28.04.2024

Беларуская спадчына поўніцца вялікай колькасцю розных традыцый, якія з году ў год падтрымлівалі і ўвасаблялі ў жыццё нашы продкі. Некаторыя з іх адышлі ў небыццё, а некаторыя, як, напрыклад, абрад Улассе, атрымалі новы подых у выглядзе вясёлага і цікавага свята, якое традыцыйна ладзіцца ў аграгарадку Лукі.


Раней Уласа, якога яшчэ называлі Аўлас, народ лічыў апекуном свойскай жывёлы, а яго дзень – каровіным ці конскім святам. Менавіта таму гаспадар, які не шанаваў гэтую дату, мог наклікаць на сваю худобу розную немач. У гэты дзень жывёле трэба было даваць лепшы корм, не працаваць на ёй, але зранку раілася аб’язджаць маладых коней. Дарэчы, у даўніну на іх стараліся ездзіць як мага далей, па доўгіх дарогах ды ўсю ноч, каб на лета радзіў такі ж доўгі лён. Каб у гаспадара раслі здаровыя ды гладкія цяляткі, гаспадыня ў раніцу пякла аладкі, а калі свята супадала з Масленічным тыднем, то гаварылі: “На Аўласа бяры каўшом масла”.



Госці свята маглі набыць вязаныя цацкі мясцовай майстрыцы Раісы Харко, праверыць свой лёс на “Коле фартуны”, паспытаць удачы ў латарэі і набыць вырабы майстрыц Карэліцкага дома рамёстваў.

— Дзень святога Аўласа або Уласа святкуюць у народзе масленічным тыдні, — расказвае загадчык аддзела культуры і дасуга Лукскага Дома культуры Іна Башко. — Улас — заступнік рагатай скаціны. У гэты дзень дамашнюю жывёлу сытна кармілі, у тым ліку асвечаным у царкве хлебам, прыбіралі ў хляве. Лічылася, што жывёла аддзячыць гаспадарам добрым малаком і шчырай работай.

Раней вяскоўцы шырока святкавалі Улассе: каталіся на санях, ставілі арэлі, маладыя хлопцы аб’язджалі маладых коней, запрагалі тройкі. Цяпер у вёсках коней няшмат, тэхніка замяніла жывую сілу. Але ёсць тыя, хто не ўяўляе свайго жыцця без гэтых прыгожых і высакародных жывёлін. Сярод іх — вялікая і дружная сям’я Лісоўскіх з Лук, якая кожны год прымае удзел у святкаванні Уласся. Наталля і Мікалай працуюць у сельгаскааператыве “Лукі-Агра” жывёлаводамі.

Упрыгожаны воз хуценька акружае мясцовая малеча: усе просяць пакатацца па вёсцы. Некалькі хвілін — і Лысуха ужо коціць па вясковай вуліцы, бомкаючы бразготкамі.

— У гэтым годзе я ўпершыню вывеў яе “ў людзі”, — кажа Мікалай. — Кабылка спакойная, лагодная.


— На свята вяскоўцы на конях аб’язджалі вакол сяла, каб хатняя жывёла была здаровая і стаўся добры ўраджай. Абавязкова завітвалі цыгане, якіх раней шмат жыло ў Луках, — працягвае Іна Аляксандраўна.


Свята пачалося з народнага абраду, калі “ручкі” лёну кідалі ў поле і верылі, чым далей адляцяць “ручкі” — тым даўжэйшым вырасце лён будучага ўраджаю.



Тым часам на імправізаванай сцэне вяскоўцы водзяць карагоды, забіваюць цвікі і бегаюць навыперадкі. Дзеці з задавальненнем прынялі ўдзел у народнай забаве — “Матырыцы”.  Яшчэ адзін падарунак ад арганізатараў — аладкі з сюрпрызам. Госці з цікаўнасцю бяруць печыва, асцярожна спрабуць, камусьці трапляецца манета. Шчасліўчык атрымлівае падкову на шчасце.



— Печыва ў форме падковы зроблена рукамі Анастасіі Аляшкевіч, — расказвае культарганізатар аддзела культуры і дасуга Лукскага Дома культуры. — Бліны спякла мясцовая жыхарка Вольга Гурын.




На свята завіталі цыганы, якія падарылі гасцям выдатныя пенсі і добры настрой. Не абышліся яны і без гадання, але ў гэты дзень яны зычылі толькі добрага.













Выступілі на Улассі госці з аграгарадка Ярэмічы — Ярома і Яроміха, а таксама жывёлы з іх гаспадаркі.
























Карэліччынка Алена Мядзведзь трапіла на свята выпадкова, але засталася задаволенай:

— Прыехала ў Лукі да матулі, і мне сказалі, што будзе арганізавана свята. Сабралася кампанія, вырашылі схадзіць. Вельмі спадабалася. Святочны настрой, добрае надвор’е, вясёлыя гульні.

Засталася задаволенай святам і мясцовая жыхарка Таццяна Кляноўская:

— Прыходжу на Улассе кожны год (а сёлета свята праводзіцца ў сёмы раз). І толькі ў гэтым годзе мне пашчасціла — знайшла ў аладцы манетку, атрымала ў падарунак падкову. Спадзяюся, што яна прынясе шчасце ў маю хату!


Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара

Translate »