19.04.2024

Прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, ветэраны і моладзь, працоўныя дынастыі і сем’і Карэліччыны сабраліся разам, каб адзначыць Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Раздзяліць з імі гонар за родную краіну і выказаць удзячнасць за добрасумленную працу прыйшлі прадстаўнікі мясцовай улады. Усе разам накіраваліся да мемарыяльнага комплексу «Зорка» ў г.п. Карэлічы, дзе да падножжа помніка былі ўскладзены гірлянды і кветкі.

 

.

На мемарыяльным комплексе «Зорка» ўдзельнікі ўрачыстасці ўсклалі кветкі і вянкі да падножжа помніка.

Свята прадоўжылася на галоўнай плошчы райцэнтра. З прывітальным словам да яго ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў.

Паважаныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны!
Жыхары раёна!
Дарагія землякі і госці Карэліцкага краю!

Ад усёй душы віншуем вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Незалежнасць сучаснай Беларусі — гэта вынік той гераічнай Перамогі, святы летапіс ваеннай славы і працоўнага подзвігу нашых бацькоў і дзядоў. Гэтае свята — сімвал нацыянальнага яднання і агульнай адказнасці за будучыню нашай краіны.
Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Карэліцкі раён быў у руінах і папялішчах, усё гэта неабходна было адбудоўваць, а таксама будаваць новыя прадпрыемствы, жыллё, школы, культурныя і медыцынскія ўстановы. Паступова назіраўся рост пасяўной плошчы, павялічвалася колькасць жывёл. Непазнавальна змянілася аблічча нашых вёсак.
Поспехі перадавікоў сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, настаўнікаў, урачоў не засталіся незаўважанымі. Лепшыя з лепшых удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы:
Яфім Іванавіч Фаменка (узнагароджаны ў 1965 годзе);
Ева Раманаўна Карачан (узнагароджана ў 1958 годзе);
Аляксандр Міхайлавіч Мокат (узнагароджаны ў 1973 годзе);
Таццяна Рыгораўна Арда (узнагароджана ў 1966 годзе);
Вольга Лукінічна Калоша (узнагароджана ў 1965 годзе);
Надзея Сцяпанаўна Трускоўская (узнагароджана ў 1966 годзе);
Тамара Уладзіміраўна Чубрык (узнагароджана ў 1983 годзе);
Яўгенія Іосіфаўна Юшко (узнагароджана ў 1966 годзе).
Працаўнікі Карэліцкага раёна неаднаразова прымалі ўдзел у выставе ВДНГ: Тамара Уладзіміраўна Чубрык, аператар машыннага даення саўгаса «Карэлічы», цяперашні КСУП «Племзавод » Карэлічы», тройчы ўдзельнічала ў выставе, прывозячы адтуль залатыя і сярэбраныя медалі, дыпломы, каштоўныя падарункі і нават легкавы аўтамабіль. Яўгенія Іосіфаўна Юшко — звеннявая льнаводчага звяна калгаса «Перамога», цяпер СВК «Жухавічы», з’яўлялася пастаяннай удзельніцай выставы. Ёю былі заваяваны два сярэбраныя і два залатыя медалі.
Добрыя пачынанні, закладзеныя ў часы СССР, былі падтрыманы кіраўніком нашай дзяржавы. 30 гадоў у Рэспубліцы Беларусь праводзіцца міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра».
Працягваючы слаўныя традыцыі старэйшых пакаленняў, мы імкнёмся стваральнай працай унесці свій уклад ў развіццё і росквіт краіны:
Добрасумленная праца работнікаў СВК «Свіцязянка-2003» ацэньвалася на самым высокім узроўні. За дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця гаспадарка раёна пяць разоў заносілася на Рэспубліканскую дошку Гонару;
Развіваецца ААТ «Карэлічы-Лён», асноўным відам дзейнасці якога з’яўляецца першасная перапрацоўка лёну, вытворчасць доўгага і кароткага льновалакна.
Карэліцкі сыр «Адыгейскі» ўдастоены сярэбранага медаля 26-й Міжнароднай выставы-кірмашу «Прадэкспа – 2020»;
Старшыня СВК «Жухавічы» Дзмітрый Янкоўскі ўдастоены звання “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі”;
Педыятр установы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» Таццяна Рудзько  стала пераможцам конкурсу «Урач года-2020»;
Практыкам саломапляцення Веры Салдатавай і Святлане Гусаковай прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь;
Элементу «Беларускае мастацтва выцінанкі» г. п. Карэлічы нададзены статус гісторыка-культурнай спадчыны.
4 чэрвеня ў “Мінск-Арэне” адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Інтэрнэт–прэмія» ТІБО-2021″. Інтэрнэт-сайт установы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» ўдастоены дыплома другой ступені ў намінацыі «Здароўе і медыцына». Для ўдзелу ў конкурсе было даслана 502 заяўкі.
Мы ганарымся тым, што ў нас разумная і творчая моладзь, якая ўмее перамагаць у самых прэстыжных конкурсах і алімпіядах, спартыўных турнірах і спаборніцтвах. Узнагароды і перамогі нашых вучняў — у высокім майстэрстве і таленце нашых педагогаў.
Стэпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі сталі 10 выхаванцаў галіны культуры;
Карэліччанін Аляксей Алфёраў стаў пераможцам чэмпіянату Беларусі па боксе;
Арцём Орсіч, Яўген Булдык і Аляксей Ардзюк сталі чэмпіёнамі Першынства Рэспублікі Беларусь па боксе;
Адзінаццацікласнік сярэдняй школы №1, удзельнік рэспубліканскай алімпіяды, які заняў першае месца на абласной алімпіядзе па гісторыі, — Мікіта Ляўковіч.

