20.05.2024

Беларусы не толькі захоўваюць, але і развіваюць сваю гісторыка-культурную спадчыну, — лічыць старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў. — Гэта ж адзначыў і губернатар Калінінградскай вобласці Антон Аліханаў, які пабываў на экскурсіі ў Мірскім замку. Ён падкрэсліў: «Мы ўбачылі выдатны аб’ект, вельмі беражлівыя адносіны, педантычнае, скрупулёзнае аднаўленне ўсіх дэталяў. Вялікія малайцы тыя людзі, якія займаліся гэтым».

Наша гісторыя вельмі багатая сваёй нацыянальнай спадчынай. Нам удалося захаваць многія артэфакты — матэрыяльныя і нематэрыяльныя, некаторыя нават узнавіць з нуля. Гісторыка-культурныя каштоўнасці, а самае галоўнае — іх захаванне і жыццё — ужо больш за 20 гадоў на асаблівым кантролі дзяржавы і Прэзідэнта. Напрыклад, Мірскі замак, які за сваю 500-гадовую гісторыю неаднаразова разбураўся і, нібы птушка Фенікс, паўставаў з попелу, сёння з’яўляецца адным з брэндаў Рэспублікі Беларусь. У 2007 годзе, калі філіял Нацыянальнага мастацкага музея наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, за даволі кароткі тэрмін замак удалося змяніць, а свае дзверы ён урачыста адчыніў 16 снежня 2010 года.

Усяго за дзевяць гадоў замкавы комплекс «Мір» змог адпрацаваць палову ўкладзеных у яго грошай (52 млн долараў), што сведчыць аб правільна абраным вектары развіцця. На сённяшні дзень дзяржаўная датацыя складае ўсяго 25%, астатнія 75% музей зарабляе сам. У замку пастаянна праводзяцца неабходныя кансервацыйныя і рэстаўрацыйныя работы, падтрымліваецца тэрыторыя комплексу, з зайздроснай рэгулярнасцю папаўняюцца калекцыі. Напрыклад, нядаўна завершаны капітальны рамонт вадаскіднай дамбы і маста, а таксама будаўніцтва летняга кафэ коштам 1,2 млн рублёў. Завяршаецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на будаўніцтва італьянскага парку вакол замка. Чакаецца рамонт маста, які дазволіць стварыць кальцавую дарогу вакол замка і пусціць карэту з коньмі для катання турыстаў. Ёсць планы па адраджэнні палаца князёў Святаполк-Мірскіх, дзе размесціцца гасцініца. Кожны раз, сустракаючы айчынныя і замежныя дэлегацыі каля сцен Мірскага замка, сэрца перапаўняе пачуццё гонару за нашу краіну, яе гісторыю і працавіты народ.

Іна ЛЕЙКА

Translate »