выпускнікоў начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Ірыне Асташэвіч было прадастаўлена Ксеніі Шавейка.

КЛАСНЫ КІРАЎНІК — САМЫ КЛАСНЫ

Так мяркуюць выпускнікі школы, менавіта ён на працягу 11 гадоў сеяў разумнае, добрае, вечнае. Класны кіраўнік укладваў у дзяўчат і юнакоў часцінку свайго сэрца, каб яны выраслі дастойнымі людзьмі. Дарыў сваю любоў і клапаціўся, каб з гадамі яны станавіліся лепшымі, вучыў сумленнасці, справядлівасці, надзейнасці.

У намінацыі «Класны кіраўнік» «залатая зорка» ўручана Віктару Уладзіміравічу Безняку з ДУА «Райцаўская сярэдняя школа», Юліі Іванаўне Жук з ДУА «Жухавіцкая сярэдняя школа», Таццяне Мікалаеўне Карзан з ДУА «Лукская сярэдняя школа», Ларысе Вячаславаўне Каркозавай з ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. п. Карэлічы», Людміле Іванаўне Крывіцкай з ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. п. Карэлічы», Марыне Мікалаеўне Парфёнка з ДУА «Красненская сярэдняя школа», Алене Сяргееўне Хваль з ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай», Людміле Уладзіміраўне Шайбак з ДУА «Цырынская сярэдняя школа».

ПРЭМІІ І СТЫПЕНДЫІ ЛЕПШЫМ

Права ўручыць прэмію РГА «Белая Русь» вучням, якія паказалі высокія вынікі ў вучэбнай, інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці, прадастаўляецца намесніку старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўгену Чычкану. Сярод узнагароджаных — вучаніца 11 класа ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай» Ангеліна Стэльмах і вучань 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Аляксандр Худніцкі.

Яўген Чычкан пажадаў дзяўчатам і юнакам, каб у іх заўсёды была мара, і іх ніколі не мінула ўдача, а самі выпускнікі лавілі кожны момант жыцця, і каб яно было цікавым і змястоўным, былі здаровымі і шчаслівымі.

Таленавітым і творчым вучням раёна ўручаецца стыпендыя Беларускага дзіцячага фонду і Беларускага фонду міру. Слова трымала старшыня раённага аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд», галоўны спецыяліст Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Вольга Куляка, якая назвала гэты дзень вельмі хвалюючым, бо кожны мае дачыненне да свята. Вольга Віктараўна пажадала выпускнікам у жыцці шмат дабра і любові, у сэрцы — гонару за нашу краіну. Настаўнікам зычыла натхнення, а бацькам — цярпення.

Вучань 11 класа ДУА «Сярэдняя школа г. п. Мір імя Г. І. Сташэўскай» Раман Сачук і вучаніца 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Карына Грамыка атрымалі стыпендыі ад дзіцячага фонду, а вучань 11 класа ДУА «Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы» Аляксей Пахольчык і вучань ДУА «Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы» Данііл Ліпскі — ад фонду міру.

ДУХОЎНАСЦЬ І МАРАЛЬ

З пажаданнямі і бласлаўленнем да выпускнікоў раёна звярнуўся благачынны  цэркваў Карэліцкай акругі, настаяцель царквы святых апосталаў Пятра і Паўла, протаіерэй Мікалай Орса, які заклікаў думаць пра сваю душу, шанаваць бацькоў, быць удзячнымі настаўнікам, знайсці у дарослым жыцці сваю палавінку. Здароўя, дабрабыту, міру!

Святар узнагародзіў граматамі і падарункамі за захаванне духоўных традыцый і маральных каштоўнасцей вучаніцу 11 класа ДУА «Жухавіцкая сярэдняя школа» Дар’ю Абламейка і вучаніцу 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Марыю Талака.

… І памяць прадаўжае жыць: нашчадкі шануюць мір на зямлі і ўсё тое, што іх дзяды і прадзеды зрабілі для маладога пакалення. Выпускнікі ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу «Зорка» ў г.п. Карэлічы і заклалі алею ў скверы імя Мікалая Арцюха ў райцэнтры.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ

Translate »