Паважаныя ўдзельнікі свята!
Дзень Незалежнасці — гэта свята ўсіх, хто ганарыцца сваёй краінай, шануе яе гісторыю, хто сваёй працай і талентам уносіць штодзённы ўклад у росквіт роднай зямлі. У дасягненнях краіны ёсць часцінка працы кожнага з вас, дарагія землякі.
З пачуццём вялікай удзячнасці хачу звярнуцца да вас, працаўнікі Карэліцкага краю, да тых, хто шчыра і добрасумленна працуе на нашай благадатнай зямлі, вырошчвае хлеб, атрымлівае высокія ўраджаі, памнажае нацыянальнае багацце, самааддана працуе на ніве адукацыі і культуры, хто клапоціцца пра здароўе нашых людзей, стаіць на варце парадку і законнасці. Усім – велізарны чалавечы дзякуй.

Паважаныя ветэраны!
Мы прымаем ад вас эстафету любові да роднай зямлі, удзячнасці яе людзям, якія выстаялі, захавалі і развілі ўсё лепшае, чым багаты наш край. Здароўя, цяпла і ўвагі з боку родных і блізкіх вам людзей.
Дзень Незалежнасці — гэта сімвал нашага адзінства, велічы народа, пераемнасці пакаленняў, вернасці абавязку. Ён яшчэ раз нагадвае нам, што лёс Радзімы, яе сучаснасць і будучыня залежаць ад кожнага з нас.
Шмат зроблена і за кароткі гістарычны тэрмін незалежнага развіцця нашай краіны. Сёння Беларусь — астравок стабільнасці і бяспекі ў моры сацыяльнага і эканамічнага хаосу. Мы не далі ўцягнуць сябе ў канфлікты. Захавалі з усімі добрасуседскія адносіны.
У Беларусі заснавана дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства, якое будзе адзначацца 17 верасня. Гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, і назаўсёды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі.
Галоўнае цяпер — кансалідацыя ўсёй нацыі дзеля агульнай мэты: пабудовы моцнай і бяспечнай дзяржавы.
З Днём Незалежнасці вас, карэліччане!
Ад усёй душы жадаю дабрабыту і шчасця ў кожным доме, невычэрпнай энергіі і дабра, стабільнасці і поспехаў на карысць сваіх дзяцей, унукаў, роднай Рэспублікі Беларусь!

На плошчы 17 Верасня адбылося ўзнагароджанне лепшых прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна, працоўных дынастый.

Узнагароды ўручылі старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валерый Літвін.

