
Душы маёй зачараванне,
Мой край Карэліцкі, адзіны,
Жыве тут рэдкі дух яднання,
Любові, адданасці Айчыне…
Галіна Калтунова
Выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Зямля паэтаў і майстроў” – своеасаблівая справаздача аб дзейнасці аддзела рамесніцкай дзейнасці “Карэліцкі Дом рамёстваў” і сучасным стане традыцыйных рамёстваў у раёне. У экспазіцыі прадстаўлена каля 100 работ вядучых майстроў і мастакоў Карэліччыны ў розных тэхніках традыцыйнага і сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва: саломапляценне, мастацкая кераміка, выцінанка, ткацтва, вышыўка, карункапляценне, разьба па дрэве, батык, жывапіс і аўтарская лялька.
Карэліцкая зямля – мясціна, багатая народнымі ўмельцамі, таленавітымі рамеснікамі, творчасць якіх карыстаецца вялікай папулярнасцю са старажытных часоў. І сёння больш за 30 майстроў народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва працуюць на тэрыторыі раёна, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі абласных і рэспубліканскіх выстаў народнай творчасці. На выставе “Зямля паэтаў і майстроў” сваё майстэрства прадстаўляюць: майстар па саломапляценні Вера Салдатава, ганчар Аляксандр Маклюк, майстры па выцінанцы Галіна Лагута, Алена Лісоўская, Таццяна Маклюк, майстар па апрацоўцы дрэва Аляксандр Заблоцкі. Батык, жывапіс і аўтарскую ляльку дэманструюць Валянціна Бразоўская і Аляксандра Сухаверх.
Карэліцкі раён – гэта край не толькі таленавітых рамеснікаў, але і шматлікіх знакамітых паэтаў, якія таксама прадстаўлены ў экспазіцыі. Іван Жук, Іван Вярбіцкі, Мікалай Бусько, Галіна Калтунова і ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання “Рэчанька”, што дзейнічае пры раённай газеце “Полымя”, праз свае зборнікі пазнаёмяць усіх жадаючых з прыгажосцю сваёй малой радзімы.
Выстава “Зямля паэтаў і майстроў” месціцца ў ДУК «Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці» (г. Гродна, вул. Савецкая, 8).