4 чэрвеня ў г.п. Карэлічы прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. У ім прынялі ўдзел тры сем’і, якія пражываюць у сельскай мясцовасці або маюць там прысядзібныя ўчасткі. Даведаліся, якія іх чакалі выпрабаванні і хто перамог. Сям’я – гэта крыніца любові і павагі, захавальніца маральных каштоўнасцяў, культуры і гістарычнай пераемнасці пакаленняў. Дабрабыт сям’і – гэта адзін з галоўных паказчыкаў развіцця і прагрэсу краіны. Умацаванне інстытута сям’і на дзяржаўным узроўні мае вельмі вялікае значэнне. На гэтыя мэты накіраваны шэраг нацыянальных праектаў, праграм і акцый. У іх ліку – рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект “Уладар сяла”, які ўяўляе сабой конкурс сярод маладых сем’яў, якія жывуць у сельскай мясцовасці.
У цудоўны чэрвеньскі дзень на сцэне летняга амфітэатра райцэнтра панавала атмасфера азарту і пазітыву. Сёлета за права “Уладар сяла” змагаліся: сям’я Бязушка: Юрый Віктаравіч і Ганна Дзмітрыеўна, і іх выдатныя дзеці Мацвей і Цімафей (ДП “Чарняхоўскі-Агра”); сям’я Глод: Сяргей Сяргеевіч і Вольга Сяргееўна, сын Глеб (СВК “МАЯК-Заполле”); сям’я Мокат: Аляксандр Сяргеевіч і Кацярына Мікалаеўна, сын Уладзімір (СВК “Свіцязянка-2003”).
У якасці кампетэнтнага і строгага журы выступілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Наталля Гоцка, загадчык сектара культуры райвыканкама Наталля Шпакоўская, першы сакратар Карэліцкага раённага камітэта ГА «БРСМ» Таццяна Шэўчык, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Русак. Канкурсанты дэманстравалі свае таленты і ўменні ў чатырох выпрабаваннях: “Давайце пазнаёмімся”, “Дрывасек”, “Сельская спартыўная эстафета», “Звініць каса – жыве вёска”. Са словамі прывітання да ўдзельнікаў і балельшчыкаў звярнулася першы сакратар Карэліцкага раённага камітэта ГА «БРСМ» Таццяна Шэўчык:
— Прыемна, што ў нас у раёне ёсць такія вось сапраўдныя гаспадары, якія любяць вёску, любяць зямлю; якія ў працавітасці выхоўваюць сваіх дзяцей, служаць для іх прыкладам. Конкурс “Уладар сяла” крочыць па нашай рэспубліцы з 2007-га года. Ён зарадзіўся па ініцыятыве моладзі ў адным з раёнаў Беларусі. Цяпер жа мае статус рэспубліканскага. І гэта вельмі важна, бо ён даказвае, што вёска наша жыве і развіваецца, расце прэстыж сельскіх прафесій. Хай сённяшні конкурс будзе поўны запалу і пазітыву. І спадзяюся, што яго пераможца не толькі добра прадставіць наш раён на абласным этапе, але і выйдзе на рэспубліканскі.
З чаго традыцыйна пачынаюцца мерапрыемствы? Вядома ж, са знаёмства. У конкурсе “Давайце пазнаёмімся” ўдзельнікі расказалі пра сябе і членаў сваёй сям’і. Усе падрыхтавалі сапраўдныя тэатралізаваныя паказы з вершамі ды песнямі. Жарты, гумар і пазітыўны настрой перадаваўся ад канкурсантаў членам журы і гледачам. Прыйшліся даспадобы ўсім і прыгатаваныя пачастункі. Іх ацанілі і дарослыя, і дзеці.
І вось, усе этапы пройдзены, і ўдзельнікі з хваляваннем чакаюць рашэння журы. Каб гледачы і ўдзельнікі не сумавалі, для іх сваю творчасць падарыў народны ансамбль песні “Забава”.
Па выніках конкурснай праграмы трэцяе месца прысуджана сям’і Глод, на другой прыступцы размясцілася сям’я Мокат, а званне пераможцы атрымала сям’я Бязушка.
Сужэнцы Юрый і Ганна прыемна ўсхваляваныя. Бухгалтар Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Алена Валчэцкая ўручыла сем’ям пуцёўкі на адпачынак “Тур выхаднога дня”. – Мерапрыемства нам вельмі спадабалася. Перажывалі, рыхтаваліся, удзельнічаем першы раз. Гэты конкурс выдатны спосаб паказаць усім, што наша сям’я – гэта каманда, і даказаць у чарговы раз сабе, што разам мы можам усё і пакажам як трэба! Першы раз і першае месца, мы вельмі рады!, – кажа Ганна. У пазітыўных эмоцыях жонку падтрымлівае і муж: – Прыемна здзіўлены перамозе. Першае месца заслужыць было не проста. У такіх мерапрыемствах хочацца паўдзельнічаць яшчэ, перамога вельмі натхняе. – Любы поспех дасягаецца ў камандзе. Мы заўсёды верылі і ведалі, што сям’я Бязушка сапраўдная і моцная каманда, мы вельмі ганарымся імі, – выказаліся прадстаўнікі групы падтрымкі.


