На падставе інструкцыі аб абласной Дошцы гонару, зацверджанай рашэннем Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ад 5 красавіка 2016 года № 159, Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт вырашыў:
Занесці на абласную Дошку гонару па выніках 2020 года Янкоўскага Дзмітрыя Дзмітрыевіча – старшыню сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Жухавічы» з уручэннем яму пасведчання аб занясенні на Дошку гонару Гродзенскай вобласці.

На падставе рашэння Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ад 26 мая 2008 г. № 433 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб узнагародах і заахвочванні Карэліцкага райвыканкама» Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт ВЫРАШЫЎ:
За шматгадовую і добрасумленную працу, дасягненне высокіх паказчыкаў у працы ўзнагародзіць Ганаровай граматай Карэліцкага выканаўчага камітэта:
Бараноўскага Андрэя Аляксандравіча — галоўнага агранома сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Жухавічы»;
Кавалеўскага Аляксандра Уладзіміравіча — інжынера па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Свіцязянка-2003»;
Крэнь Аляксея Міхайлавіча — трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці камунальнага сельскагаспадарчага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Птушкафабрыка “Чырвонаармейская»;
Крэнь Марыю Пятроўну — кіраўніка народнага аматарскага аб’яднання «Закрытыя твары» аддзела культуры і вольнага часу «Ярэміцкі Дом культуры ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці»;
Курдуна Сяргея Мікалаевіча — трактарыста-машыніста сельскагаспадарчага вытворчастава камунальнага сельскагаспадарчага вытворчага прадпрыемства «Малюшычы»;
Лазарэвіч Алену Аляксандраўну — загадчыцу гандлёвага аб’екта адкрытага акцыянернага таварыства «Карэлічы-Лён»;
Лейко Ірыну Генадзьеўну — спецыяліста па камунальных разліках Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі;
Мураўскага Леаніда Аляксандравіча — вадзіцеля камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Племзавод Карэлічы»;
Папок Галіну Мікалаеўну — аператара машыннага даення камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства»Лукі-Агра»;
Роўдана Дзмітрыя Анатольевіча — майстра вытворчага ўчастка Карэліцкага раёна электрычных сетак філіяла «Лідскія электрычныя сеткі» Гродзенскага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электраэнергетыкі «Гроднаэнерга»;
Сака Сяргея Паўлавіча — жывёлавода фермы Вялікая Вобрына камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Царука»;
Саўко Вольгу Фёдараўну — урача агульнай практыкі (загадчыка) Жухавіцкай амбулаторыі лекара агульнай практыкі ўстановы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца»;
Сянкевіч Наталлю Аляксандраўну — кіраўніка племянной фермы камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Чарняхоўскі-Агра»;
Сянько Алену Іосіфаўну — загадчыцу дзяржаўнай установы «Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет»;
Тура Сяргея Іванавіча — дырэктара Мірскага філіяла адкрытага акцыянернага таварыства «Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод».

Падзячным пісьмом старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджваюцца:
Абадзінскі Аляксандр Паўлавіч — кіраўнік клуба ўсходніх адзінаборстваў па шатакан каратэ-до «Белы тыгр» дзяржаўнай установы «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці»;
Аляшкевіч Віктар Валер’евіч — вадзіцель аўтамабіля Карэліцкага раёна газазабеспячэння Лідскага вытворчага ўпраўлення вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гроднааблгаз»;
Варава Ірына Уладзіміраўна — аператар 1 перыяду жывёлагадоўчага комплекса Пясочная сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва»Жухавічы»;
Гайдыш Аляксандр Аляксандравіч — электрагазазваршчык камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Племзавод Карэлічы»;
Гладкі Сяргей Уладзіміравіч — трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Маяк-Заполле»;
Дубовік Мікалай Аляксандравіч — вадзіцель аўтамабіля адкрытага акцыянернага таварыства «Карэліцкая сельгастэхніка»;
Каўбаска Анатоль Сцяпанавіч — слесар-наладчык Карэліцкага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва;
Кірэева Алена Паўлаўна — прадавец магазіна аг. Турэц Карэліцкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства;
Коўжуць Канстанцін Анатольевіч — вадзіцель аўтамабіля дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №158 камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «Гроднааблдарбуд»;
Ляхава Алена Вячаславаўна — фельчар-лабарант (старшы) клініка-дыягнастычнай лабараторыі ўстановы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца»;
Пляскач Любоў Іванаўна — настаўнік фізікі ўстановы адукацыі «Ярэміцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа школа імя В. А. Калесніка»;
Сак Жанна Іосіфаўна — аператар машыннага даення сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Свіцязянка-2003»;
Шах Валянціна Збышкоаўна — швачка Карэліцкага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва;
Шымка Алена Аляксандраўна — упраўляючая малочна-таварнай фермы Быкавічы камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Царука»;

