12.05.2024

У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры праведзены раённы семінар-нарада з удзелам органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання на тэму: «Аб узаемадзеянні органаў улады з насельніцтвам у рашэнні пытанняў жыццязабеспячэння грамадзян і развіцця тэрыторый».

Яго ўдзельнікі — старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, начальнікі (намеснікі начальнікаў) упраўленняў і аддзелаў райвыканкама, участковыя і пажарныя інспектары, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце сельскагаспадарчых арганізацый, адказныя за ідэалагічную работу прадпрыемстваў і арганізацый, старасты сельскіх населеных пунктаў, старшыні вулічных камітэтаў, кіраўнікі арганізацый і служб раёна.

Усе разам у цесным кантакце

Старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў у сваёй прамове сказаў аб тым, што Карэлічы паступова мяняюць сваё аблічча, наводзіцца парадак каля мемарыяльнага комплексу «Зорка» і на вуліцах райцэнтра. І гэта невыпадкова: гэты год — Год міру і стварэння. На месцах не патрэбна быць абыякавамі — усё рабіць дзеля міру на зямлі і стваральнай працы.

Кіраўнік раёна звярнуў увагу прысутных на дасягненне добрых вынікаў працы ў сельскай гаспадарцы раёна, адзначыўшы пры гэтым, што поспех у цэлым залежыць ад вартаўніка да кіраўніка гаспадаркі. У раёне падтрымліваюць моладзь і не забываюць пра дзяцей, для іх будуюць пляцоўкі, якія трэба зрабіць у кожным аграгарадку раёна.

Закрануўшы пытанне навядзення парадку на зямлі, Генадзій Шатуеў заклікаў працаваць з сельвыканкамамі і пажадаў усім плённай працы.

Галоўная задача — сумленная праца

У сваім выступленні старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў засяродзіў увагу на Пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народа і Нацыянальнага сходу і адзначыў, што яно ў гэты раз адрознівалася сваёй эмацыянальнасцю і значнасцю. У ім удзелена ўвага пытанням знешняй палітыкі. У 2020 годзе была сур’ёзная абстаноўка ў краіне, але сітуацыя вырашылася, многія задалі сабе пытанне: «Ці правільна я паступаў?»

— Наша галоўная задача — дакладна выконваць свае прафесійныя абавязкі на рабочых месцах, — адзначыў прадстаўнік мясцовай улады.

Сказаць п’янству: «Не!»

«Забеспячэнне грамадскай бяспекі, прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў» — тэма выступлення начальніка Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксея Гаўроша. Праваахоўнік закрануў шэраг важных пытанняў, і першае з іх тычылася злачынства з выкарыстаннем новых тэхналогій: «Трэба растлумачваць людзям, што ніводная арганізацыя не будзе тэлефанаваць чалавеку на вайбер, а гутаркі з махлярамі не трэба падтрымліваць». Яшчэ адна хвалюючая тэма — незаконны абарот наркотыкаў. Найбольш выклікаюць занепакоенасць моладзь і падлеткі, якія, згаджаючыся быць распаўсюджвальнікамі наркотыкаў, атрымліваюць вялікія тэрміны зняволення.

Шмат увагі Аляксей Гаўрош надаў праблеме п’янства. За тры месяцы бягучага года восем грамадзян накіраваны ў лячэбна-прафілактычныя прафілакторыі. «Некаторыя людзі адносяцца раўнадушна да выпівох, а пажадана было б спыніць іх на самым пачатку сяброўства з чаркай. За тыдзень 5-6 чалавек застаём на рабочых месцах у нецвярозым выглядзе, і гэтую праблему трэба вырашаць разам. Не трэба маўчаць пра скандалы ў сям’і —  гэта агульная праблема», — адзначыў начальнік РАУС.

Выконваючы абавязкі пракурора раёна Віктар Аўдакушын назваў прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў не пустым гукам. «Калі бачыце такія выпадкі, паведамляйце ў раённы аддзел унутраных спраў, каб прынялі адпаведныя меры. Калі ёсць дзеці ў сям’і, трэба рэагаваць імгненна. Узаемадзеянне суб’ектаў прафілактыкі — абмен інфармацыяй», —  адзначыў Віктар Васільевіч.

Не дапусціць пажараў

Намеснік начальніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Шуляк вёў размову аб забеспячэнні пажарнай бяспекі жылых дамоў, арганізацыі прафілактычных мерапрыемстваў у пажаранебяспечны перыяд. Не можа не хваляваць той факт, што большасць загінулых на пажарах знаходзіліся ў п’яным стане.

