29.03.2024

За халодным гранітам манументаў і сёння ўдзячныя нашчадкі чуюць, як б’юцца сэрцы тысяч герояў Вялікай Айчыннай вайны. Хай імёны некаторых з іх невядомыя, але пра бессмяротны подзвіг кожнага салдата памятаюць і праз дзесяцігоддзі.

Напярэдадні Дня Перамогі карэліччане падчас аўтаакцыі “Гваздзік”, што праходзіць у межах рэспубліканскага праекта “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”, накіраваліся ўскласці кветкі і аддаць даніну памяці ў розныя куткі раёна. Усяго – шэсць маршрутаў, якія праляглі праз больш за 70 асаблівых месцаў, у тым ліку 43 воінскія пахаванні і 34 помнікі воінскай славы.

Урачысты старт аўтаакцыі быў дадзены на мемарыяльным комплексе “Зорка” ў Карэлічах. У звароце да прадстаўнікоў устаноў і структур, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, прафсаюзнага актыву раёна намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан адзначыў: “Жыхары нашага краю ніколі не забудуць пра мужнасць і самаахвярнасць салдат Перамогі і з пакалення ў пакаленне будуць перадаваць як найвялікшы скарб іх слаўныя гісторыі. А гэта значыць, што дзеці нашых дзяцей праз шмат гадоў, як сёння мы з вамі, прыдуць да манументаў героям Вялікай Айчыннай вайны, ускладуць кветкі і скажуць “дзякуй” за мірнае і спакойнае жыццё”.

Пачатак аўтаакцыі на Карэліччыне запомніўся прысутным яшчэ адной адметнай дэталлю. Падчас ускладання кветак на вяршыню манумента “Зорка” сеў бусел. Тым самым пярнаты сімвал міру нібы нагадаў удзельнікам акцыі, якое гэта шчасце жыць вольна на роднай зямлі. Пасля такой нечаканай сустрэчы карэліччане з лёгкімі сэрцамі накіраваліся па маршрутах.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Санчук, выконваючы абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Аксіння Ждан, дырэктар Карэліцкага раённага РЦКіНТ Наталля Гароднік разам з творчым дэсантам культработнікаў перш, чым адправіцца ў шлях па месцах воінскай і баявой славы, зазірнулі з падарункамі ў Мір у госці да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Буя. Мужчыну да слёз кранулі іх віншаванні, а ваенныя песні нібы вярнулі ў маладосць.

Далей удзельнікі аўтаакцыі наведалі воінскія пахаванні і помнікі на тэрыторыі Мірскага і Жухавіцкага сельсаветаў, дзе ўсклалі кветкі і ўзгадалі імёны тых, хто не пашкадаваў жыцця дзеля Перамогі. Асабліва ўсім запомнілася ціхая маленькая вёска Церабостынь. Тут нас сустрэў сціплы помнік – салдат на высокім пастаменце. Але прысутныя заўважылі адну рэч. Відаць, раней ветрам у шчыліну занесла насенне, і цяпер проста з грудзі воіна прабівалася раслінка. Сапраўды, падумалася кожнаму з нас, салдаты Перамогі аддалі свае сэрцы, каб сёння на нашай зямлі ўзнялося і расквітнела магутнае дрэва новага жыцця.

Адзін з маршрутаў патрыятычнай аўтаакцыі “Гваздзік” пралёг праз красненскую зямлю. Па ім накіраваліся старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка, актывіст Маладзёжнага савета раённага аб’яднання прафсаюзаў Дзмітрый Ненартовіч і старшыня Красненскага сельсавета Тамара Лейка. Усклаўшы жывыя кветкі да помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў аграгарадку Краснае і вёсках Тударава, Горная Рута, Пагор’е ўдзельнікі аўтаакцыі аддалі даніну павагі землякам, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

-Ці знойдзецца ў нашай краіне сям’я, якую б не закранулі страшэнныя падзеі вайны? Наўрад ці. У Вялікай Айчыннай вайне загінуў кожны трэці беларус. І мы павінны памятаць аб гэтым, – адзначыла Лідзія Шэўка. – Штогод прафсаюзы прымаюць актыўны ўдзел у віншавальных мерапрыемствах і патрыятычных акцыях, прысвечаных святкаванню Вялікай Перамогі. Не так даўно ўручылі юбілейныя медалі ветэранам вайны і былым вязням, выказалі ім словы падзякі за мірнае жыццё і павіншавалі з Днём Перамогі. Я ўпэўнена, што кожнаму з іх была прыемна такая ўвага.

Па словах Тамары Лейка, на тэрыторыі Красненскага сельсавета знаходзяцца пяць помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны і дзве брацкія магілы.

-Напярэдадні Дня Перамогі абавязкова праводзім касметычны рамонт помнікаў і добраўпарадкоўваем тэрыторыі вакол іх. Фінансавымі сродкамі дапамагае праўленне СВК “Маяк-Заполле”, – расказвае старшыня сельсавета. – Работнікі сельсавета, сельгаспрадпрыемства, мясцовыя жыхары ніколі не застаюцца ў баку ад вялікай справы захавання нашай агульнай гісторыі.

Марына КАЗЛОВІЧ, Аксана ЯНУШ
Фота аўтараў

Translate »