24.04.2024

25 жніўня у вёске Лясок адбылося свята «Вёсачка мая».

На свята вёска Лясок ажыла. Жыхары ад старога да малога высыпалі на вуліцу, яны радаваліся разам, адорвалі адзін аднаго добрымі словамі. Старшыня Красненскага сельвыканкама Тамара Мікалаеўна Лейка старалася не мінуць увагай ніводнага вяскоўца. Старшыня СВК «Маяк-Заполле» Віктар Віктаравіч Маковік таксама аказаўся шчодрым на шчырыя і пранікнёныя словы. У намесніка старшыні СВК па ідэалагічнай рабоце Вольгі Яўгеньеўны Грыгаровіч было нямала клопатаў: фотаапаратам імкнулася ўлавіць самыя цікавыя фрагменты свята — яно праходзіла весела і з поўным размахам. І, бадай, тое, без чаго б яно не адбылося шчырым і незабыўным, гэта малітва святара Георгія, яго пажаданні Боскай дапамогі і анёла-ахоўніка.

Адметнасцю свята сталі падрыхтаваныя вяскоўцамі святочныя сталы. Гасцінныя гаспадары запрашалі пачаставацца гасцей рознымі беларускімі стравамі. Чаго тут толькі ні было: мачанка, дранікі, клёцкі, юшка, шашлыкі, каўбаса, садавіна, агародніна, здоба, напоі — усё няпроста пералічыць. А якія цудоўныя назвы падворкаў: «Кірмаш», «Падворак у Ганны», «Сядзіба «Суседзі» — усіх іх было дзесяць. Вяскоўцы запрашалі не толькі пачаставацца прысмакамі, але апавядалі шмат цікавага і змястоўнага з гісторыі роднага краю, а дзеці чыталі вершы. Больш таго, на многіх з іх была змешчана цэлая фотагалерэя старых здымкаў.

На першым падворку арганізавана фотавыстава «Стары альбом», і яго стваральніца Марына Міхайлаўна Міхайлоўская растлумачыла, што хоча ведаць свае карані.

А вось на чацвёртым падворку быў прадстаўлены стэнд «Памятаем, шануем», цікавы экскурс у мінулае зрабіла Зінаіда Рыгораўна Бар’яш.

Усё гэта не магло не расчуліць да глыбіні душы, як і майстэрства рук вяскоўцаў па прыгатаванню страў. Радавала па-добраму тое, што многія гаспадары аб’ядналіся і разам прыгатавалі святочныя сталы. Яны былі адзначаны на свяце.

На гэты дзень прыпала яшчэ адна ўрачыстая падзея: на 3-ім завулку Арцюха адзначалі своеасаблівы юбілей — 60-годдзе вуліцы Арцюха. Гасцей сустракалі хлебам-соллю, не пашкадавалі для іх шчырых слоў.

І сапраўды, гэтая зямля славіцца шчырымі, працавітымі, адданымі Бацькаўшчыне, таленавітымі людзьмі.

Добрыя музычныя кампазіцыі падарылі ўдзельнікі ансамбля народнай песні і музыкі «Цырынскія музыкі».

Сапраўды, свята атрымалася вялікае, узнёслае, з размахам. Яго ўдзельнікаў яднала любоў да роднага куточка. Многія сюды прыехалі, каб сустрэцца з Бацькаўшчынай і землякамі. Людзі розных пакаленняў былі нароўні — адчувалі сябе шчаслівымі. Падчас сустрэчы Данута Міхайлаўна Лукошка з Мінска адзначыла: «Зачароўваюць гасціннасць вяскоўцаў і сама арганізацыя свята. Колькі трэба жадання, сілы, цярпення, каб усё атрымалася на высокім узроўні! Прывезла ўнукаў на адпачынак у вёску, а сама атрымала шмат эмоцый і вялікае задавальненне». Са сталічнай госцяй нельга не пагадзіцца — маякоўцы ўмеюць па-сапраўднаму не толькі працаваць, але і адпачываць.

Translate »