28.04.2024

“Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь уручаецца …” – 15 сакавіка такія словы ўрачыста гучалі па ўсёй краіне ў юбілейны трыццаты Дзень Канстытуцыі. У гэты дзень  у рамках традыцыйнай Усебеларускай акцыі БРСМ “Мы – грамадзяне Беларусі” ва ўрачыстай абстаноўцы ў вялікай зале Карэліцкага райвыканкама   дзевятнаццаць юных карэліччан атрымалі галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

У цырымоніі ўручэння пашпартоў прынялі ўдзел старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей, намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін,  пракурор Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын, першы намеснік начальніка  Карэліцкага РАУС Вадзім Палякоў,   начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч, першы сакратар раённага камітэта  грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Аксіння Ждан. Прысутнічалі і бацькі юных карэліччан.

 

Старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей  павіншаваў усіх з дзяржаўным святам, а віноўнікаў урачыстасці  запэўніў, што першы важны ў іх жыцці дакумент сімвалізуе пачатак новага этапу самастойнага жыцця, насычанага цікавымі і значнымі падзеямі і пацвярджае, што моладзь знаходзіцца пад абаронай  дзяржавы, мае розныя правы, і, вядома, дзяржава ўскладвае на іх пэўныя абавязкі.

–Шанаваць асноўны закон, як і дзяржаўныя сімвалы сваёй краіны – значыць быць патрыётам. Патрыятызм, грамадзянская адказнасць пачынаецца з малога: з клопату пра родных і блізкіх, пра землякоў.  Вельмі важна выхоўваць гэта разуменне. Тады мы зможам быць упэўненымі ў заўтрашнім дні,  рэалізоўваць новыя смелыя праекты, развіваць і ўдасканальваць усе галіны, мы зможам жыць у моцнай прававой дзяржаве з развітай грамадзянскай супольнасцю. Сённяшняе свята стала сімвалам моцнай і незалежнай Беларусі, краіны са слаўным мінулым і вялікай будучыняй.

Сёння знамянальны дзень для  кожнага з вас.  Вы атрымаеце дакумент, які сімвалізуе вашу прыналежнасць да дзяржавы.  Беражыце яго, стварайце, рабіце добрыя справы на карысць нашай Радзімы.

-Пашпарт – важны дакумент у жыцці чалавека,  грамадзяніна. Сёння разам з ім вы атрымліваеце грамадзянскія правы і абавязкі. Для кожнага з вас – гэта пачатак дарослага, самастойнага жыцця. Маладосць – гэта час, калі фарміруюцца маральныя прынцыпы і грамадзянская пазіцыя. Гэта пара выканання запаветных мараў, дзіўных адкрыццяў, так што адважвайцеся! – зазначыў Аляксандр Сонгін.

Віктар Аўдакушын у сваёй прамове адзначыў, што  самы важны дакумент для сучаснага чалавека – пашпарт. Ёе выказаў словы спадзявання, што юнакі і дзяўчаты стануць годнымі грамадзянамі сінявокай, з гонарам і годнасцю  будуць несці ў жыццё лепшыя ідэі.

Першы намеснік начальніка  Карэліцкага РАУС Вадзім Палякоў пажадаў падлеткам заўсёды заставацца чалавечнымі, добрымі, шанаваць памяць продкаў і быць годнымі грамадзянамі  нашай краіны.

Трымаючы ў руках свой першы, доўгачаканы,  такі важны дакумент,  падарункавае выданне “Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, юныя жыхары рэгіёна адчувалі аднолькавыя эмоцыі – лёгкае хваляванне, гонар, і, вядома, адказнасць за будучыню сваёй роднай краіны. Падлеткі  падзяліліся, што для іх гэта сапраўды адна з самых важных у жыцці падзей, успаміны пра якую яшчэ доўга будуць грэць сэрца.

Вучаніца ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя  Г.І. Сташэўскай” Кацярына Квач адзначае:

— Я з нецярпеннем і хваляваннем чакала сённяшняга дня  і вось  трымаю ў руках адзін з галоўных дакументаў. Гэта вялікі гонар для мяне.  Удвая прыемна, што свой пашпарт я атрымала ў юбілейны Дзень Канстытуцыі Беларусі. Назаўжды  запомню гэтую падзею. Я добра ўсведамляю, што быць сапраўдным грамадзянінам — гэта вялікая адказнасць перад грамадствам, перад краінай, перад самім сабой. Нам, маладым, ствараць будучыню краіны,  думаць пра яе дабрабыт.  А значыць,  кожны з нас павінен зрабіць усё магчымае, каб захаваць нашы духоўныя каштоўнасці, культурны здабытак і самае галоўнае — мір.

Бацькі Кацярыны  Квач Наталля Васільеўна і Валерый Іванавіч дзеляцца эмоцыямі:

-Для нас, бацькоў, гэта і гонар, і радасць адначасова. Наша дачка стала дарослай, атрымала свой першы дакумент  у такі значымы для краіны дзень.

Кацярына КУКАНАВА

Фота Іны ЛЕЙКІ

Translate »