29.03.2024

Сённяшні вечар для жыхароў райцэнтра выдаўся на славу, бо кожны мінак мог паціснуць руку сапраўднаму Дзеду Марозу ці атрымаць падарунак ад самой Снягуркі. Святочнае шэсце казачных герояў, урачыстае запальванне елкі, гульні і конкурсы — усё тое, што зрабіла гэтую суботу радаснай і сапраўды незабыўнай.

Пасля параду галоўнай пляцоўкай казкі і весялосці стала плошча райцэнтра, дзе разгарнуўся конкурс на лепшага Дзеда Мароза і Снягурку. Удзел у творчым спаборніцтве прынялі каманды КСУП «Царука», КСУП «Племзавод Карэлічы», КСПУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская», СВК «Жухавічы», КСУП «Лукі-Агра», СВК «Свіцязянка-2003», КСУП «Малюшычы» і УЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца».

Журы, якое складалася з начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыні Карэліцкай РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Іны Санчук, старшыні Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзіі Шэўка, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціны Вішнеўскай і старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірыны Пянькоўскай, трэба было выбраць лепшых з лепшых.

У выніку Дыпломам у намінацыі «Марозік-2020» узнагароджаны Мікіта Пашкевіч з Варончы, прыз за лепшы сімвал 2020 года заваявала каманда КСПУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская ». Самымі арыгінальнымі Дзедам Марозам і Снягуркай былі прызнаны работнікі КСУП «Племзавод Карэлічы», а ўзнагароду за лепшае тэатралізаванае прадстаўленне атрымалі работнікі УАЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца».
Дыпломам ІІІ cтупені раённага агляду-конкурсу «Дзед Мароз і Снягурка» ўзнагароджана каманда КСПУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская». Дыпломам ІІ ступені ўдастоіліся работнікі СВК «Свіцязянка-2003», а лепшай у гэтым годзе стала артыстычная і весёлая каманда КСУП «Племзавод Карэлічы». Віншуем!


Вікторыя Касцюк
Фота аўтара

Translate »