20.05.2024

Чацвёртага снежня ў  ДУК “Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры” прайшла канцэртная праграма “Дабрыня жыве там, дзе яе ствараюць”,  прысвечаная Міжнароднаму дню інвалідаў.

Дзень трэцяга снежня нездарма ўнесены ў каляндар, і прайсці міма яго – значыць прамінуць вельмі важныя моманты нашага жыцця. Міжнародны дзень інвалідаў нагадвае ўсім пра тых,  хто мае патрэбу ў падтрымцы і дапамозе. Але ў той жа момант,  гэта сапраўдныя героі нашага часу, якія штохвілінна перамагаюць жыццёвыя цяжкасці і пры гэтым захоўваюць у сваіх сэрцах пачуццё любові, велікадушнасці, усёдаравання і міласэрнасці. Яны  моцныя духам людзі, якія здольныя праяўляць таленты ў прафесійным майстэрстве, выяўленчым, самадзейнай творчасці, спорце.

Адкрываючы мерапрыемства,  да прысутных звярнулася   начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш. Яна павіншавала прысутных з асаблівым святам, адзначыла, што вельмі добра, што ёсць такі дзень, які аб’ядноўвае людзей, абдзеленых прыродай або воляй выпадку здароўем, а іншых — заклікала да міласэрнасці, спагады і дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу. Іна Аляксандраўна  пажадала ўсім веры ў будучыню, увагі і дабрыні ад блізкіх і родных, узаемаразумення і міру.

Цёплыя словы ў адрас прысутных выказала дырэктар ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна” Інэса Сямібратава.

— Сваімі намаганнямі, сваім бязмежным жаданнем вы паказваеце, чаго можна дасягнуць, якіх поспехаў дасягнуць. Вы моцныя людзі, якія ўмеюць, пераадольваючы цяжкасці, ісці наперад і асвойваць нешта новае.  Грамадства павінна дакладна разумець і ўсведамляць, што галоўнае ў жыцці – чалавечае цяпло і дабрыня.  Бо менавіта дабрыня і любоў, здольнасць адчуваць боль іншага і робіць чалавека чалавекам. Ад усёй душы жадаю ўсім вам  здароўя, сіл, натхнення, аптымізму, –  заключыла прамоўца.

З пажаданнем усім прысутным любові і дабра сваю творчасць падарылі работнікі культуры раёна, наведвальнікі ЦСАН Карэліцкага раёна, а таксама ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання ”Рэчанька”:  Галіна Калтунова, Леаніла Дзянькевіч, Васіль Генак і Святлана Моніч.

 Сапраўды, такі асаблівы дзень у календары вельмі патрэбны нашаму грамадству – і для таго, каб звярнуць увагу на праблемы людзей з інваліднасцю, і для таго, каб захапіцца незвычайнай сілай духу, мэтанакіраванасцю, уменнем дасягаць поспеху ў самых складаных умовах. Гэтыя  жыццялюбства і аптымізм могуць служыць прыкладам для ўсіх нас.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара

Translate »