Добрыя навіны давялося пачуць падчас правядзення Дня Незалежнасці ў Карэлічах. Па-першае, на абласную Дошку Пашаны па выніках мінулага года занесены старшыня СВК «Жухавічы» Дзмітрый Янкоўскі. Па-другое, прызнаны пераможцам у спаборніцтве сярод гаспадарак па выніках вясенне-палявых работ СВК «Свяцязянка-2003», які дабіўся высокай культуры земляробства ў перыяд падрыхтоўкі глебы да сяўбы, выканаўшы сяўбу ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны і не дапусціўшы парушэнняў вырошчвання.

За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі раёна, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Ганаровай граматай Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў узнагароджваецца:
ДЗЁМУШКІН Іван Уладзіміравіч — педагог дадатковай адукацыі дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі «Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі».

За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі раёна, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Падзячным пісьмом Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў узнагароджваецца :
Вярбіцкая Святлана Іванаўна — намеснік дырэктара дзяржаўнай установы «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна».

За шматгадовую добрасумленную працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна Падзячным пісьмом Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў узнагароджваюцца ганаровыя ветэраны працы:
Анісімаў Анатолій Іванавіч;
ШЫШ Іван Мікалаевіч;
Янкоўскі Генадзій Дзмітрыевіч.

За заахвочванне спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, актыўны ўдзел у мастацка-творчых мерапрыемствах раёна Падзячным пісьмом Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў узнагароджваюцца:
КУЛАК Ангеліна Аляксееўна — навучэнка 2 класа тэатральнага аддзялення дзяржаўнай установы адукацыі «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў»;
ПАЧЫНЧЫК Станіслаў Вітальевіч — навучэнец 4 класа струннага народнага аддзялення (гітара) дзяржаўнай установы адукацыі «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў».

Як і належыць на свяце, працавала шмат пляцовак. Можна было набыць сувенірную прадукцыю ў майстроў-рамеснікаў. Вока радавалі падворкі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Знайсці сабе занятак па душы магла і дзетвара. Са сцэны гучалі цудоўныя песні ў выкананні работнікаў культуры. На стадыёне «Юнацтва» праводзіліся спартыўныя мерапрыемствы. Як высветлілася, на Карэліччыне ўмеюць не толькі працаваць, але і ладзіць святы.

 

Былі таксама ўшанованы ганаровыя ветэраны працы Анатолій Анісімаў, Іван Шыш, Генадзій Янкоўскі, а таксама таленавітая моладзь — Ангеліна Кулак і Станіслаў Пачынчык з Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў.