Мікалай Анатольевіч звярнуў увагу на іншыя пытанні: патрабаванні да пячнога ацяплення і правілы пажарнай бяспекі пры спальванні смецця на падворках. Заклікаў быць пры гэтым пільнымі і ўважлівымі, выконваць усе меры перасцярогі. Прыводзіў прыклады пажараў, калі выгарала цэлая вёска, дэманстраваліся кінастужкі. Каб не дапусціць пажараў, работнікі РАНС праводзяць растлумачальную работу сярод насельніцтва і выезды-рэйды ў домаўладанні грамадзян раёна.

«Гэта наша рэчаіснасць, — сказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. — Людзі выбралі сваё жыццё. Калі ж выратуем хоць аднаго чалавека, наша сумленне будзе чыстым».

Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан адзначыў, што органамі прафілактыкі праводзіцца пэўная работа ў дадзеным накірунку. Заклікаў быць нераўнадушнымі старшынь  сельсаветаў і ўчастковых інспектараў. Не трэба маўчаць, бо могуць пакутаваць зусім нявінныя людзі, трэба працаваць у гэтым накірунку разам.

Наводзім парадак разам

Актуальнай назваў камунальную тэму дырэктар Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мікалай Лукашкоў і паведаміў аб арганізацыі работы з жыхарамі населеных пунктаў па ліквідацыі камунальных адходаў, заключэнні дагавораў па аказанні паслуг па вывазе смецця.

На гэтую тэму звярнуў увагу старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў: «Тэхніка ідзе, і выносяць смецце ўсе: і хто плаціць за яго вываз, і хто не. Трэба плаціць усім, кожны павінен заключыць дагавор. Смецце ёсць ва ўсіх, і мы павінны быць зацікаўлены, каб быў наведзены парадак». Дарэчы, аплата за вываз смецця складае ў месяц 2 рублі 47 капеек.

Ведучы гаворку аб навядзенні належнага санітарнага парадку ў населеных пунктах раёна, намеснік галоўнага ўрача ДУ «Карэліцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Валянціна Бузюк адзначыла, што сельсаветы прынялі актыўны ўдзел у навядзенні парадку на зямлі. Праблемнымі пытаннямі прамоўца назвала навядзенне парадку на могілках, вываз смецця на аўтобусныя прыпынкі. Супрацоўнік райЦГЭ заклікала да растлумачальнай работы: старшыням сельсаветаў і старастам вёсак праводзіць гутаркі з насельніцтвам, а жыхарам населеных пунктаў заключаць дагаворы на вываз смецця.

У сваю чаргу Аляксандр Шкадаў адзначыў: «Могілкі — святое месца, і там павінен быць наведзены парадак. Смецце трэба насіць у адведзенае месца».

Стараста вёскі Горная Рута Ніна Суран выказала пажаданне, каб прадстаўнікі прыватных кампаній пасля сваёй працы па добраўпарадкаванні на могілках пакідалі належны парадак.

Стараста ў вёсцы і памочнік, і дарадца

Выступленне старасты вёсак Вялікая Мядзвядка і Малая Мядзвядка Мірскага сельсавета Вольгі Космач выклікала цікавасць ва ўдзельнікаў нарады. Прамоўца паведала аб ролі старасты вёскі, яе людзях, зробленых справах. Да прыкладу, кожную вясну і восень сумесна з жыхарамі Мядзвядкі наводзяць парадак на памятных месцах: могілках, каля помніка загінулым воінам, памятнага знака ў гонар Ігната Дамейкі. «Завяршыўся рамонт нашай царквы Узнясення Гасподняга. Дзякуючы зладжанай рабоце жыхароў вёскі, царква набыла новае жыццё», — адзначыла Вольга Уладзіміраўна.

Як стараста вёскі, яна прымае актыўны ўдзел у сельскіх сходах. Калі ёсць пытанні, якія не могуць вырашыць самі, звяртаецца да кіраўніцтва раёна, сельскага Савета з просьбай дапамагчы.

«Мы хочам жыць у мірнай краіне, камфортным асяроддзі, прыгожых пасёлках. Сёння сабраліся ўсе зацікаўленыя ў гэтай важнай справе. І калі будзем выконваць свае абавязкі добрасумленна і будзем нераўнадушнымі, то захаваем мір на зямлі і станем стваральнікамі даброт», — рэзюмаваў Аляксандр Шкадаў.

Граматамі адзначаны старасты вёсак: Вольга Космач (Вялікая Мядзвядка і Малая Мядзвядка Мірскага сельсавета), Галіна Аляшкевіч (Новае Сяло Ярэміцкага сельсавета), Лілія Троска (Кайшоўка, Валокі, Мокрава Цырынскага сельсавета).

Падчас правядзення семінара-нарады старшыні сельскіх Саветаў і старасты вёсак раёна наведалі выставачную залу Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Раённы Савет дэпутатаў сумесна з раённай бібліятэкай падрыхтавалі прэзентацыйны матэрыял пра лепшых стараст і сельскія Саветы раёна.

Напрыканцы мерапрыемства работнікі культуры падарылі яго ўдзельнікам цудоўныя мелодыі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ

Translate »