20.05.2024

Пятнічны вечар узнагародзіў нас прыемным снежаньскім марозам, нягледзячы на які на галоўнай плошчы райцэнтра сабраліся карэліччане рознага ўзросту. На сцэне для маленькіх гледачоў зладзілі сапраўдную навагоднюю казку.

Галоўнымі злодзеямі ў ёй выступілі злыя Ссора і Раздора, якія заблыталі ўсе сцежкі ў казачным лесе, з-за чаго Снягурачка згубіла Дзядулю Мароза і прыйшла на свята без яго. Разам з Казачнікам яна вымушана была шукаць свайго дзядулю, у чым галоўным героям дапамагалі добрыя Снегавікі і героі любімых усімі казак: Карлсан, Дзюймовачка, Папялушка, Снежная Каралева, Шэры Воўк, кот Матроскін і яго сябра Шарык, добры доктар Айбаліт. З дапамогай юных карэліччан яны разгадвалі загадкі чароўнага лесу і нарэшце адшукалі слова, якое дапамагло ім знайсці Дзядулю Мароза, — сяброўства.

Кульмінацыяй свята стала ўрачыстае запальванне агеньчыкаў на галоўнай навагодняй ёлцы раёна, што атрымалася зрабіць толькі пры дапамозе маленькіх жыхароў райцэнтра, якія дружна і гучна вымавілі чароўнае заклінанне, якое кожны дарослы памятае праз усё жыццё: “Раз, два, тры, ёлачка, гары!”.

Завяршылася мерапрыемства традыцыйным карагодам вакол зялёнай прыгажуні. У сяброўскім крузе, трымаючы адзін аднаго за рукі, ішлі казачныя героі, дзеці і дарослыя.

Сяргей СТОЛЯР

Фота Іны ЛЕЙКІ

Translate »