На падставе рашэння Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ад 21 чэрвеня 2021 г. № 365 «Аб правядзенні ў 2021 годзе спаборніцтваў сярод калектываў сельскагаспадарчых арганізацый Карэліцкага раёна» і разгледзеўшы прадстаўленыя ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта дакументы па выніках вяснова-палявых работ, Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт ВЫРАШЫЎ:
Прызнаць пераможцам у спаборніцтве сярод гаспадарак па выніках вяснова-палявых работ сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Свіцязянка-200З» (старшыня Галавач Уладзімір Арсенцьевіч, галоўны аграном Мяцеліца Аляксандр Аляксандравіч), які дасягнуў высокай культуры земляробства ў перыяд падрыхтоўкі глебы і сяўбы, які выканаў сяўбу ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, не дапусціў парушэнняў тэхналогій вырошчвання.
Узнагародзіць сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Свіцязянка-200З» Дыпломам Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта і грашовай прэміяй у памеры 30 базавых велічынь (870 рублёў).
Прызнаць пераможцамі сярод работнікаў масавых прафесій на вясенне-палявых работах механізатараў, якія дасягнулі найвышэйшых сезонных выпрацовак пры высокай ступені выканання тэхналагічных аперацый і ўзнагародзіць пераможцаў грашовымі прэміямі ў памеры 4 базавыя велічыні (116 рублёў) кожнага:
на ўнясенні мінеральных угнаенняў:
Жукоўскага Аляксандра Аляксандравіча — вадзіцеля сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «МАЯК-Заполле»;
на ўнясенні арганічных угнаенняў:
Штэйна Андрэя Мікалаевіча — трактарыста-машыніста камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Лукі-Агра»;
на падрыхтоўцы глебы:
Ерамецька Васілія Васільевіча — трактарыста-машыніста сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Жухавічы»;
на культывацыі глебы:
Жука Мікалая Аляксандравіча — трактарыста-машыніста камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Чарняхоўскі-Агра»;
на хімпраполцы:
Усцюжаніна Рамана Валер’евіча — трактарыста-машыніста сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Жухавічы»;
Мазура Мікалая Георгіевіча — трактарыста-машыніста сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «МАЯК-Заполле»;
Тананка Юрыя Мікалаевіча — трактарыста-машыніста камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Чарняхоўскі-Агра»;
на сяўбе збожжавых культур:
Волчак Аляксандра Аляксандравіча — трактарыста-машыніста камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Лукі-Агра»;
на сяўбе цукровых буракоў:
Карпейчыка Мікалая Мікалаевіча — трактарыста-машыніста сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Свіцязянка-2003».

Прыехалі раздзяліць радасць галоўнага свята краіны госці з горада-пабраціма Краснагорска: намеснік начальніка ўпраўлення культуры, турызму і маладзёжнай палітыкі Алу Бачкаеў і начальнік аддзела па справах моладзі і маладзёжнай палітыкі Яўген Раманаў. Госці ад імя краснагорцаў павіншавалі са святам і падзякавалі за цёплы прыём. «Мы даражым узаемаадносінамі паміж Краснагорскам і Карэлічамі, якія існуюць з 1992 года, і ніякія абставіны не паўплываюць на тое, каб іх спыніць. Чакаем з візітам у адказ», — сказалі краснагорцы.

Адзін з хвалюючых момантаў свята — ушаноўванне лепшых сем’яў і працоўных дынастый. Гэта сем’і Наталлі і Сяргея Ардзюк, Алены і Аляксандра Маклюк, Валянціны і Міхаіла Пляскач, Алега і Людмілы Федаровіч, Барыса і Валянціны Струк, Міхаіла і Марыны Бабко, Васілія і Тамары Ляўковіч. Павіншавалі працоўную дынастыю Тананка, чый агульны працоўны стаж у КСУП «Лукі-Агра» складае 132 гады. У працоўнай дынастыі Нарбутовічаў (ДП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская») — 155. У працоўнай дынастыі Нікалаеў-Савіцкі (Карэліцкі раён электрычных сетак) агульны працоўны стаж — 71 год.

Слова — удзельнікам свята

Алена МАКАР,

намеснік дырэктара КСУП «Чарняхоўскі-Агра» па ідэалагічнай рабоце:

— Для падворку выкарыстоўваем вышыванкі, ручнікі, дзяружкі, выцінанкі — усё гэта ад продкаў. Таксама і стравы народнай кухні: дранікі, каўбаса, шкваркі, бульба, паляндвіца, аладкі. Мы, як і належыць беларусам, будзем асабліва гасцінныя. Дзень Незалежнасці пацвярджэнне таму, што мы незалежныя, працавітыя, моцныя духам, жыццялюбівыя.

Да свята асабіста спякла торт «Табе, Беларусь» і пернікі «Са святам». Гэта мой падарунак землякам.

