12.05.2024

У фае галоўнай установы культуры раёна наведвальнікаў сустракала выстава кніг «Жыве культура продкаў». На ёй змешчаны выданні аб беларускім народным дэкаратыўным роспісе, пляценні з саломкі і іншых матэрыялаў, фантазіі са скуры, беларускай выцінанцы, беларускім народным кавальстве і іншыя.

У глядзельнай зале РЦКіНТ збіраюцца прыхільнікі традыцыйнай культуры. Вядучыя нагадваюць аб тым, што яна з’яўляецца найкаштоўнейшым скарбам, у нашым краі яна — эпічная, лірычная, драматычная, продкі нам пакінулі песні, пададанні, казкі, легенды, замовы.


Адкрыццё Тыдня пачынаецца з урачыстага моманту: загадчык аддзела метадычнай работы Карэліцкага РЦКіНТ Аксана Басюк уручае Дыпломы пераможцам конкурсу фальклора «Нам засталася спадчына». Сярод узнагароджаных — Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці (фальклорнае свята «Ну, блін, Масленіца»), аддзел культуры і вольнага часу «Лукскі Дом культуры» («Улассе ў Луках»), дзіцячае аматарскае аб’яднанне «Беларускі вяночак» адасобленага структурнага падраздзялення «Баранавіцкі сельскі клуб-бібліятэка» («Вялікдзень радасць нам нясе»), дзіцячае фальклорнае аматарскае аб’яднанне «Вяночак» сектара «Варанчанскі сельскі клуб», аддзел культуры і вольнага часу «Красненскі Дом культуры» (абрад «Багач»), танцавальны калектыў «Тапатуха» аддзела культуры і вольнагага часу «Жухавіцкі Дом культуры» (мастацкі кіраўнік Кацярына Жамойда), фальклорны танцавальны калектыў «Спадчына» ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» (кіраўнік Юлія Шахрай).
На раённай сцэне была прадстаўлена фальклорна-тэатралізаваная замалёўка «Кола часу» Карэліцкага РЦКіНТ. У ёй быў паказаны каляндарна-абрадавы цыкл, які панаваў на Карэліччыне з усімі яго адметнасцямі.

Тыдзень традыцыйнай культуры працягваецца да 1 кастрычніка.
Чакаюцца выставы, фота-пляцоўкі, майстар-класы, рэканструкцыя абрадаў «Багач» і «Уваходзіны».

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ

Translate »