28.04.2024

У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры прайшла сустрэча прадстаўнікоў двух пакаленняў у рамках правядзення рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы». За святочнымі сталамі яе ўдзельнікі, ветэраны працы і маладыя спецыялісты, вялі шчырыя размовы, слухалі мелодыі ў выкананні работнікаў культуры, разам спявалі задушэўныя песні і прымалі ўдзел у конкурсах. З нагоды калядных і навагодніх свят яны зычылі адзін аднаму аптымізму, бадзёрасці, вяселля, здароўя, камфорту, любові і шмат іншых зямных даброт.

           

Слова — удзельнікам акцыі «Ад усёй душы»

Алена Мікалаеўна ТОЛМАЧ, ветэран працы, жыхарка г.п. Карэлічы:
— Я вяду актыўны лад жыцця. Стараюся наведваць усе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў гарпасёлку. Вельмі прыемна, што нас, ветэранаў працы, запрашаюць на іх. Сёння асабліва прыемна, што праводзіцца рэспубліканская дабрачынная акцыя «Ад усёй душы» менавіта для людзей старэйшага пакалення ў нашым раёне.
Мы дастойна ацэньваем такую ўвагу да людзей паважанага ўзросту і вельмі ўдзячны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку і кіраўніцтву Карэліцкага раёна, а таксама арганізатарам і ўсім тым, хто адгукнуўся на гэтую акцыю. Мы прымаем у ёй удзел, адпачываем душой і гаворым у чарговы раз: «Шчыры дзякуй!»

Яна МЕСНІКОВІЧ, малады спецыяліст, бухгалтар ДРБУ-158:
— Я лічу, што такія мерапрыемствы неабходныя. Гэта дапамагае розным пакаленням абмяняцца думкамі, на многія рэчы паглядзець іншымі вачыма і лепш зразумець адзін аднаго. Сустрэчы праходзяць цікава, і мы знаёмімся з новымі людзьмі, даведваемся новыя жыццёвыя гісторыі, адпачываем душой, атрымліваем пазітыўныя эмоцыі, а работнікі культуры дораць цудоўныя мелодыі.
Акцыя «Ад усёй душы» — гэта клопат пра старэйшае пакаленне. Так важна ўдзяляць увагу ветэранам працы: падарыць ім часцінку нашай душы і добры настрой. Мне падалося, што яны на сустрэчы нават памаладзелі душой, і гэта зразумела: былі побач з намі — юнацтвам і ва ўспамінах вярнуліся ў гады маладосці. А гэта вельмі важна і патрэбна людзям старэйшага пакалення.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ

Translate »