11.05.2024

15 ліпеня гасцінная турэцкая зямля сабрала землякоў і гасцей аграгарадка на свяце “Свет кветак”. Стаць удзельнікам мерапрыемства, ацаніць буйства фарбаў і адценняў, атрымаць асалоду ад дзіўных водараў кветак прыйшлі не толькі мясцовыя жыхары, але і госці аграгарадка.

Вядомы дацкі казачнік Ганс Хрысціян Андэрсан неяк заўважыў: “Каб жыць, патрэбны сонца, свабода і маленькая кветка”. І праўда. Без прыгажосці чалавек не можа жыць, а што прыгажэй чым кветкі? Наша жыццё не абыходзіцца без кветак. Дзіўныя, загадкавыя і неверагодна прыгожыя, яны суправаджаюць чалавека на працягу ўсяго жыцця: упрыгожваюць святы, спадарожнічаюць на важных падзеях і проста прыносяць радасць. Гэты пастулат ўзялі за аснову жыхары аграгарадка Турэц, і кожны пры падрыхтоўцы да свята праявіў сваю выдумку і фантазію, а некаторыя нават асвоілі навыкі фларыстыкі, прымаючы ўдзел у конкурсах кветкавых парасонаў і капялюшыкаў, а таксама на лепшую кампазіцыю з кветак.

Месцам правядзення фестывалю кветак стала пляцоўка каля аддзела культуры і вольнага часу “Турэцкі Дом культуры”. Свята распачаў тэатралізаваны паказ “Вясёлкавая кветка”, які суправаджаўся музычнымі нумарамі, вясёлымі гульнямі і конкурсамі. Непаўторнасць і казачнасць усяго відовішча стваралі героі-кветкі.

Усе жадаючыя аматары фотаздымкаў мелі магчымасць сфатаграфавацца каля фотазоны “Кветкавая ідылія”. А даведацца аб кулінарным выкарыстанні кветак, выпіць кубачак духмянай гарбаты можна было ў кветкавай чайнай “Чайны букет”.

На гульнявой пляцоўцы весела бавіла час дзетвара, дзе кожны выбіраў забаву на свой густ.

Вельмі прыемна, што ў аграгарадку Турэц шмат людзей, якія імкнуцца да парадку і любяць упрыгожваць свет вакол сябе.

Свята працягнула цырымонія ўзнагароджання.

У намінацыі “За лепшы кветкавы падворак” узнагароджана Наталля Дрык.

За ўдзел у конкурсе кветкавых кампазіцый “На кветкавай хвалі” лепшымі сталі Дар’я Ходар і Лізавета Бусько.

Былі вызначаны лепшыя юныя мастакі, якія ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў “Кветкавыя шэдэўры”, і ім стаў Юрый Блажко.

Атрымалі каштоўныя падарункі і ўдзельнікі дэфіле кветкавых парасонаў і капялюшыкаў “У свеце кветкавых фантазій”, якіх вызначалі гледачы мерапрыемства па нумарах, прымацаваных да рукі.

Былі адзначаны і тыя, хто прыняў удзел у арганізацыі выставы “Кветкі – крыніца натхнення» – сваімі рукамі яны стварылі непаўторную прыгажосць.

Не засталіся безуважнымі ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Каля самавара” Ірына Дубкова, Ірына Панько і Тамара Бусько, якія прыгатавалі пачастункі.

Канцэртная праграма «Кветкавы настрой» стала фінальным аккордам гэтага дня. Маляўнічае, яркае, летняе мерапрыемства ўразіла і дзяцей, і дарослых. Усе весяліліся ад душы, атрымалі зарад бадзёрасці і шмат станоўчых эмоцый.

Таццяна Ходар дзеліцца ўражаннямі:

– Мы з дачкой Дар’яй другі год прымаем удзел у гэтым свяце і вельмі сур’ёзна падышлі да падрыхтоўкі кветкавай кампазіцыі. Прыемна, што яна адзначана членамі журы. Увогуле, для нашага аграгарадка такое свята – гэта магчымасць адпачыць ад надзённых праблем, сабрацца усім разам, сустрэць сяброў, знаёмых, пачуць любімыя мелодыі. Краіна і любы горад, пасёлак, вёска моцныя традыцыямі. Дзякуй ідэйным натхняльнікам такога сапраўднага фестывалю кветак. Здароўя ўсім, удачы і творчага натхнення.

Елена Гунько адзначае:

– Свята праходзіць з размахам, адчуваецца, што праведзена вялікая работа па падрыхтоўцы. Я прыйшла падтрымаць сваіх вучняў. Вельмі цікава паглядзець на кветкавыя кампазіцыі, якія сёння тут прадстаўлены. Дарэчы, мы, жыхары аграгарадка, з нецярпеннем чакалі гэтую падзею. Заўсёды радуе, калі вёска напаўняецца ўсмешкамі, музыкай, весялосцю і шчаслівымі людзьмі. Гуляем па святочных пляцоўках, нам усё вельмі падабаецца. Думаю, і ў гасцей, і ў мясцовых жыхароў застануцца самыя прыемныя ўражанні і ўспаміны.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара

Translate »