13.05.2024

А дзясятай гадзіне спяшаемся да цэнтральнага ўваходу галоўнай установы культуры райцэнтра. Тут вельмі ажыўлена, удзельнікі выставы-кірмаша выстаўляюць свае вырабы і рыхтуюцца да сустрэчы з наведвальнікамі. Майстар народнай творчасці Сяргей Упіравец з вёскі Лядкі апавядае аб тым, што з вялікім задавальненнем прыязджае на падобнага роду мерапрыемствы, бо пакупнікі ў захапленні ад яго рэчаў. Раней рабіў шкатулкі, а цяпер драўляны посуд, які разыходзіцца на «ўра»: салатніцы, ступкі для спецый, кубкі, міскі, талеркі. Да выставы падрыхтаваў яйкі з узорамі. «Не магу сядзець без работы, стараюся знайсці справу для рук, — адзначае майстар. — Удзельнічаю ў раённых і абласных мерапрыемствах, атрымліваю вялікае задавальненне і дабаўку да пенсіі».


Арганізатар выставы-кірмаша, загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў» Юлія Баярэнка адзначыла, што мэтай правядзення выставы-кірмаша з’яўляецца далучэнне насельніцтва да народных традыцый і святкавання Вербнай нядзелі і Вялікадня. З гэтай нагоды падрыхтавалі вербачкі з сухацветамі і штучнымі, а таксама сувеніры: велікодныя кампазіцыі, яйкі, карзіны і іншыя вырабы. Штогод іх стараюцца абнаўляць — і вырабы карыстаюцца попытам. Асабліва ахвотна купляюць вербачкі, якія сёлета каштуюць ад 3 рублёў 50 капеек да 4 рублёў.
Наведвальнікі выставы набываюць і іншыя сувеніры. Жыхарка сталіцы Лілія Ігнатовіч завітала на выставу выпадкова і ёй прыйшоўся даспадобы драўляны посуд. Яна набыла талеркі, зробленыя з дуба і акацыі, кубак з яблыні. «Буду з вялікім задавальненнем карыстацца посудам, які будзе нагадваць аб радзіме», — сказала пакупніца. Вочы яе свяціліся радасцю, і гэта невыпадкова: Вялікдзень нясе радасць і святло, і нашы сэрцы б’юцца часцей.

 

 

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА

Translate »