Юлія ДРАБ,

бухгалтар КСУП «Лукі-Агра»:

— Гэта спецыяльны домік з нашым лагатыпам. Мы хацелі паказаць, чым займаецца наша гаспадарка. Нядаўна нас злучылі з «Цырын-Агра», і мы хочам быць адзіным прадпрыемствам і дасягаць добрых вынікаў у працы. Сёння мы прывезлі вышыванкі нашых продкаў, разам з тым і дыпломы за прызавыя месцы ў абласных спаборніцтвах у галіне жывёлагадоўлі. Таксама прадстаўлена выстава мёду нашага лукскага гатунку, кожны жадаючы можа падысці, паспрабаваць, набыць дадзеную прадукцыю. Ёсць і фотагазета «Дзень за днём», у ёй прадстаўлены нашы работнікі, аб’екты пасля мадэрнізацыі, культурна-масавая дзейнасць. Усім жадаю мірнага неба, моцнага здороўя, дастатку сем’ям.

Ніна КРАСКОЎСКАЯ,

загадчык ЦРА №65 г.п. Карэлічы:

— Сёння мы святкуем галоўнае свята нашай краіны — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Гродзенскай РУП «Фармацыя» ёсць чым ганарыцца: 80 гадоў мы — з клопатам аб здароўі людзей. У раёне функцыянуюць 9 аптэк дзяржаўнай формы ўласнасці, паспяхова развіваемся, уводзяцца новыя віды паслуг, інтэрнэт-браніраванне тавараў, электронныя рэцэпты.

Мы, аптэчныя работнікі, прыйшлі разам парадавацца з усімі і ўладкавалі інтэрактыўную пляцоўку, цікавыя загадкі, вітаміны для актыўных удзельнікаў. Жадаю ўсім здароўя і мірнага неба.

Валянціна КОШУР,

старшыня раённага Савета ветэранаў:

— Дзень Незалежнасці — галоўнае свята нашай краіны. 77 гадоў жывём у незалежнай краіне пад мірным небам. Мы удзячны за Перамогу нашым бацькам і дзядам, якія аддалі свае жыцці за мір і спакой на зямлі. Сёння мы, ветэраны вайны і працы, прыйшлі на галоўнае свята нашай краіны. Мы — за мір, спакой, незалежнасць нашай краіны. Каб ніхто і ніколі не парушыў яе рубяжоў, каб на палях каласілася збажына, крыніцы былі напоўнены чыстай вадой, каб дзеці хадзілі ў школу, а ў ветэранаў была забяспечаная старасць. Шчасця і дабрабыту — кожнаму дому, здароўя і радасці — кожнай сям’і.

Таццяна КУПРАС,

кіраўнік аб’яднання па інтарэсах

Карэліцкага прафесійна-тэхнічнага будаўнічага ліцэя:

— Я прадстаўляю Карэліцкі прафесійна-тэхнічны будаўнічы ліцэй. Там вяду аб’яднанне па інтарэсах «Чароўная гліна». Сёння на свяце праводзілі майстар-клас па лепцы з гліны.

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь для мяне — вялікае свята. Карэліччане прыйшлі на яго прыбраныя і ў добрым настроі. Святы патрэбны нашай душы. Пажаданне маім землякам: «Няхай глядзяць на свет шчаслівымі вачыма!»

Кореличский РОЧС Стодольник Денис

Дзяніс СТАДОЛЬНІК,

начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях:

— Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — свята для ўсіх беларусаў. Для мяне асабіста гэта сямейнае свята. Не было б Дня Незалежнасці, не было і нас, і мірнай спакойнай, чыстай Карэліччыны. У мяне ёсць усё: праца, сям’я, жыллё, а самае галоўнае — 5-гадовы сын Уладзіслаў і 3-гадовая дачка Міраслава. Поруч з усім гэтым хачу адзначыць карэліччан. Гэта шчырыя і добразычлівыя людзі, з якімі бываю ў зносінах па службовых справах. На свята прыйшоў усёй сям’ёй, з жонкай Вольгай і дзецьмі. Упэўнены ў заўтрашнім дні і хачу сустракаць яшчэ не адно свята разам са сваімі ўнукамі і праўнікамі ў роднай Беларусі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ

Відэа Наталлі САКАЛЯНСКАЙ

Translate »