08.05.2024

У Беражна, бліз Нёмана, проходзіць раённы маладзёжны турыстычны злёт, прысвечаны Году міру і стварэння і 60-годдзю Беларускіх студэнтскіх атрадаў. Сёлета за званне мацнейшай прыехалі пазмагацца трынаццаць каманд раёна: ААТ “Карэлічы-Лён”, КСУП “Лукі-Агра”, КСУП “Малюшычы”, СВК “Свіцязянка-2003”, КСПУП “Птушкафабрыка Чырвонаармейская”, КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, СВК “Жухавічы”, КСУП “Племзавод Карэлічы”, СВК “Маяк-Заполле”, РУП ЖКГ, Карэліцкі сырцэх «Навагрудскія Дары” філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат”, Карэліцкі райвыканкам, зборная каманда культуры і Дэпартамента аховы Карэліцкага раёна.
Безумоўна, усе ўдзельнікі з нецярпеннем чакалі гэтай сустрэчы. Прыемна бачыць такую колькасць маладых і мэтанакіраваных людзей. Мерапрыемствы такога фармату заўсёды спрыяюць згуртаванню і яднанню працоўнай моладзі, дапамагаюць сфарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю і падштурхоўваюць да развіцця творчай ініцыятывы.

З прывітаннем да ўдзельнікаў звярнуліся намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан і першы сакратар Карэліцкага РК ГА “БРСМ” Аксіння Ждан, якія пажадалі ўсім атрымаць зарад бадзёрасці і добрага настрою.

 

Праграма турыстычнага злёту вельмі насычаная: удзельнікаў чакаюць спаборніцтвы па валейболе, падняцце гіры, дартс, перацягванне каната, конкурс капітанаў, праходжанне паласы перашкод, арганізацыя побыту турыстаў, творчы конкурс “візітная картка”, і безумоўна, песні каля кастра.
Яркае сонца шчыра вітала і лашчыла ўдзельнікаў турзлёту, якія на ўсю моц рыхтаваліся да спартыўных спаборніцтваў. Каманды з азартам прыступілі да заваёвы запаветных ачкоў і вясёлых гульняў. Тым часам ля вогнішчаў у кожным лагеры завіхаліся кухары: у казанах тушылася мяса, смажыўся шашлык. Конкурс кулінарных страў заслугоўвае асобнай хвалы, так як усе канкурсанты падышлі да яго настолькі крэатыўна і цікава, што вочы проста разбягаліся ад багацця страў і прыгажосці іх падачы.

Папрасілі саміх удзельнікаў падзяліцца ўражаннямі. Яны ахвотна пагадзіліся. Напэўна, здагадваецеся, колькі станоўчых эмоцый і захопленых аповядаў пачулі ў адказ.
– Мы стараемся пастаянна ўдзельнічаць у падобных спаборніцтвах. У мінулым годзе на турзлёце занялі першае месца. Сёлета таксама будзем спрабаваць заваяць першы п’едэстал, але калі прыйдзецца аддадаць пальму першынства, то моцна перажываць не будзем, бо і іншым трэба адчуць смак перамогі, – падзялілася намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце КСУП “Малюшычы” Святлана Казак і дадала: – Турзлёт – гэта не толькі спаборніцтва, гэта адпачынак у коле аднадумцаў. Пагаварыць заўсёды ёсць пра што. Агульных тэм дастаткова. Такое летняе свята пакідае пасля сябе мноства незабыўных эмоцый. Зімой будзе што ўспомніць, спадзяёмся, што застанецца шмат фотаздымкаў, якія будзем разглядаць і пры гэтым успамінаць прыемныя моманты.

 

Начальнік Карэліцкага сырцэха «Навагрудскія Дары” філіял ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” Ларыса Рапавец:
– З надвор’ем для правядзення такога мерапрыемства пакуль што нам шанцуе. Праграма турыстычнага злёту прадугледжвае спаборніцкую частку, але для мяне асабіста галоўнае яшчэ і зносіны з калегамі. Атмасфера выдатная, усе члены каманды актыўныя і вясёлыя. Я лічу, што такія мерапрыемствы спрыяюць умацаванню карпаратыўнага духу, дораць масу яркіх і ўражлівых эмоцый. Будзем старацца паказаць добры вынік і, вядома ж, атрымаць перамогу.
Дарэчы, зладжаная і дружная каманда сырцэха адна з тых, хто ўпершыню прымае ўдзел у раённым турыстычным злёце.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара

Translate »