11.05.2024

25 ліпеня пажарныя Беларусі ў 170-ы раз адзначылі сваё прафесійнае свята. Менавіта ў гэты дзень, у 1853 годзе, быў пакладзены пачатак стварэння Дзяржаўнай пажарнай службы і замацаваны Мінскай гарадской думай сумесна з губернскім праўленнем Пастановай «Аб новым устройстве ў Мінску пажарнай каманды і зацвярджэнні яе штата». У гэтыя гады тэрыторыя сучаснай Беларусі была ў складзе Расійскай імперыі, якая падзяліла ўсе гарады на 7 частак па колькасці насельніцтва. За кожнай часткай былі замацаваны камандныя саставы. Адзін чалавек у падраздзяленні прыходзіўся на 1000 жыхароў горада. Адпаведна, калі колькасць жыхароў складала 12 000, то ў склад каманды пажарных уваходзіла 12 супрацоўнікаў. На працягу ўсяго 1853 года былі створаны штаты для ўсіх 482 гарадоў, уключаючы 34 гарады цяперашняй Беларусі.

У дзень юбілею супрацоўнікі і ветэраны Карэліцкага РАУС сабраліся ў зале Маладзёжнага цэнтра культуры. Свята — выдатная нагода ўбачыць старых знаёмых, успомніць пра шматлікія праведзеныя разам дзяжурствы, парадавацца поспехам тых, хто цяпер стаіць на абароне бяспекі грамадзян. Павіншаваць вогнеборцаў з юбілеем прыйшлі ганаровыя госці.





Для віншавання да мікрафона запрасілі старшыню Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева:

— 170 гадоў — велізарны перыяд часу, за які ўдасканальвалася пажарная служба. Першапачаткова супрацоўнікі былі проста цывільнымі людзьмі, але адказнымі і моцнымі. У савецкі час нумар 01 ведаў кожны і ведаў, што без дапамогі не застанецца. Я хачу пажадаць вам моцнага здароўя, каб у вас былі сілы, магчымасці, а нашы грамадзяне былі ўпэўнены ў тым, што вы заўсёды своечасова прыйдзеце на дапамогу. Беражыце сябе.

Падзячным пісьмом Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ўзнагародзілі старшага інструктара-выратавальніка пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №13 Карэліцкага РАНС Яўгена Галушку, вадзіцеля пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №11 Карэліцкага РАНС Андрэя Казарэза, старшыну-вадзіцеля пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №13 Карэліцкага РАНС Юрыя Каралько.


— Самае каштоўнае, што ёсць у чалавека, гэта яго жыццё, і вы заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу, — адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. — Гэта вельмі правільна, што вы працуеце на апераджэнне, на прафілактыку. Дзякуючы гэтай працы зніжаецца колькасць загінулых на пажарах. Віншую вас з юбілеем, жадаю здароўя, поспехаў і, як кажуць пажарныя, сухіх рукавоў.

Падзячным пісьмом Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў узнагародзілі майстра-выратавальніка ПАВЧ №1 Карэліцкага РАНС Яўгенія Баяроўскага, дыспетчараў ЦАУ, прапаршчыкаў унутранай службы Сяргея Крэчко і Віталія Сідаркевіча.






Павіншаваў сваіх калег начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік.

Загадам Дэпартамента па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 2022 г. медалямі “За заслугі ў пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС” былі ўзнагароджаны Мікалай Палуносік і Валерый Аляксандраў.

Нагрудным знакам “165 год Пажарнай службе” ўзнагародзілі Мікалая Адамушку і Аляксандра Гігу, юбілейным медалём “20 год органам і падраздяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь” — Мікалая Лазара і Ігара Хуку; нагрудным знакам “Выдатнік” — старшага прапаршчыка ўнутранай службы Аляксандра Юрэвіча; памятным знакам “165 год пажарнай службе” — намесніка начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, маёра ўнутранай службы Мікалая Шуляка, вадзіцеля ПАВЧ №1, капітана ўнутранай службы Карэліцкага РАНС Дзмітрыя Шанько, прапаршчыка ўнутранай службы, вадзіцеля ПАВП №11 Міхаіла Пяшко, прапаршчыка, вадзіцеля ПАВП №2 Паўла Лейку, лейтэнанта, начальніка ПАВП №11 Васіля Міхалкевіча, прапаршчыка, вадзіцеля ПАВП №11 Андрэя Казарэза.

Пагоны прапаршчыка ўнутранай службы атрымалі Аляксандр Галіцкі і Сяргей Крэчко, старшага лейтэнанта ўнутранай службы — Павел Купрас, маёра ўнутранай службы — Андрэй Мурычэнкоў.

Падзяка Начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС аб’яўлена прапаршчыку ўнутранай службы Аляксандру Акуліку. Падзячнымі пісьмамі “За актыўны ўдзел у жыцці Карэліцкага РАНС” узнагародзілі Пятра Марушку, яго жонку Таццяну і іх дачку Злату і Аляксандра Трусевіча, яго жонку Святлану і іх дачку Арыну.
















На свята былі запрошаны ветэраны пажарнай службы, тыя, хто шмат гадоў стаяў на варце спакою, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Для віншавання запрасілі заслужанага ветэрана Мікалая Лазара:

— Слаўны 170-гадовы шлях прайшла пажарная ахова, ад фурманкі з бочкай вады да шматфункцыянальных аўтамабіляў; ад першай пажарнай каманды ў Мінску да сеткі розных аварыйна-выратавальных падраздзяленняў, якія стаяць на абароне самага маленькага населенага пункта нашай рэспублікі. Неад’емнай часткай пажарнай аховы краіны з’яўляецца наш раённы аддзел з яго людзьмі, гераічнымі буднямі, радасцю перамог і горыччу няўдач; з яго мінулым, сучаснасцю і, я ўпэўнены, будучыняй. Нашы бацькі, дзяды, прадзеды сваёй працай, потам, а часам і крывёю стваралі сучасную пажарную ахову. Гэта іх родныя і блізкія цярпелі ўсе нягоды і цяжкасці. Гэта іх бацькі, жонкі, дзеці маліліся кожнае дзяжурства. Час няўмольны. Большасці з іх няма з намі, а імёны некаторых, на вялікі жаль, забраў вір гісторыі. Упэўнены, што мы, ветэраны, і цяперашнія работнікі аддзела будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб гісторыя пажарнай аховы з яе імёнамі была як мага больш поўна захавана. Упэўнены, што пажарныя-выратавальнікі і надалей будуць прыкладаць усе свае ўменні, веды і навыкі для аказання дапамогі ў бядзе.

Мужнасць і адвага, уменне перамагаць стыхію і пачуццё страху, любоў да Радзімы і сваёй справы — вось якасці, якія ўласціва людзям гераічнай прафесіі.

Свае музычныя віншаванні супрацоўнікам РАНС падарылі артысты Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара

Translate »