
Чацвёртага снежня ў ДУК “Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры” прайшла канцэртная праграма “Дабрыня жыве там, дзе яе ствараюць”, прысвечаная Міжнароднаму дню інвалідаў.
Дзень трэцяга снежня нездарма ўнесены ў каляндар, і прайсці міма яго – значыць прамінуць вельмі важныя моманты нашага жыцця. Міжнародны дзень інвалідаў нагадвае ўсім пра тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы і дапамозе. Але ў той жа момант, гэта сапраўдныя героі нашага часу, якія штохвілінна перамагаюць жыццёвыя цяжкасці і пры гэтым захоўваюць у сваіх сэрцах пачуццё любові, велікадушнасці, усёдаравання і міласэрнасці. Яны моцныя духам людзі, якія здольныя праяўляць таленты ў прафесійным майстэрстве, выяўленчым, самадзейнай творчасці, спорце.
Адкрываючы мерапрыемства, да прысутных звярнулася начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш. Яна павіншавала прысутных з асаблівым святам, адзначыла, што вельмі добра, што ёсць такі дзень, які аб’ядноўвае людзей, абдзеленых прыродай або воляй выпадку здароўем, а іншых — заклікала да міласэрнасці, спагады і дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу. Іна Аляксандраўна пажадала ўсім веры ў будучыню, увагі і дабрыні ад блізкіх і родных, узаемаразумення і міру.
Цёплыя словы ў адрас прысутных выказала дырэктар ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна” Інэса Сямібратава.
— Сваімі намаганнямі, сваім бязмежным жаданнем вы паказваеце, чаго можна дасягнуць, якіх поспехаў дасягнуць. Вы моцныя людзі, якія ўмеюць, пераадольваючы цяжкасці, ісці наперад і асвойваць нешта новае. Грамадства павінна дакладна разумець і ўсведамляць, што галоўнае ў жыцці – чалавечае цяпло і дабрыня. Бо менавіта дабрыня і любоў, здольнасць адчуваць боль іншага і робіць чалавека чалавекам. Ад усёй душы жадаю ўсім вам здароўя, сіл, натхнення, аптымізму, – заключыла прамоўца.
З пажаданнем усім прысутным любові і дабра сваю творчасць падарылі работнікі культуры раёна, наведвальнікі ЦСАН Карэліцкага раёна, а таксама ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання ”Рэчанька”: Галіна Калтунова, Леаніла Дзянькевіч, Васіль Генак і Святлана Моніч.
Сапраўды, такі асаблівы дзень у календары вельмі патрэбны нашаму грамадству – і для таго, каб звярнуць увагу на праблемы людзей з інваліднасцю, і для таго, каб захапіцца незвычайнай сілай духу, мэтанакіраванасцю, уменнем дасягаць поспеху ў самых складаных умовах. Гэтыя жыццялюбства і аптымізм могуць служыць прыкладам для ўсіх нас.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара