10.05.2024

На долю людзей старэйшага пакалення выпала нямала выпрабаванняў і пакут: і жахі вайны, і пасляваенная разруха. Але цяжнія жыццёвыя нягоды не змаглі падкасіць іх. Праз усё жыццё яны пранеслі самыя прыгожыя чалавечыя пачуцці – любоў і пяшчоту да сваіх блізкіх, дабрыню і спачуванне, адданасць і вернасць. Менавіта да такіх людзей можна аднесці жыхарку аграгарадка Ярэмічы Аляксандру Аляксандраўну Гурын. 28 жніўня жанчына адзначыла свой векавы юбілей.
Ушаноўваць доўгажыхароў з юбілеем і дзякаваць ім за неацэнны ўклад у развіццё рэгіёна, а таксама багаты жыццёвы вопыт і жыццёвую мудрасць, якія яны перадаюць маладому пакаленню, – адна з самых прыемных і добрых традыцый Карэліцкага раёна. У такі значны дзень Аляксандра Аляксандраўна Гурын прымала віншаванні не толькі ад блізкіх людзей.

Павіншаваць імянінніцу з круглай датай прыехалі госці: начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш, адміністрацыя Карэліцкага УКП БАН, супрацоўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна, старшыня Ярэміцкага сельвыканкама Пётр Навумовіч і ідэалагічны актыў КСУП “Царука”.
– Паважаная Аляксандра Аляксандраўна! 100 гадоў – неймаверна вялікая лічба ў нашы дні. Але Вы годна пражылі свой век, з’яўляецеся сведкай і ўдзельніцай многіх гістарычных падзей, якія змянялі звыклы лад жыцця. Дзякуй, што прайшлі такі доўгі шлях і захавалі ў сабе дабрыню і радасць, засталіся моцным чалавекам, які ўмее радавацца жыццю і захоўвае ў памяці толькі добрыя і пазітыўныя моманты. Вашы гады – гэта вялікае багацце, маса вопыту і мудрасці. Хай яны не палохаюць Вас, а натхняюць на новыя адкрыцці. У Год міру і стварэння ад усёй душы жадаем Вам моцнага здароўя, добрых успамінаў, шчаслівых дзён! Жывіце яшчэ шмат гадоў, цешце дзяцей, унукаў і праўнукаў, а яны хай дораць вам цеплыню, клопат і любоў, – павіншавала Іна Богуш.

Пашпартыст аддзялення грамадзянства і міграцыі Карэліцкага РАУС Наталля Вінаградава ўручыла доўгажыхарцы новы пашпарт.

Словы ўдзячнасці за работу ў галіне бытавога абслугоўвання насельніцтва выказала кіраўнік прадпрыемства УКП БАН Ала Маковік:
– Вы прайшлі доўгі жыццёвы шлях, на якім было нямала цяжкіх выпрабаванняў, здолеўшы захаваць любоў да жыцця. Гэта прыклад для ўсіх нас. Жадаем Вам моцнага здароўя і ўсяго найлепшага.


Юбіляра павіншаваў старшыня Ярэміцкага сельвыканкама Пётр Навумовіч.
Кветкі, падарункі і музычнае віншаванне ад супрацоўнікаў ЦСАН сталі дадаткам да шматлікіх пажаданняў, якія прагучалі ў адрас жанчыны. Падзякаваўшы гасцей за віншаванні і пастаянную ўвагу, імянінніца таксама пажадала ўсім здароўя і доўгіх гадоў жыцця.


За плячыма Аляксандры Аляксандраўны насычанае жыццё. Нягледзячы на тое, што яна належыць да таго гераічнага пакалення, якое перажыло ўсе нягоды вайны і пасляваенных гадоў, жанчына заўсёды поўная бадзёрасці духу. Каля трыццаці гадоў адпрацавала ў Ярэміцкім камбінаце бытавога абслугоўвання насельніцтва, выгадавала сына, мае двух унукаў і чатырох праўнукаў. У свае 100 гадоў яна застаецца светлым, добрым, пазітыўным чалавекам, які захаваў любоў да жыцця. Пяшчота і прыгажосць душы жанчыны застаюцца непадуладнымі гадам, і тая ўвага, якая ёй аказана з нагоды 100-гадовай даты, здаецца, толькі яшчэ больш надала ёй энергіі і радасці. Аляксандра Аляксандраўна прызнаецца, што сакрэт яе даўгалецця ў тым, каб захоўваць дабрыню для сябе і блізкіх, і ў сумленнай працы, якой яна прысвяціла сваё жыццё.
У 100-гадовы юбілей нішто не павінна нагадваць пра нягоды – толькі добрыя весткі, шчырыя словы захаплення і падзякі. Далучаючыся да ўсіх віншаванняў, мы таксама жадаем жанчыне моцнага здароўя, сіл і яшчэ доўгіх-доўгіх гадоў жыцця!

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара

Translate »