Сусветны дзень малака адзначаецца 1 чэрвеня, як і Дзень абароны дзяцей. Нейкая сувязь, думаецца, паміж гэтым існуе. Хто з нас з дзяцінства не памятае параду дарослых: «Піце, дзеці, малако — будзеце здаровыя!» І сапраўды, гэты прадукт аказвае станоўчы ўплыў на здароўе і правільнае развіццё дзяцей, а яшчэ ён з’яўляецца любімым для многіх людзей.
Хочацца нагадаць цікавыя факты, з якімі давялося пазнаёміцца. Людзі п’юць малако авечак, коз, буйваліц, кабыліц, вярблюдзіц, асліц, самак яка, у кожнага віда малака свой універсальны склад і смак. Вымя каровы здольнае ўмясціць у сабе да 23 літраў малака. У Індыі карова з’яўляецца свяшчэннай жывёлай, малако там лічыцца самым каштоўным ва Усяленнай напоем, некаторыя індусы харчуюцца толькі ім. У Вялікабрытаніі для павелічэння надояў каровам уключаюць класічную музыку. І найцікавейшы факт: У. І. Ленін пісаў пасланні сваім саратнікам малаком, прачытаць якія можна было, нагрэўшы пісьмо над свечкай.
Чаму свята малака адзначаецца менавіта ў аграгарадку Райца, і яно стала традыцыйным, а называюць брэндавым? У СВК «Свіцязянка-2003» вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю жывёлагадоўчай галіны, гаспадарка па выніках працы многіх гадоў заносілася на Рэспубліканскую дошку гонару. Тут умеюць шчыра працаваць і дабівацца добрых вынікаў. Вернемся да самога свята і слоў яго гераіні Мані: «Я працую даяркай з нараджэння, даярка я ў чацвёртым пакаленні трэцяга разраду. Мне гэтая работа вельмі падабаецца, у нас на ферме добрыя ўмовы: светла, утульна, чыста. Вось у гэтым годзе конкурс быў па дойцы кароў, дык я першае месца ў ім заняла, цяпер нашу званне «Міс даярка-2026», мяне граматай узнагародзілі, падарылі пуцёку ў санаторый і адправілі на форум «Белагра-2026″, я там вопытам абменьвалася.» Паказала яна з сяброўкамі майстар-клас па даенні кароў і на свяце.
Гэта, вядома, свята, на якім услаўляецца чалавек працы, і як пацвярджае другі яго герой Кузя: «Людзі ў нас слаўныя, працавітыя, адказныя і на справы карысныя». А вызначаюцца, аказваецца, не толькі адносінамі да даручанай справы, але і сваімі талентамі, што пацвярджае свята малака. Вось няпоўны пералік цікавага, ад чаго пачынае трапятаць душа і ўзрастае настрой у яго наведвальнікаў: песня «Малочная рэчка», мініяцюра «Даяркі са Свіцязянкі», конкурсы: «Рыбакі», «Хто найхутчэй спеніць малако», «Малочны боулінг», «Пастраляць аладкамі са смятаннай рагаткі», гумар «Даярка Верка і гламурны часопіс».
Кузя ўхваляе мясціны: «Ды што там гаварыць, а месцы ў нас якія! Світанні — алыя, салаўі — пявучыя, па рэчцы рэха на розныя галасы…» Сапраўды, землякі могуць пахваліцца прыгажосцю знакамітага возера Свіцязь і любімага дзетварой дзіцячага аздараўленчага лагера «Вясёлка», які знаходзіцца ў маляўнічым куточку.
Хочацца адзначыць, што вельмі гасцінны народ жыве на Свіцязянскай зямлі. І пацвярджэнне таму, што ў Райцу на свята спяшаюцца не толькі з навакольных вёсак, а радасць яго прыехалі раздзяліць творчыя калектывы Дзятлаўскага раёна і ўдзельнікі народнага тэатра гульні «Ярэміцкія маскі».
Зараз пра саму назву свята «Малочныя рэкі — песенныя берагі». Ці гэта не пра творчыя ўзаемаадносіны, якія існуюць паміж мясцовай гаспадаркай і ўстановай культуры?! Нездарма гавораць у народзе: «Праца і песня побач ідуць». На Свіцязянскай зямлі ўмеюць шчыра працаваць, дабівацца добрых вынікаў і таксама ладзіць святы, дарыць добры настрой людзям.
Загадчык філіяла «Райцаўскі сельскі клуб» Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ала Сіроціна адзначае: «Малако — гэта не толькі смачны прадукт, але і крыніца сілы і здарўя. Няхай яно заўсёды суправаджае вас на вашым шляху да здаровага і шчаслівага жыцця»
Источник: https://polymia.by/obshhestvo/malochnyya-reki-pesennyya-beragi/























